Як выгадаваць пераможцу конкурсу «Настаўнік года»: рэцэпты падрыхтоўкі абмеркавалі кіраўнікі ўстаноў адукацыі

- 11:08Актуально, Учитель года — 2026

У Рагачове праходзіў рэспубліканскі семінар “Кіраўніцкія аспекты суправаджэння ўдзельнікаў прафесійных конкурсаў: ад выяўлення патэнцыялу да выніку”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Яго ўдзельнікамі сталі 74 кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прарэктары і работнікі Гомельскага, Мінскага, Магілёўскага абласных інстытутаў развіцця адукацыі, члены савета Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі, клуба “Крыштальны журавель”, а таксама запрошаныя дырэктары з усіх рэгіёнаў рэспублікі і ўстаноў адукацыі Рагачоўскага раёна.

У Рагачоўскім раённым выканаўчым камітэце адбыўся круглы стол, у якім анлайн прыняў удзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Аляксандр Уладзіміравіч звярнуўся да ўдзельнікаў семінара з прывітальным словам і адказаў на пытанні кіраўнікоў.

Ужо 11 гадоў у структуры Беларускага педагагічнага таварыства існуе Асацыяцыя кіраўнікоў, галоўная мэта дзейнасці якой фарміраванне і развіццё прафесійных кампетэнцый сучаснага кіраўніка. За гэтыя гады асацыяцыя даказала сваю эфектыўнасць, яе члены прымаюць актыўны ўдзел у вырашэнні актуальных пытанняў адукацыі, у тым ліку па заданні Міністэрства адукацыі. І гэты семінар, дзе ў цэнтры ўвагі — аспекты кіравання прафесійным развіццём педагогаў сродкамі конкурснага руху, гэта пацвярджае, — адзначыў намеснік міністра.

Пытанні суправаджэння ўдзельнікаў конкурсу цяпер вельмі актуальныя, бо на працягу 2025—2026 гадоў праходзіць чарговы рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

У сувязі з гэтым вопыт, акумуляваны ў клубе “Крыштальны журавель”, набывае асаблівую значнасць. Сакрэтамі тэхналогіі поспеху падзяліўся Іван Якіменка, старшыня клуба, настаўнік-метадыст Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна.

— Конкурс прафесійнага майстэрства — выдатная пляцоўка для прафесійнага скачка. За непрацяглы час можна дасягнуць вельмі высокіх вяршынь, таму важна смела ісці да пастаўленай мэты. І каб не збіцца з вызначанага шляху, варта мець падтрымку каманды, якая пачынае фарміравацца ў навучальнай установе, дзе працуе канкурсант, — заўважыў Іван Віктаравіч.

Галоўнымі спікерамі рэспубліканскага семінара сталі пераможца апошняга конкурсу Сяргей Шамінскі, а таксама яго калегі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Рагачоўшчыны, удзельнікі і лаўрэаты розных этапаў конкурсу.

Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Алена Клачкова, поспех настаўнікаў раёна на конкурсе прафесійнага майстэрства стаў магчымы дзякуючы сістэмнай, удумлівай падрыхтоўцы, стварэнню патрэбнага асяроддзя.

Асноўнай пляцоўкай для правядзення семінара стала сярэдняя школа № 5 Рагачова імя 120-й гвардзейскай стралковай Рагачоўскай Чырванасцяжнай дывізіі. У гэтай установе да конкурсу “Настаўнік года” падрыхтавалі не аднаго педагога. Дырэктар школы Наталля Зарэцкая падзялілася асноўнымі складнікамі паспяховай падрыхтоўкі. Прынамсі, кожнаму таленавітаму педагогу патрэбна асяроддзе для праяўлення сваіх магчымасцей.

Тут жа была праведзена серыя майстар-класаў і міні-ўрокаў, дзе залаты фонд педагогаў Рагачоўшчыны падзяліўся сваімі навыкамі і ўменнямі, якія дапамаглі ім стаць паспяховымі на конкурсе прафесійнага майстэрства. 

Падрабязны рэпартаж з рэспубліканскага семінара “Кіраўніцкія аспекты суправаджэння ўдзельнікаў прафесійных конкурсаў: ад выяўлення патэнцыялу да выніку” чытайце ў найбліжэйшым дадатку “Школа кіравання”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара