Завітаць у бібліятэчнае кафэ і пакаштаваць кніжны джэм запрашае загадчыца школьнай бібліятэкі з Ляхавіч Ірына Рымша

- 9:05Главная, Школьный библиотекарь

Ужо 30 гадоў загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Ірына Рымша кожную раніцу спяшаецца на любімую работу, якая прыносіць радасць ад узаемаадносін з дзецьмі і педагогамі, ад дыялогу з кнігай, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У школе кожны дзень не падобны на папярэдні. Я пастаянна вучуся чамусьці новаму і гэтыя веды імкнуся прымя­няць на практыцы, — заўважае Ірына Рымша. — Любоў да кнігі, да роднага слова прывіла мне мама, настаўніца рускай мовы і літаратуры. З маленства яна чытала мне казкі К.Чукоўскага, А.Пушкіна, Х.-К.Андэрсена.

Дома ў Ірыны была багатая сямейная бібліятэка, і дзяўчына з дзяцінства марыла стаць бібліятэкарам. Яе мара ажыццявілася: пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага каледжа малады спецыяліст прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 1, дзе яе прыняў дружны і згуртаваны калектыў. Як прызнаецца Ірына Ільінічна, аб выбранай прафесіі ніколькі не шкадуе. На працягу апошніх 15 гадоў яна яшчэ кіруе аб’яднаннем школьных бібліятэкараў раёна.

— Сёння кніга не з’яўляецца адзінай крыніцай інфармацыі. Чытанне кніг для навучэнцаў, на жаль, перастала быць прыем­ным адпачынкам. Рэаль­насць такая, што сучасныя дзеці перш за ўсё спажыўцы камп’ютарных прадуктаў, асобы, арыентаваныя на ўспрыманне віртуальнай карцінкі. Таму наша задача — у стагоддзе інфармацыйных тэхналогій знайсці правільныя падыходы да раскрыцця каштоўнасці кнігі, яе прыгажосці, — адзначае І.Рымша.

Бібліятэкар згодна з В.Сухамлінскім, што “чытанне — адзін са спосабаў мыслення і разумовага развіцця”, бо вучыць разважаць, думаць, гаварыць.

— Калі навучымся чытаць — навучымся мысліць, навучымся мысліць — станем паспяховымі ў навучанні і ў жыцці, — пераканана Ірына Ільінічна. — Прыярытэтам лічу далучэнне навучэнцаў да чытання і ўсю работу імкнуся падпарадкаваць гэтай мэце: раскрыць каштоўнасць кнігі.  Далучаючы дзіця да чытання, бібліятэка не толькі адкрывае шлях да адной з важных крыніц інфармацыі, яна робіць значна больш важную справу: абараняе яго душу, падсілкоўвае розум і сэрца, пабуджае да самаўсведамлення, садзейнічае творчай самарэалізацыі асобы і яе жыццястойкасці, у якіх бы складаных сітуацыях яна ні апынулася.

Каб выхаваць актыўнага чытача, неабходна развіваць у дзіцяці пазнавальную цікавасць. Гэта дасягаецца шляхам правя­дзення ўрокаў інфармацыйнай культуры, шматлікіх мерапрыемстваў. Увагу да кнігі найперш прыцягвае выстава, яскравая, з прыгожай назвай. Выставы, якія ладзіць І.Рымша, разнастайныя па форме і змесце. У чытальнай зале бібліятэкі ёсць як пастаянна дзеючыя выставы (“Метадычная скарбонка” (для педагогаў), краязнаўчая выстава “Наш ляхавіцкі край”, “Каляндар” (прысвечана паэтам і пісьменнікам-юбі­лярам), так і зменныя: выстава-крыжаванка “Вясёлая краіна М.Но­сава”, выстава-знаёмства “У дзівоснай краіне В.Біянкі”, выстава-юбілей “Песняры зямлі беларускай”, прысвечаныя юбілею Якуба Коласа і Янкі Купалы. Ствараюцца кніжныя інсталяцыі “Юны чытач”, “Кніжная елачка”. Выставы кніг Ірына Ільінічна рыхтуе таксама і да прадметных тыдняў, якія праводзяцца ў школе. Звычайна яны размяшчаюцца ў рэк­рэацыях школы.

