Ідэю стварэння раённага музея сістэмы адукацыі выношвалі шмат гадоў. Рэалізаваць яе ўдалося дзякуючы праведзенай арганізацыйнай рабоце начальніка аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Алены Клачковай. Ідэйным натхняльнікам стаў Аляксандр Лейкін, які дапамог на многія рэчы паглядзець скрозь прызму часу. Здзейсніць задуманае дапамагла каманда аднадумцаў — ад ветэранаў галіны да яе сённяшніх прадстаўнікоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як толькі пераступаеш парог музея, які прапісаўся ў будынку Рагачоўскага раённага ЦТДіМ, адразу адчуваеш, што ўсё тут зроблена з душой. Галоўная ідэя музея — прадставіць багатыя традыцыі, вехі гісторыі сістэмы адукацыі Рагачоўшчыны, перадавы педагагічны вопыт. Усё гэта спрыяе павышэнню прэстыжу настаўніцкай прафесіі. Аляксандр Лейкін з задавальненнем на пэўны час становіцца гідам у мінулае, знаёміць з сабраным багатым матэрыялам пра гісторыю развіцця адукацыі рэгіёна, падбірае ключы ад стэндаў, у якіх прадстаўлены арыгіналы дакументаў, паказвае ўзоры школьнай мэблі, дошак, а таксама форму адзення школьнікаў.
У гістарычным музеі захоўваюцца каштоўныя матэрыялы і экспанаты, якія ў храналагічнай паслядоўнасці расказваюць аб сістэме адукацыі.
— Сёння старанна працуем над тым, каб прадставіць тых настаўнікаў, якія ўслаўлялі і ўслаўляюць Рагачоўшчыну, — падкрэсліў Аляксандр Самуілавіч. — У ліку заслужаных настаўнікаў Беларусі — 24 педагогі. Вядома, што першы заслужаны настаўнік БССР — наш чалавек, настаўнік Журавіцкай сярэдняй школы Яўгеній Васільевіч Астроўскі. Легендарны чалавек і Аляксандр Гаўрылавіч Цікуноў, ён двойчы атрымаў званне “Заслужаны настаўнік БССР”.

У музеі асобнае месца адведзена прэзентам ганаровых гасцей. У дзень адкрыцця і пераразання чырвонай стужкі старшыня Рагачоўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Ганковіч падарыла калекцыю званочкаў. Праз год яшчэ адзін значны падарунак зрабілі дашкольныя ўстановы. Яны папоўнілі экспазіцыю калекцыяй узораў школьнай формы, і цяпер на ляльках прадстаўлена элегантнае адзенне розных гадоў для хлопчыкаў і дзяўчынак.
…Аглядаю экспазіцыю далей і бачу на стэндах фатаграфіі людзей, якія прыклалі нямала сіл для стварэння гэтай цудоўнай прасторы. Тут жа — спецыяльны прыз Рагачоўскага райвыканкама “За духоўнае адраджэнне малой радзімы”.

Самы цікавы куток, які не пакідае абыякавым ніводнае дзіця, дэманструе, як вучылі ў царкоўна-прыходскіх школах у канцы ХІХ стагоддзя. Кожны можа паспрабаваць нешта напісаць на воску, які выкарыстоўваўся як аснова драўлянай кнігі. Пакуль выводзіла літары на воску, зразумела, што рабіць гэта намнога цяжэй у параўнанні з сучаснымі сродкамі для пісьма.
Разважаючы аб карысці музейнай прасторы, разам з краязнаўцам рухаемся ад адной лакацыі да другой. На вочы трапляецца адзін з новых экспанатаў — стэнд, які паведамляе пра тое, што ў гады Першай сусветнай вайны тылавы Рагачоў прыняў вялікую колькасць бежанцаў — больш за 700 тысяч, у тым ліку дзяцей, навучэнцаў устаноў адукацыі заходніх губерняў Расійскай імперыі.
Спецыяльныя рубрыкатары не даюць разгубіцца ў прадстаўленай інфармацыі. Напрыклад, “Штрыхі эпохі” дазваляюць даведацца, што адбывалася ў сістэме адукацыі Беларусі ў цэлым, “Дзень за днём” — пра падзеі ў сістэме раённай адукацыі, “Толькі лічбы” расказваюць у лічбах пра стан адукацыі таго часу. Уражвае колькасць школ: да пачатку 1957/1958 навучальнага года ў Рагачоўскім раёне працавалі 99 школ, з іх 55 — сярэдніх, 27 — сямігадовых з 10 739 навучэнцамі, дзейнічалі тры вячэрнія школы рабочай моладзі і столькі ж — сельскай моладзі.
Прадстаўлены ў музеі і перыядычны друк з 1945 года, пераважна тыя матэрыялы, у якіх ідзе гаворка пра сферу адукацыі. Сярод іх сапраўдная журналісцкая знаходка — другі нумар “Настаўніцкай газеты” ад 27 снежня 1945 года.

