Для настаўніцы нямецкай мовы Скараднянскай сярэдняй школы Наталлі Яцухна, настаўніцы пачатковых класаў гэтай жа ўстановы Ганны Яцухна і настаўніцы пачатковых класаў Валаўскай сярэдняй школы Крысціны Шаціла цяперашняя ўборачная кампанія далёка не першая. У разгар жніва раніцай на мехдвары КСУП “Скараднянскі” карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” сустрэлася з педагогамі, каб распытаць пра ўсе тонкасці іх работы за межамі школьных кабінетаў.

Прыкладаючы намаганні
З 2013 года Наталля Яцухна працуе педагогам, а з 2018-га — дапамагае мужу-камбайнеру Віктару, падзяляючы з ім нялёгкую, але ўдзячную справу. Іх добрая раніца пачынаецца каля шасці гадзін з кубка кавы, а ў восем яны ўжо на базе: атрымліваюць пуцявыя лісты і рыхтуюцца да выезду ў поле.
Наталля Уладзіміраўна адразу дзеліцца добрай навіной: сёлета яны з мужам атрымалі новы камбайн. Разглядаючы “ластаўку”, педагог гаворыць, што працаваць цяпер значна лягчэй і камфортней дзякуючы клімат-кантролю.
— Аднак за машынай трэба ўважліва сачыць, — адзначае Наталля Уладзіміраўна. — Збожжаўборачная тэхніка павінна быць гатова да выезду, а яе чысціню неабходна падтрымліваць на працягу ўсяго дня. Пераязджаючы з поля на поле, трэба правяраць рэшата.
У штодзённыя абавязкі памочніка камбайнера ўваходзяць таксама тэхнічнае абслугоўванне. На ранейшай машыне яна актыўна дапамагала ў рамонце.
Надвор’е — галоўны фактар, які ўплывае на працягласць працоўнага дня. Добра, калі ён доўжыцца 10—11 гадзін, а пры пагаршэнні пагодных умоў уборка можа скончыцца да 18.00—19.00.
— Дажджы нікому не падабаюцца, хочацца хутчэй убраць ураджай і дапамагчы аграрыям, каб сёлета мы былі з хлебам, — падкрэслівае педагог. — Надвор’е можа падвесці, але мы не падвядзём! З нецярпеннем чакаем
каманду галоўнага агранома: “У бой!”, што азначае, што мы можам выязджаць у поле і пачаць малаціць збожжа. Пасля гэтага ўбіраецца салома, якая ідзе на посцілку жывёлам.
У Гомельскай вобласці больш за 60 сямейных падрадаў задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі.
Сямейная дынастыя Яцухна — прыклад сапраўднай згуртаванасці і любові да роднага краю. Наталля прыгадвае, што раней водпускі ў яе і мужа не супадалі, таму дзяліць адзін камбайн на дваіх у полі стала для іх адзінай магчымасцю праводзіць разам цэлы дзень, ды і ўсё лета. Агульныя мэты і клопат аб будучыні дапамагаюць ім пераадольваць любыя цяжкасці.

Падчас работы сям’я любуецца беларускай прыродай. Буслоў, якія пастаянна прылятаюць, назвалі птушынымі аграномамі, яны дапамагаюць змагацца з грызунамі і змеямі. Педагог шчыра дзеліцца такімі момантамі, падкрэсліваючы прыгажосць і ўнікальнасць роднага краю:
— Можна бясконца глядзець на жняярку, любавацца, як збожжа паступае ў бункер: яно нібы льецца. У гэтыя моманты мяне перапаўняе гордасць за тое, што я ўдзельнічаю ва ўборачнай кампаніі і магу служыць прыкладам для сваіх навучэнцаў, якія часта бачаць мяне ў кабіне камбайна і з радасцю махаюць мне ўслед.
Спадзяюся дапамагчы вучням вызначыцца з выбарам будучай прафесіі, накіраваўшы іх у тую сферу, дзе яны змогуць адчуваць сябе ўпэўнена і камфортна. Краіне неабходны спецыялісты сельскагаспадарчай галіны. Цешыць, што традыцыйна ў перыяд летніх канікул школьнікі аказваюць пасільную дапамогу сельскагаспадарчым арганізацыям нашага раёна, працуючы на зернетаку. Падлеткаў, якія вырашаюць такім чынам распараджацца сваім вольным часам, з кожным годам усё больш. Школьнікі гатовы працаваць. Да таго ж за сваю працу яны атрымаюць грашовую ўзнагароду.
Місія выканальная!
У летні сезон, калі палі Ельскага раёна пакрываюцца залацістымі хвалямі спелага збожжа, у работу ўключаюцца не толькі вопытныя аграрыі, але і маладыя памочнікі, сярод якіх настаўніца пачатковых класаў Ганна Яцухна.
— Я і сваім другакласнікам абавязкова раскажу аб важнасці працы на зямлі, каб яны па-сапраўднаму шанавалі людзей, якія кормяць краіну. Нават самыя маленькія павінны разумець, што хлеб — вынік вялікай працы, а не проста тавар на паліцах гіпермаркета, — дзеліцца Ганна Юр’еўна.
Педагог працуе разам з братам-камбайнерам Максімам Яцухнам.
— У якасці памочніка на палях Ельскага раёна я з 2017 года, — расказвае педагог. — За гэты час з братам мы змянілі 3 камбайны і ўжо трэці сезон працуем на новым. З кожным годам станаўлюся ўсё больш упэўненай у сваіх навыках.

