“Задачы па матэматыцы мог рашыць любы адукаваны чалавек”

- 13:34Тэсцiраванне
Вось і скончылася цэнтралізаванае тэсцiраванне 2013 года. Грамадскасць (зразумела, не толькі педагагічная) на ўсю моц абмяркоўвае яго вынікі. Пры гэтым бурныя дэбаты закранаюць два аспекты апублікаваных РIКВ вынікаў: даволi высокі працэнт тых, хто не змог пераступіць мінімальны парог балаў, і рэкорд за ўсе гады па колькасці тых, хто атрымаў 100 балаў за тэст. Выкажу і сваё меркаванне на гэты конт.
Тым, хто рыхтаваўся, задачы былі знаёмыя

Спачатку хацеў бы пахваліць складальнікаў і асобных задач па матэматыцы, і цалкам тэстаў, якія прапанаваліся на ЦТ. Адзначу i вось які факт: упершыню за апошнія гады варыянты былі аналагічныя III этапу рэпетыцыйнага тэсціравання не толькі па тэмах, але нават па тыпах прапанаваных задач ЦТ (для images(сайт)мяне гэта было прыемнай нечаканасцю). Гэта дазволіла тым навучэнцам, якія сур’ёзна падыходзілі да падрыхтоўкі да тэстаў, камфортна і ўпэўнена сябе адчуваць на выпрабаванні. Думаю, што многія з іх пасля атрымання варыянтаў былi рады, што ўжо не адзін раз рашалi падобныя задачы.
Нядзіўна для мяне, што сёлета 100 балаў па матэматыцы набралі аж 146 абітурыентаў (супраць 46 летась). Аднак падкрэслю, што, з майго пункта гледжання, розніца ў падрыхтоўцы навучэнцаў, якія атрымалі ад 90 да 100 балаў, — мінімальная. Проста камусьці ў гэты дзень крыху не пашанцавала або, напрыклад, ён дапусціў крыўдную памылку ў вылічэннях.

Навошта шкадаваць тых, хто не хацеў вучыцца?

Што тычыцца гора-абітурыентаў, якія не змаглі рашыць нават 4-5 задач з 30 прапанаваных, то я не стаў бы “пасыпаць галаву попелам”. Задачы сёлета ў тэстах былі стандартныя і рашалiся любым адукаваным чалавекам. Нават тым, хто скончыў школу некалькі гадоў назад. Аднак не сакрэт, што на ЦТ некаторыя абiтурыенты здольны здаць бланкі адказаў адразу пасля раздачы экзаменацыйных матэрыялаў, а яшчэ праз 20—30 хвiлiн у некаторых аўдыторыях застаецца не больш за палову ўсіх, хто прыйшоў на тэсціраванне. Навошта тады здзіўляцца нізкім балам тых, хто так здаваў тэст, ці вінаваціць школьных настаўнікаў у гэтым? Калі ў чалавека няма матывацыі, ён і не думаў рыхтавацца да аднаго з найважнейшых выпрабаванняў у сваім жыцці, то, на мой погляд, не варта шкадаваць, што сёлета ён не зможа паступаць ва ўніверсітэт. А пры любых іншых формах правядзення ўступных іспытаў такія людзi, магчыма, маглі б “праскочыць”, а потым толькі марна займаць месцы ў студэнцкіх аўдыторыях. Не веру, што ў іх з’явілася б цяга да ведаў і стараннасць!

Мінімальны парог — толькі для бюджэтнікаў!

У мяне ёсць толькі адна прапанова, якую я неаднаразова агучваў: лічу, што мінімальны парог на ЦТ варта ўвесці толькі для тых абітурыентаў, хто прэтэндуе на бюджэтныя месцы. Калі ж чалавек гатовы плаціць за сваю адукацыю, і нейкая ўстанова вышэйшай адукацыі гатова паспрабаваць яго навучыць, то немэтазгодна забараняць яму вучыцца. Дзяржаве гэта выгадна з усіх бакоў! Іншая справа, што калі як студэнт ён не зможа “выцягнуць” вучобу, то адлічваць яго трэба без шкадаванняў.
Адзначу, што ў тэстах РIКВ увесь час сустракаюцца задачы, якія прывязаны да рэалій сучаснага жыцця (сёлета на ЦТ — пра расход паліва аўтамабіля, а на РТ — пра аплату паслуг мабільнай сувязі). Наўрад цi знойдуцца тыя, хто сур’ёзна скажа, што гэтыя задачы могуць рашыць толькі людзі з матэматычным складам розуму. Такія задачы павінна ўмець рашаць (або хоць бы падбіраць да іх адказ з прапанаваных у тэсце) большасць насельніцтва. Нават калі задача не рэшана, то можна выкарыстоўваць метады, апісаныя, напрыклад, у кнізе “Сакрэты ЦТ. 10 правераных спосабаў адгадаць дакладны адказ”. Гэтыя падыходы, у прыватнасці, дазваляюць адсеяць вiдавочна памылковыя і абсурдныя адказы ў заданнях часткі А.

Хто не набярэ абітурыентаў — зробіць высновы

Што да магчымых недабораў, то ўпэўнены, што ні механіка-матэматычны факультэт нашага Белдзяржуніверсітэта, ні іншыя прэстыжныя факультэты БДУ недахопу ў жадаючых вучыцца не адчуюць. Гэта ж тычыцца і іншых вядучых універсітэтаў краіны (БДЭУ, БДУIР, БНТУ і г.д.). А тыя навучальныя ўстановы, якія адчуюць праблемы, зробяць высновы. Бо канкурэнцыя на рынку адукацыйных паслуг — ужо рэальнасць!

Сяргей БАРВЕНАЎ,
дацэнт механіка-матэматычнага факультэта БДУ.