— На сёння налічваецца больш за 612 экспанатаў асноўнага фонду, — адзначыў Аляксандр Самуілавіч. — Да ўсіх прадметаў ставімся сур’ёзна, хацелася б арыгіналы экспанатаў перадаць у дзяржаўную сістэму захоўвання. Растлумачу чаму: з часам вельмі шмат інфармацыі, якая раней змяшчалася ў школьных музеях, асабліва ў сельскай мясцовасці, на жаль, не захавалася альбо бясследна знікла. Таму бачыцца лагічным імкненне зберагчы тое, што ўжо набыта.
Углядаючыся ў чарговы стэнд, Аляксандр Лейкін прапаноўвае звярнуць увагу на самы дарагі сэрцу і вельмі значны экспанат — табель паспяховасці першакласніка 2-й рагачоўскай школы 1945 года: пяцёркі па прадметах красуюцца на пажоўклым лістку паперы. І тут жа экскурсавод дадаў:
— Несумненна, яшчэ адна мая вялікая гордасць — атэстат аб заканчэнні Рагачоўскага вышэйшага пачатковага вучылішча 1917 года. Ён быў куплены на аўкцыёне ў Расіі. Па суседстве з атэстатам захоўваюцца дарэвалюцыйны падручнік гісторыі, зборнік малітоўных нядзельных песень прыкладна 1906—1907 гадоў.
Апошняя наша знаходка — партрэт Дзмітрыя Антонавіча Сцяпуры, беларускага педагога, асветніка, грамадскага дзеяча, першага дырэктара Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, заснавальніка Мінскага педагагічнага інстытута (1914 год). А знайшлі яго на выпускной фатаграфіі Мінскага педвучылішча 1926 года. Таксама ведаем першага арганізатара дзяржаўнай сістэмы школьнай адукацыі на Рагачоўшчыне, першага наглядчыка Рагачоўскага павятовага вучылішча — у 1810 годзе ім стаў Герасім Мартынавіч Кутневіч.

Педагогі з задавальненнем перадаюць у фонды музея ўзнагароды, якія існавалі ў розныя часы. Тут ёсць грамата Міністэрства адукацыі, датаваная 1958 годам, уладальніцай якой стала заслужаны настаўнік БССР Ніна Усевіч, канспекты ўрокаў 1960-х гадоў, канспект наведвання заняткаў завучамі.
У цэнтры памяшкання адчуваецца энергія пераможцы рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года — 2023” Сяргея Шамінскага. Тут дэманструюцца рэчы з таго самага конкурсу, сцэнарый выступлення. Побач — прадметы, якія нагадваюць аб падпісанні дакумента аб супрацоўніцтве паміж Доўскай сярэдняй школай Рагачоўскага раёна і сярэдняй школай Чэнсян Чэнду КНР.
— Спадзяюся, што ў хуткім часе кожны, хто сюды прыйдзе, зможа нешта новае даведацца пра родную школу ці ўспомніць сваіх настаўнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё адукацыі. Наперадзе вялікая задача — зрабіць 16 фільмаў па кожным стэндзе, якія дапамогуць дзецям і дарослым дакрануцца да сферы адукацыі мінулага і сучаснасці, — падсумаваў суразмоўнік.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





