Ярка і чароўна: калектыў Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці штогод стварае казку для дзяцей і дарослых

- 14:21Главная, Новости

Адметная традыцыя склалася ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці — напярэдадні навагодніх свят тут ладзяць чароўныя тэатральныя пастаноўкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сваімі спектаклямі стараемся падарыць дарослым і дзецям крыху цудаў, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Кулікова.

За два дзесяцігоддзі ў МАЦТ рабілі пастаноўкі па многіх папулярных творах. На сцэне ажывалі казкі “Марозка”, “Спячая прыгажуня”, “Папялушка”, “Снежная каралева”, “Канёк-гарбунок”. Сёлета выбар спынілі на рускім фальклоры.

— За аснову ўзялі казку “Лятучы карабель”. Хацелася пака­заць гледачам сілу кахання і веры ў мару, як добрыя ўчынкі дапамагаюць рабіць гэты свет прыгажэйшым, — патлумачыла Ірына Аляксандраўна.

Пакідаючы нязменным сюжэт, калектыў дадае ў казкі сучасныя матывы і расстаўляе ўласныя акцэнты.

— У казку “Лятучы карабель” дабавілі трох маленькіх харызматычных мышанят. У гэтых шумных, вясёлых персанажах нашы галоўныя гледачы — школьнікі — пазнаюць сябе. А яшчэ мышаняты паказваюць важнасць адзінства, узаемадапамогі і падтрымкі. Сярод новых герояў — сава, якая сімвалізуе мудрасць. Вядома, на сцэне з’яўляюцца і Дзед Мароз са Снягуркай. Класічных персанажаў асучаснілі. Такі падыход дае дзецям магчымасць больш дакладна зразумець сэнс народных твораў, — паведаміла культарганізатар памочнік рэжысёра Карына Благадатная.

Ад узнікнення да ўвасаб­лення ідэі спатрэбілася некалькі месяцаў. У гэты час складаўся сцэнарый, ішла карпатлівая работа па падрыхтоўцы касцюмаў і дэкарацый.

— Спачатку рабілі чарцяжы, а потым рэалізоўвалі задумы. Прадумвалі самыя дробныя дэталі. У выніку ўдалося зрабіць на сцэне трохвымерную прастору, якая зачароўвае і здзіўляе. Перад гледачамі паўстае і царскі палац, і прыгожы зімовы лес, і церам Дзеда Мароза. Нават лятучы карабель мы змаглі пабудаваць. Уважліва паставіліся да асвятлення, тэхнічных элементаў, арт-аб’ектаў, каб стварыць маляўнічы казачны свет, — падзялілася мастак-дэкаратар Наталля Дзёшына.

Дбайна рыхтаваліся і артысты. У спектаклі — звыш 300 чалавек. Гэта ўдзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага тэатра-студыі “Вясёлка”, тэатра ігры і юных вядучых “Бім-Бом”, харэаграфічнага ансамб­ля “Крынічка”, спартыўнай секцыі па в’ет во даа, калектыву сучаснай харэаграфіі “Мроя”, а таксама педагогі.

— Не ўпершыню задзейнічана ў нашых спектаклях. Імкнулася паказаць Забаву не проста капрызнай, распешчанай царскай дачкой, але і рамантычнай натурай, якая хоча звычайнага чалавечага шчасця. Праз сваю гераіню спрабую данесці, што не ўсё ў жыцці можна набыць за матэрыяльныя сродкі, — расказала педагог дадатковай адукацыі Ксенія Царова.

У якасці акцёра выступае і культарганізатар Віктар Шаўчук. На яго рахунку ўжо звыш 20 пастановак.

— Увасабляў пераважна станоўчых герояў. Цяпер дасталася роля Палкана — цікавы вопыт. Праз акцёрскую ігру трэба было наглядна паказаць дзецям такія адмоўныя рысы характару, як сквапнасць, прагнасць, хі­трасць. Адлюстраваць гэта дапамаглі песні, — заўважыў суразмоўнік.

Дарэчы, Віктар Шаўчук напісаў тэксты для шэрага вакальных кампазіцый спекталя. Сцэнарысты захавалі два шлягеры з мультфільма. Астатнія песні — аўтарскія. Прычым словы суправаджаюцца мелодыямі з музычных хітоў.

Агульная заўзятасць і старанная падрыхтоўка дазволілі калектыву МАЦТ стварыць сапраўдны мюзікл. Прыгоды Івана, Забавы і іншых каларытных персанажаў пераносяць маленькіх гледачоў у казачную атмасферу. Паказ праходзіць на адным дыханні. Хлопчыкі і дзяўчынкі засяроджана назіраюць за героямі, суперажываюць ім, радуюцца, што ў фінале гісторыя заканчваецца добра.

У нас атрымаўся павучальны спектакль пра тое, што здзейсніць мару, дасягнуць мэты можна з дапамогай настойлівасці, упартасці і плённай працы, — падкрэсліла Ірына Кулікова.

Усяго ва ўстанове адыграюць 50 спектакляў, якія ўбачаць каля 30 тысяч школьнікаў. Некалькі пастановак будуць дабрачыннымі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара