У Салігорску завяршаецца будаўніцтва сярэдняй школы № 15, якая 1 верасня адчыніць дзверы для дзяцей з новага мікрараёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Узвядзенне новай школы — гэта заканамерны крок. Па словах начальніка ўпраўлення па адукацыі Салігорскага райвыканкама Ігара Цыбулькі, горад хутка расце, а ў новым раёне, які працягвае развівацца, устаноў адукацыі паблізу няма. Каб на ўласныя вочы ўбачыць, як вядуцца будаўнічыя работы, журналісты разам з начальнікам упраўлення выехалі на аб’ект. Яго ўнікальнасць у тым, што ён узводзіцца са зборных жалезабетонных канструкцый. Дзякуючы такой тэхналогіі, тэрміны будаўніцтва значна скарачаюцца.

“Школ па такім праекце ў краіне дагэтуль не было, — адзначае Ігар Цыбулька. — Новая ўстанова будуецца з энергаэфектыўных панэлей. З улікам гэтага яна і праектавалася. Перавага панэлей у тым, што калі нам, умоўна кажучы, трэба будзе пасадзіць за парты яшчэ 300 навучэнцаў, то зможам з лёгкасцю гэта зрабіць, дабудаваўшы новы блок. Працуе так званы метад канструктара. Магутнасць установы адукацыі — 930 навучэнцаў. Сёння ў школу № 15 пададзена больш як 500 заяў”.
Каркас будынка складаецца з двух вучэбных блокаў. Першы ўключае тры аб’яднаныя корпусы, у адным з якіх размяшчаецца галоўны ўваход у школу. Да яго прымацоўваецца другі блок — спартыўны. У ім будуць знаходзіцца басейн, дзве спартыўныя і трэнажорная залы.
У школе ўжо ўстаноўлены ўсе вокны, зроблены дах, пракладзены інжынерныя сеткі. Засталося выканаць унутраныя апрацоўчыя работы, але і з гэтым у хуткім часе спецыялісты справяцца.

Для таго каб усё паспець, на будаўнічай пляцоўцы працуюць больш як 200 чалавек пад наглядам намесніка генеральнага дырэктара па будаўніцтве Салігорскага ДБК Віталя Лешчанкі.
“Узвядзенне школы з буйнапанэльных жалезабетонных канструкцый патрабуе значна менш працазатрат, чым пры выкарыстанні замест гэтага матэрыялу цэглы альбо блокаў”, — падкрэслівае Віталь Лешчанка.
Скараціць час будаўніцтва (работы вядуцца з красавіка мінулага года) дазволіў пілотны праект, па якім працуе генеральны падрадчык. Гэта дапамагае сэканоміць і грашовыя сродкі, прычым якасць збудавання высокая. Дарэчы, менавіта Салігорскі ДБК вырабіў больш як 80% пліт, якія складаюць аснову будынка, і ўжо працуе над новай для сябе прадукцыяй.
“Мы не займаліся пустотнымі плітамі — перакрыццямі, але сёння ёсць такая магчымасць, а значыць, усе віды жалезабетонных канструкцый будзем вырабляць у сябе на заводзе”, — дадае намеснік генеральнага дырэктара.
Калі цэнтральная пляцоўка школы яшчэ ў працэсе стварэння, то тэрыторыя для заняткаў спортам ужо гатова. Сучаснае футбольнае поле, варкаўт-пляцоўка і пляцоўкі для гульні ў тэніс, баскетбол і валейбол, бегавая дарожка чакаюць юных спартсменаў.
У Салігорскім раённым цэнтры турызму і краязнаўства, а таксама ў Крывіцкім дзіцячым садзе вядуцца капітальныя рамонты, а ў Краснадворскай сярэдняй школе рамантуецца стадыён. У астатніх установах выконваецца той неабходны аб’ём работ, які вызначаны камісіямі.
Новая школа, як і многія ўстановы адукацыі Салігорска, у жніўні будзе прымаць на работу выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей каледжаў і УВА. Сёлета раён чакае 160 маладых спецыялістаў. Тут, як і ў многіх іншых рэгіёнах, не хапае выкладчыкаў фізікі і матэматыкі.

“Летась была патрэба ў настаўніках пачатковых класаў, — прыгадвае начальнік упраўлення па адукацыі. — Гэта было звязана з тым, што вельмі многа дзяцей ішло ў 1-я класы, але мы вырашылі гэтую праблему. Што тычыцца падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, то, акрамя будаўніцтва новай школы, у Салігорскім раённым цэнтры турызму і краязнаўства, а таксама ў Крывіцкім дзіцячым садзе вядуцца капітальныя рамонты, а ў Краснадворскай сярэдняй школе рамантуецца стадыён. У астатніх установах выконваецца той неабходны аб’ём работ, які вызначаны камісіямі”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





