З кожным годам тэрыторыя дзіцячага сада № 10 Лунінца ўсё больш ператвараецца, робіцца больш яркай, бяспечнай і ўтульнай. Гэтае месца напоўнена любоўю да прыроды і Радзімы. Усе работы па добраўпарадкаванні тут выконваюцца рукамі супрацоўнікаў. У дапамогу — выхаванцы і іх бацькі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнтаў «Настаўніцкай газеты».

Тэрыторыю ўпрыгожвае жывая агароджа і аркі з кустоў спірэі і дзявочага вінаграду. Высаджана алея са стройных туй. Расліны радуюць вока круглы год. Ранняй вясной зацвітаюць фарзіцыя, прымулы, нарцысы і цюльпаны. За імі распускаюцца касачы, мускары і барвенак. Летам сад напаўняецца водарамі сальвіі, колеуса, лілей, лаванды і гейхеры. Восенню на клумбах цвітуць хрызантэмы і аксаміткі. З вясны да глыбокай восені радуюць кветкамі бягоніі, хосты і лазаніца, а круглы год — бадан, туі Смарагд і Даніка, ядлоўцы.

— Кожны куток дзіцячага сада павінен быць не толькі функцыянальным, але і прывабным, — упэўнена загадчыца Людміла Жук. — Дзеці з цікавасцю разглядаюць, вывучаюць акуратныя газоны, кветкі, цяністыя дрэвы і кусты, назіраюць за дзейнасцю дарослых, па сілах дапамагаюць у добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі. І гэта іх маленькі ўклад у вялікую справу. Гэта развівае пачуццё адказнасці, любові да навакольнага свету і беражлівыя адносіны да яго, выхоўвае павагу да працы на зямлі. Так у выхаванцаў фарміруецца актыўная грамадзянская пазіцыя і жаданне ўдзельнічаць у жыцці свайго горада.
Работа па добраўпарадкаванні ў садзе кіпіць амаль круглы год. У лютым творчая група педагогаў у складзе загадчыцы, яе намеснікаў па гаспадарчай і асноўнай дзейнасці — Наталлі Соц і Надзеі Бандацкай — распрацоўвае план мерапрыемстваў па навядзенні парадку, схему азелянення тэрыторыі. Разам яны прыдумваюць ідэі, плануюць і забяспечваюць неабходнымі матэрыяламі для іх рэалізацыі. Ужо ранняй вясной пачынаецца падрыхтоўка: фарбуюцца бардзюры, беляцца дрэвы, рамантуецца гульнявое і спартыўнае абсталяванне, сеецца насенне на расаду. Далей фарміруюцца клумбы, рабаткі, ландшафтныя кампазіцыі і ўстанаўліваюцца дэкаратыўныя фігуры. Летам клопатаў не менш: паліў, рыхленне глебы, праполка, пакос, дэкаратыўная стрыжка кустоў.

Азеляненне і афармленне ландшафтных аб’ектаў — заўсёды сумесная творчасць дарослых і дзяцей. Карэспандэнты паназіралі за тым, як малыя разам з педагогамі высаджваюць лавандавую алею.
— А на цэнтральнай клумбе цяпер растуць мнагалетнія туі, ядлоўцы, спірэі, пузыраплоднік, — паведаміла Л. Жук. — Значнае месца тут занялі вярба казіная на штамбе і туя Смарагд голд. У выніку такой перапланіроўкі замест альпійскай горкі з аднагадовымі раслінамі з’явіўся новы ландшафтны аб’ект «Разнастайнасць фарбаў», які дазваляе выхаванцам знаёміцца з багаццем раслін па форме, колеры і відах.
Кветкі на тэрыторыі ўстановы высаджаны ў выглядзе розных кампазіцый, напрыклад паравозіка або арнаментаў. Любімым месцам для фатаграфій стаў арт-аб’ект «Я люблю дзіцячы сад» у выглядзе сэрца з кветак.
Усе дэкаратыўныя элементы і архітэктурныя формы, героі і персанажы, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю, сёлета былі адрэстаўраваны. Паблізу «Дзіўнага возера» з мосцікам заўважаем бусла, вадзяніка і жаб. На «Гаспадарчым дворыку» гуляюць свойскія птушкі і жывёлы, стаяць вулей, печ, млын і воз. Кампазіцыя «Карта Беларусі» прыцягвае рознакаляровымі кветкамі і фігуркамі дзяўчынкі і хлопчыка.
Гэтай вясной знешні выгляд змяніла «Зялёная аптэка», дзе растуць лекавыя расліны. Была зроблена малая архітэктурная форма з камянёў у выглядзе аптэчнага знака. У пачатку мая ўстаноўлены высокія градкі і так званы атэль для насякомых. Цяпер дзяўчынкі і хлопчыкі разам з педагогамі вырошчваюць агародніну і знаёмяцца са светам насякомых, іх роляй у экасістэме. На пляцоўцы па ПДР сёлета з’явіліся дарожныя знакі, быў уладкаваны аўтобусны прыпынак і нанесена дарожная разметка.

Дзіцячы сад актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскім конкурсе экалагічных праектаў «Зялёная школа» і ў абласным конкурсе па зборы макулатуры «Захавай дрэва — здай макулатуру». У рамках абласнога агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні «Цудоўней стане Брэстчына мая» ўстанова ў мінулым годзе была ўзнагароджана дыпломам I ступені на раённым этапе і дыпломам за актыўны ўдзел на абласным узроўні.
— Работа па навядзенні парадку мае свае цяжкасці. Часта пры неабходнасці даставіць пясок, прывезці ўрадлівы грунт, выраўняць тэрыторыю тэхнікай па дапамогу мы звяртаемся да нашых сацыяльных партнёраў — Лунінецкага ДРБУ і ЖКГ, — адзначае Л. Жук. — За апошнія два гады пры падтрымцы спонсараў і ўласнымі сіламі ўдалося замяніць зношанае асфальтавае пакрыццё дарожак, пакласці тратуарную плітку, зрабіць ценявы навес і арганізаваць стаянку для веласіпедаў. У развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы вялікую падтрымку аказвае бацькоўская грамадскасць (апякунскі савет). Чым мы заклапочаны зараз? Пэўна, набыццём сучаснага гульнявога і спартыўнага абсталявання для вулічных пляцовак. Работы па добраўпарадкаванні маюць такую асаблівасць: яны не могуць спыніцца. Актывізуюцца з прыходам вясны і працягваюцца цэлы год.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ўстановы