Умовы надвор’я сёлета ўнеслі карэктывы: амаль трое сутак ліў дождж без перапынку, але ўсё роўна ўборка ўраджаю арганізавана на высокім узроўні. І нягледзячы на напружаны графік і стомленасць, праца ў полі прыносіць радасць і пачуццё гордасці.
— Пасля позняга вяртання з поля дадому застаецца мала часу на адпачынак і сон, таму асабліва цяжка ўставаць раніцай. Аднак мэта атрымаць добры ўраджай надае дадатковую матывацыю, — прызнаецца настаўніца. — Усе мы разумеем, як важна своечасова ўбраць і захаваць вырашчаны ўраджай. Таму і працуем з асаблівым настроем, стараннасцю і адказнасцю: гэта наш уклад у агульны каравай.
Рамантыка залатых каласоў
Сёлета Крысціна Шаціла зноў пакінула на час утульную сельскую ўстанову адукацыі і прыступіла да працы на палях роднага раёна. Ужо шосты сезон яна дапамагае бацьку Мікалаю Ляўкоўскаму кіраваць сучасным камбайнам, збіраючы ўраджай і асвойваючы спецыфіку сельскагаспадарчай тэхнікі. Аднак гэтая ўборачная кампанія застанецца ў памяці спецыяліста як знамянальная падзея, бо паклала пачатак новай сямейнай гісторыі. З будучым мужам Ігарам Крысціна пазнаёмілася ў КСУП “Скараднянскі”, а гэтым летам, у асяроддзі родных і блізкіх, яны абмяняліся пярсцёнкамі на ўрачыстай цырымоніі. Гісторыя Крысціны і Ігара — яшчэ адзін доказ таго, што каханне можа знайсці цябе там, дзе менш за ўсё чакаеш, нават сярод залатых каласоў.

З субяседніцай працягваем размову каля камбайна. Настаўніца адзначае, што падчас уборачнай дарагі не толькі кожны пагодны дзень, але і кожная хвіліна.
— Працуецца добра, як і заўсёды, — дадае яна. — Часам бываюць невялікія цяжкасці з-за капрызаў нябеснай канцылярыі, але ў цэлым усё выдатна. Мае трэцякласнікі кожны дзень бачаць мяне ў кабіне вялікай машыны. Для дзяцей спецыяльна здымаю відэа, раблю фота, каб потым прадэманстраваць ім працэс уборкі збожжа. Упэўнена, што ў верасні вучні, асабліва хлопчыкі, засыплюць мяне сваімі пытаннямі.
Крысціна Мікалаеўна наглядна дэманструе, што ўваходзіць у яе абавязкі. Яна выдатна разбіраецца ў эксплуатацыі сельскагаспадарчай тэхнікі.
— Работа на камбайне — гэта не толькі кіраванне гіганцкай машынай, але і клопат аб яе стане, — акцэнтуе ўвагу педагог. — Мой бацька працуе ў КСУП “Скараднянскі” 22 гады, ён мяне ўсяму навучыў, і я стараюся з веданнем справы дапамагаць яму ва ўсім. Кожны сезон ставім перад сабой мэту — стаць тысячнікамі раёна. Практычна тата першы на Ельшчыне дасягае гэтай мэты.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