Для стымулявання чытацкай актыўнас­ці дзяцей афармлялася выстава-памяць “Подзвіг герояў — у сэрцах пакаленняў” (да Дня Перамогі), выстава-заклік “Ведай свае правы, памятай пра абавязкі!” (да Міжнароднага дня абароны правоў дзіцяці), выстава-боль “Злая зорка Чарнобыля”, выстава-віншаванне “Мама — слова дарагое” і інш. Выстава-сюрпрыз “Почитай то, не знаю что…” прыцягнула асаблівую ўвагу школьнікаў тым, што прадстаўленыя на ёй кнігі былі абгорнуты ў паперу і чытач не ведаў, якая гэта кніга.

У бібліятэцы дзейнічае літаратурнае кафэ “Кнігаежка”, дзе чытачам прапаноўваецца меню з кніжных страў. Усе стравы-кнігі вельмі цікавыя, яны размясціліся на разгорнутай кніжнай выставе. У меню прадстаўлены сэндвіч “Прыгодніцкі” (кнігі пра прыгоды), халаднік “Па-беларуску” (кнігі беларускіх аўтараў), чызкейк “Казачны” (казкі), фрэш “Паэтычны” (вершы).

— Нездарма мы адкрылі бібліятэчнае кафэ, — расказвае Ірына Ільінічна. — Бо кніга — гэта таксама ежа для розуму і душы. Кожная кніга можа стаць па-сапраўднаму смачнай, калі, чытаючы яе, вы атрымліваеце асалоду. А вось кніжны джэм — не малінавы, не сунічны і нават не яблычны — выдатная ідэя для тых, хто не ведае, якую кнігу прачытаць наступнай. Джэм — яркая шклянка з колеравымі папяровымі ягадамі, на якіх напісаны аўтар і назва кнігі. Чытач, які не можа вызначыцца з кнігай, дастае падказку і карыстаецца рэкамендацыяй.

Вітаміны росту

Дзякуючы гаспадыні, у бібліятэцы склалася стройная сістэма правядзення мерапрыемстваў, акцый, якія дазваляюць прыцягнуць увагу дзяцей і педагогаў, выклікаць эмацыянальную рэакцыю, жаданне ўзяць кнігу ў рукі. Станоўчы водгук атрымалі акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску” (у Дзень роднай мовы размова вялася толькі на беларускай мове, чытачам прапаноўваліся кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў), “Вазьмі кнігу і атрымай смайлік” (за ўзятыя ў гэты дзень кнігі прымацоўваўся смайлік). З мэтай павышэння эфектыўнасці патрыятычнага выхавання чытачоў у бібліятэцы прайшла акцыя “Прачытай кнігу пра вайну”. 

Пры правядзенні з навучэнца­мі ме­рапрыемстваў рознай тэматыкі па выхаванні патрыятычных пачуццяў, прапагандзе здаровага ладу жыцця, распаўсюджванні краязнаўчых і прававых ведаў выкарыстоўваюцца інавацыйныя формы работы: віртуальныя турнэ (“Не­звычайныя бібліятэкі свету”), слайд-падарожжы, інтэрактыўныя гульні (“Аматары прыроды”) і інш. Падабаецца вучням знаё­міцца з новымі кнігамі праз буктрэйлеры.

Трымаць у руках кнігу, адчуваць шурпатасць яе старонак, удыхаць водар паперы — гэта тое, што немагчыма замяніць электроннай прыладай… Кніга становіцца не проста тэкстам, а прадметам мастацтва, які хочацца разглядаць, дакранацца і чытаць.

Для папулярызацыі кнігі бібліятэкар разам з навучэнцамі стварае лэпбукі — самаробныя інтэрактыўныя папкі з кішэнямі, дэталямі, схемамі: “Зіма”, “Казачны свет К.Чукоўскага” і інш., бібліятэчныя квілты — інфармацыйныя стэнды, на якіх прымацоўваюцца стыкеры, дзе вучні дзеляцца ўражаннямі пра прачытаныя кнігі, чытаюць рэкамендацыі сваіх равеснікаў, — “Прачытай кнігу — падзяліся з сябрам!”, “Тваё любімае слова па-беларуску”.

