У Мінску прайшоў Рэспубліканскі баль выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.
Удзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства сталі больш за 200 паспяховых і ўжо дыпламаваных спецыялістаў з усіх рэгіёнаў краіны.
У выставачным цэнтры БелЭкспа сабраліся самыя таленавітыя і эрудзіраваныя, актыўныя і ініцыятыўныя экс-студэнты 49 устаноў вышэйшай адукацыі. Для кожнага з іх запрашэнне на Рэспубліканскі баль — нагода ганарыцца сабой і яшчэ адно пацвярджэнне таго, што не дарма стараліся і вучыліся на выдатна.
— Для мяне такое запрашэнне — вельмі нечаканае, хоць і неверагодна прыемнае, і паказчык таго, што я прайшла ўніверсітэцкі шлях дастойна, — сказала выпускніца факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка Марыя Чэчко. — Гэты баль для мяне будзе асаблівым і сапраўды застанецца ў маім сэрцы назаўсёды, стаўшы фінальнай і запамінальнай падзеяй у маім студэнцкім жыцці.
Пабываць на Рэспубліканскім балі вельмі ганарова і для выпускніка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Уладзіміра Аруцюняна. Без яго выступленняў не абыходзілася амаль ніводнае ўніверсітэцкае мерапрыемства. Ён лаўрэат многіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных вакальных конкурсаў, двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і аўтар песень, у тым ліку і гімна Беларускага саюза ваенных маракоў.
— Ва ўніверсітэце я прымаў удзел ва ўсім, у чым толькі мог: у творчай і навуковай дзейнасці, пісаў артыкулы, спяваў і складаў песні. Вучыцца ў БДПУ было вельмі цікава, разам з аднакурснікамі мы ўдзельнічалі ў максімальнай колькасці актыўнасцей, конкурсаў і мерапрыемстваў. Сёння я ўдзячны ўсім нашым выкладчыкам. Веды, набытыя ў педагагічным універсітэце, мне спатрэбяцца не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і ў сямейным жыцці і выхаванні маіх будучых дзяцей, — перакананы юнак.
Для Марыі таксама гады вучобы ў БДПУ сталі адной з самых яркіх старонак жыцця:
— Гэта было не проста студэнцкае жыццё, а час, калі я пражывала своеасаблівую гісторыю і стварала свой уласны свет. Менавіта ва ўніверсітэце мяне заўважылі і раскрылі як асобу. Я змагла атрымаць не толькі вялікі багаж ведаў і практычны вопыт, але і рэалізаваць свае мары, выступаючы з 1 курса на вялікай сцэне і ў шматлікіх конкурсах, удзельнічаючы ў разнастайных праектах, навукова-даследчай дзейнасці і спартыўным жыцці ўніверсітэта.
Сённяшнія выпускнікі ўступаюць у новы жыццёвы этап — самастойны і адказны, на якім ім яшчэ больш спатрэбяцца настойлівасць і мэтанакіраванасць, праяўленыя ў час вучобы. Безумоўна, раскрыць сябе і свае таленты ім дапамаглі педагогі, таму і ўзгадваюць яны іх выключна з удзячнасцю.
— Школа для мяне стала чароўным месцам. Але, мабыць, не ўсе да канца ўсведамляюць, што стварае гэтае чараўніцтва для нас, вучняў, не адна пара добрых рук настаўнікаў. Мой творчы і прафесійны шлях пачаўся менавіта ў школе, дзе прыкладам для пераймання была Аксана Віктараўна Казакевіч — дырэктар сталічнай сярэдняй школы № 133. Менавіта яна — узор настаўнікаў, якія не проста любяць сваю працу, а жывуць ёй і аддаюць усё самае лепшае дзецям. Калі ж я паступіла ва ўніверсітэт, то і ўявіць не магла, што маім галоўным настаўнікам стане дэкан майго факультэта Вера Васільеўна Мартынава. Яна дапамагла ў прафесійным станаўленні, і я зразумела, наколькі моцна мне падабаецца будучая прафесія і што на плечы педагога кладзецца найвялікшая адказнасць за выхаванне і станаўленне вучняў, — прызналася М.Чэчко.
У гэтым годзе арганізатары вырашылі надаць выпускному вечару асаблівае гучанне і прысвяцілі яго беларускай гісторыі і культуры.
Для маладых спецыялістаў у нашай краіне створаны ўсе ўмовы для прафесійнага росту, далейшай адукацыі, творчага і прафесійнага станаўлення. Уладзімір прадоўжыць вучобу ў магістратуры і аспірантуры БДПУ, а Марыя пакуль трымае ў сакрэце сваё першае працоўнае месца, але дакладна звяжа сваё жыццё з педагогікай. Увогуле, перад сённяшнімі выпускнікамі адкрыты ўсе дарогі, і можна не сумнявацца, яны выберуць правільную.
— Наперадзе яшчэ доўгі шлях. Адкрыта мноства талентаў, яшчэ столькі ж трэба раскрыць. Я люблю жыццё і радуюся яму! Напаўняю яго цікавымі падзеямі і людзьмі. Люблю дапамагаць людзям і рабіць добрыя справы. Калі дзякуючы маім дзеянням і намаганням чалавек стане больш шчаслівым, то гэта ашчаслівіць і мяне, натхніць на новыя добрыя справы, — прызналася дзяўчына.
А яшчэ баль — гэта добрая магчымасць паказаць свае ўборы. Бо падрыхтоўка і выбар элегантнага касцюма, прыгожай сукенкі і прычоскі занялі нямала часу. І ўсё гэта, каб выглядаць на ўсе сто на памятным фота.
— Падрыхтоўка да балю — гэта заўсёды вельмі трапяткі і доўгі працэс. Самае складанае — выбраць прыгожы ўбор і прадумаць свой вобраз да дробязей. Такі шанс выпадае адзін раз у жыцці, і хочацца ў такі дзень выглядаць максімальна на 100%. У нас праходзілі арганізацыйныя зборы і рэпетыцыі, дзе мы змаглі пазнаёміцца з выпускнікамі — удзельнікамі балю, пагаварыць і пажадаць адно аднаму ўдачы на апошніх экзаменах, — расказала М.Чэчко.
Але галоўнае на гэтым урачыстым мерапрыемстве ўсё ж такі эмоцыі, якія выпускнікі запомняць на ўсё жыццё. Прагучала мноства пажаданняў, у тым ліку і ад нашых герояў:
— Стаўце мэты і ідзіце да іх ажыццяўлення, нягледзячы ні на што. Будзьце здаровымі і паспяховымі! — пажадаў Уладзімір, а Марыя дадала:
— Жывіце сэрцам і ідзіце толькі наперад, пакараючы ўсё новыя вяршыні! Верце ў сябе, любіце сваю справу і атрымлівайце максімальнае задавальненне ад таго, што робіце. Развівайцеся, натхняйцеся і проста будзьце такімі, якія вы ёсць — сапраўднымі. Удачы і толькі веры ў светлую будучыню!
Ну што ж, няхай усё здзейсніцца!
Вольга АНТОНЕНКАВА.





