Пра адукацыйныя традыцыі, летнюю аздараўленчую кампанію і вынікі цэнтралізаванага экзамену карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама Таццяна Каравацкая.
— Таццяна Леанідаўна, як у Любанскім раёне прайшлі выпускныя вечары?
— Сёння ў Любанскім раёне 174 выпускнікі. Для ўсіх іх было арганізавана свята на гарадской плошчы. Дарэчы, традыцыі збіраць адзінаццацікласнікаў школ горада і раёна разам, каб яны развіталіся са школай, ужо многа гадоў. І мы яе беражом.
Штогод навучэнцы, якія заканчваюць школу з залатым медалём, рыхтуюць выступленне на сцэне, падчас якога расказваюць пра сябе, пра свае дасягненні ў вучобе. Сёлета на сцэну падымаліся 14 хлопцаў і дзяўчат. Гледзячы на іх, мы разумеем, што такая арганізацыя выпускных вечароў будзе практыкавацца ў нашым раёне доўга.
— Якімі яшчэ традыцыямі ганарыцца сістэма адукацыі раёна?
— 1 чэрвеня мы праводзім раённы тэатральны фестываль для дашкалят. Да свята дзеткі з усіх садоў горада і раёна рыхтуюць нумары, з якімі выступаюць на сцэне. Нягледзячы на тое, што дашкольны ўзрост цяжкі для ўспрымання пэўнай інфармацыі, малышы з задавальненнем удзельнічаюць у свяце. Яны стараюцца, вучаць вершы і ставяць спектаклі. Каб арганізаваць фестываль, нам не трэба нікому пра яго нагадваць: ва ўстановах дашкольнай адукацыі рыхтуюцца да яго на працягу навучальнага года.
Акрамя гэтага, сярод дашкольнікаў мы праводзім аднадзённыя турыстычныя злёты. Звычайна такую арганізацыю вольнага часу практыкуюць у сярэднім школьным узросце, аднак асновам турыстычнай дзейнасці вучым нашых дзетак з малых гадоў. Дарэчы, два гады назад для ўдзелу ў турыстычным злёце мы запрашалі сваіх суседзяў са Старадарожскага раёна. Ім вельмі спадабалася ідэя сумесных мерапрыемстваў, таму дамовіліся, што абавязкова яшчэ раз збяромся разам.
Такія сустрэчы праводзім у Цэнтры дзіцячай творчасці або на базе аздараўленчага лагера “Арэса”. Нягледзячы на тое, што злёт праводзіцца на працягу аднаго дня, гэтага дастаткова, каб дашкаляты атрымалі ўяўленне пра арганізацыю турызму. Увогуле, штогод стараемся ўводзіць у сістэму адукацыі нешта новае, каб гэта было цікава і навучэнцам, і педагогам.
— Як вашы выпускнікі здалі ЦЭ? Ці ўсе задаволены атрыманымі баламі?
— Нам пашанцавала: мы першыя ў краіне здавалі пробны ЦЭ, які праводзіўся яшчэ восенню ў Любанскім дзяржаўным каледжы. І атрымалася так, што нашы дзеці здавалі пробны экзамен два разы. Што тычыцца выбару прадметаў для здачы, то 110 выпускнікоў аддалі перавагу рускай мове, астатнія — беларускай. На другім ЦЭ першай па папулярнасці была матэматыка, затым — біялогія, грамадазнаўства, гісторыя Беларусі і г.д.
Балы, якія выпускнікі атрымалі, чаканыя. Дзякуючы пробным этапам, дзеці бачылі, што іх чакае, і разумелі, якія тэмы трэба падвучыць, каб вынікі ЦЭ не расчаравалі.
— Як у раёне арганізавана аздараўленчая кампанія?
— У Любанскім раёне ёсць адзін стацыянарны лагер “Арэса” на 135 месцаў. Задоўга да пачатку аздараўленчай кампаніі пуцёўкі ў яго ўжо былі раскуплены. І гэта нядзіўна: лагер знаходзіцца ў маляўнічым месцы, у ім створаны ўсе ўмовы для аздараўлення і адпачынку дзяцей. Акрамя гэтага, у школах будуць працаваць дзённыя аздараўленчыя лагеры.
— Таццяна Леанідаўна, ці ёсць у вас планы на наступны год?
— Безумоўна, у нас ужо ёсць планы і задумы на наступны навучальны год, але над імі пачнём працаваць крыху пазней. Летам плануем заняцца рэалізацыяй адукацыйных праектаў у сферы дашкольнай адукацыі.
Да таго ж у Год гістарычнай памяці мы пачалі рэалізацыю праекта “Мой край, мой лёс, мая Айчына”. Да яго падышлі вельмі сур’ёзна, распрацавалі 5 падпраектаў. Усе школы раёна прымалі ў ім удзел, а па выніках мы выдалі зборнік “Любаншчына вачыма дзяцей”. Рэалізацыя праектаў прадоўжыцца.
Наталля САХНО