Традыцыяй стала ў школе праводзіць у красавіку тыдзень дзіцячай кнігі. Гэта свята ўсіх чытаючых і дапытлівых дзяцей, свята новых літаратурных адкрыццяў. У гэтыя дні праходзіць шмат пазнавальных мерапрыемстваў (конкурсаў, віктарын, літаратурных гульняў), гульнявая праграма “Закадзіраваныя казкі з чароўнага кацялка”, літаратурнае лато па кнігах Э.Успенскага “Дзядзя Фёдар і яго сябры”, гульня-віктарына “Востраў кніжных загадак”, квест-гульня “Літаратурны лабірынт” і інш. Увагу навучэнцаў і педагогаў школы прыцягнуў і бібліятэчны флэшмоб “Чытаю я. Чытаем мы. Чытаюць усе”. Разгарнуўшы кнігу, навучэнцы на працягу некалькіх мінут чыталі радкі з іх, імкнучыся прыцягнуць увагу да кнігі і чытання. Завяршылася мерапрыемства сумесным скандзіраваннем слогана “Гэта запомніць проста: кнігі — вітаміны росту”. Тыдзень кнігі — гэта яшчэ і час падвядзення вынікаў за год, узнагароджанне лепшых чытачоў граматамі.

— На падрыхтоўку да кожнага мерапрыемства затрачваецца шмат часу, але як прыемна потым атрымліваць задавальненне ад зробленага, бачыць радасныя твары навучэнцаў, іх зіхатлівыя вочы, — заўважае бібліятэкар.

Самыя актыўныя — пачаткоўцы

Як адзначае Ірына Рымша, навучэнцы малодшых класаў — самыя актыўныя чытачы бібліятэкі. У бібліятэцы стала добрай традыцыяй для першакласнікаў пасля прачытання буквара праводзіць экскурсіі “У чароўны Чытай-горад”. Дзеці здзяйсняюць падарожжа ў свет кнігі, знаё­мяцца з правіламі карыстання бібліятэкай, з задавальненнем адказваюць на пытанні віктарыны “У гасцях у казкі”. Кожнаму чытачу ўручаецца памятка, у якой адлюстраваны асноўныя правілы карыстання кнігай. Навучэнцы сярэдняга звяна аддаюць перавагу прыгодніцкай літаратуры і дзіцячаму дэтэктыву. А вось старшакласнікі ў асноўным чытаюць праграмныя творы. Хаця акцыя “Падары бібліятэцы кнігу” сведчыць пра разнастайнасць інтарэсаў падлеткаў.

Па словах дырэктара школы Надзеі Лапіч, бібліятэка стала месцам прыцяжэння дзяцей. Школьнікі прыходзяць сюды на перапынках і пасля ўрокаў: падрыхтавацца да заняткаў, напісаць рэферат (бібліятэка аснашчана камп’ютарам з выхадам у інтэрнэт), гуляюць у настольныя гульні, якіх тут назапашана шмат. Раз на тыдзень у бібліятэцы праходзяць заняткі аб’яднання па інта­рэсах “Юныя сябры кнігі”, дзе навучэнцы пачатковых класаў займаюцца рамонтам кніг, вырабам кніжных закладак, паштовак са святочнымі датамі, кніжак-самаробак. 

Бібліятэка цесна супрацоўнічае з педагогамі пачатковага звяна. Настаўнікі прыводзяць сюды сваіх выхаванцаў, каб пазай­мацца па праграме навучання хуткасці чытання настаўніка інфарматыкі Малагарадзішчанскай сярэдняй школы А.Касабуцкага chtenie.net. Выкарыстоўваючы праграму, малодшыя школьнікі спрабу­юць спачатку вучыцца чытаць праз інтэрнэт, а потым ім прапаноўваюць узяць у рукі кнігу і прачытаць пэўныя сказы ў ёй.

Работа па далучэнні школьнікаў да чытання будзе працягнута і ў новым навучальным годзе. Каб вучні і педагогі адчувалі сябе ў бібліятэцы больш утульна і камфортна, за летнія месяцы яна абнавілася і папрыга­жэла: афарбаваны сцены, закуплены і ўстаноўлены новыя стэлажы. Запланавана таксама і абсталяванне новых рабочых месцаў камп’ютарамі з выхадам у інтэрнэт.

У планах Ірыны Ільінічны — укара­ніць у практыку работы QR-коды, інтэрактыўныя формы падтрымкі чытання, асвоіць новы від творчасці букфолдынг — мастац­тва складвання кніжных старонак у разнастайныя фігуры, зрабіць новыя лэпбукі “Наша Радзіма — Беларусь” і “Наш горад — Ляхавічы”. А паколькі 1-я школа з’яўляецца апорнай для навучання дзяцей з асаблівас­цямі псіхафізічнага развіцця (з 28 класаў 13 — інтэграванага навучання), то плануецца стварыць алічбаваную бібліятэку для гэтай катэгорыі дзяцей.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара