Як вясковыя вучні з Вілейскага раёна заваёўваюць прызавыя месцы на спаборніцтвах па суднамадэльным спорце

- 9:02Главная, Новости

Тэхнічная дасведчанасць, уменне вызначаць дакладнасць руху па курсе і хадавыя якасці караблёў — гэтаму ўдзельнікаў гурткоў па суднамадэльным спорце вучыць настаўнік Чурлёнскай сярэдняй школы Вілейскага раёна Аляксей Роліч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Знаёмства з мадэлямі караблёў у педагога здарылася выпадкова, але гэтага было дастаткова, каб зразумець, што суднамадэльны спорт — той кірунак, які дапаможа заняць вясковых вучняў у пазаўрочны час.

Ужо больш як 20 гадоў Аляксей Роліч працуе ў Чурлёнскай сярэдняй школе настаўнікам абслуговай працы. Так здарылася, што ў 2009 г. у Цэнтры дадатковай творчасці дзяцей і моладзі педагогу прапанавалі дапамагчы патрэніраваць дзяцей да абласных спаборніцтваў па суднамадэльным спорце — побач з аграгарадком Лыцкавічы, дзе знаходзіцца Чурлёнская сярэдняя школа, многа вадаёмаў. Назіраючы за тым, з якім захапленнем дзеці рыхтуюцца да турніру, А. Роліч вырашыў, што трэба арганізаваць адпаведны гурток у сваёй школе. Сёння іх ужо два — «Суднамадэляванне» і «Брыганціна».

— У абодвух працую з дзецьмі на павышаным узроўні, — расказвае настаўнік. — Я самастойна распрацаваў праграму заняткаў, якая зацверджана Міністэрствам адукацыі.

Педагог падкрэслівае: каб дасягнуць поспехаў у суднамадэльным спорце, яму трэба ўдзяляць многа часу, таму вучні займаюцца нават дома.

Першапачаткова для будаўніцтва выбіралі самыя простыя мадэлі. Каб пачаць над імі працу, Аляксей Мікалаевіч раздрукоўваў на прынтары спецыяльныя выкрайкі, якія станавіліся асновай для будучых мадэлей караблёў. Адказваючы на пытанне, якая эпоха больш цікавіць і настаўніка, і яго вучняў, А. Роліч сказаў, што часцей звяртаецца да савецкіх караблёў ваеннага і пасляваеннага часу.

— Дзеці разумеюць, якія дэталі і для чаго прымяняюцца, як з імі працаваць, таму з задавальненнем бяруцца за работу, — працягвае настаўнік. — Мадэлі караблёў павінны ў дакладнасці адпавядаць сваім арыгіналам, толькі, зразумела, яны атрымліваюцца ў паменшаным маштабе.

Ацэнка караблям даецца з улікам таго, наколькі копія супадае з арыгіналам па ўсіх паказчыках, пачынаючы ад каляровай гамы і заканчваючы самымі дробнымі дэталямі.

— Пачаткоўцам даручаю рабіць простыя мадэлі з паперы, якія не патрабуюць многа часу, — зазначае А. Роліч. — Дэталі ў такіх караблёў буйныя. Самае галоўнае — зацікавіць дзіця канструяваннем. Калі гэта здарылася і з папяровымі суднамі ўсё атрымліваецца, пачынаем звяртацца да  іншых матэрыялаў, сярод іх і шклотканіна, якая потым пакрываецца эпаксіднай смалой.

Каб зрабіць корпус карабля, трэба падрыхтаваць матрыцу у майстэрні педагога іх некалькі, і менавіта яны бяруцца за аснову будучых паруснікаў.

На пытанне, колькі часу трэба, каб падрыхтавацца да конкурсу, настаўнік задумваецца:

— За адны заняткі можна зрабіць корпус, астатняе патрабуе намнога больш намаганняў. Але мы не баімся складанасцей, таму што ведаем, якім добрым павінен атрымацца выраб. І гэта натхняе школьнікаў.

Не так даўно на абласных спаборніцтвах па суднамадэльным спорце на адкрытай вадзе ў межах XXIII спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту «ТэхнаСпорт» навучэнцы А. Роліча заваявалі шэраг медалёў. Сярод пераможцаў — Арцём Анціпаў, Глеб Татарэвіч, Кіра Казанцава, Ілья Харашэй, Дзмітрый Ганчар, Дзмітрый Тараповіч, Арцём Барташэвіч. У класе мадэлей «Спрынжар» (футбол на вадзе) каманда Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у якую ўваходзяць Арцём Анціпаў, Ягор Кулінковіч і Дзмітрый Тараповіч, стала абсалютнай пераможцай.

Наталля САХНО
Фота аўтара