Жанна Падколзіна: асноўны паказчык добрага ўрока – здзяйсненне вучнямі маленькага адкрыцця

- 9:05Главная

Вучням гімназіі № 2 Барысава пашанцавала двойчы: калі яны прыйшлі вучыцца ў адзіную беларускамоўную ўстанову адукацыі горада і калі родную мову ў іх пачала выкладаць Жанна Падколзіна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У размове Жанна Паўлаўна доўга не разважае над тым, як захапіць вучняў родным словам, бо ведае, што самы лепшы прыклад — асабісты:

— Самае важнае, што патрабуецца ад настаўніка, — быць захопленым сваёй справай. Атрымаецца ў дзіцяці захапіцца прадметам і палюбіць яго ці не — гэта ўжо залежыць ад здольнасцей, стараннасці, працавітасці самога вучня.

Дзецям вельмі важна бачыць перад сабой станоўчы прыклад настаўніка. Размаўляць на мове, але не толькі на ўроку, далучаць да лепшага, што створана на ёй, і не прымушаць — вось самае першае і важнае правіла.

— Вучні нашай беларускамоўнай гімназіі больш прывычныя да беларускага маўлення, таму і ў штодзённым жыцці ім лёгка гаварыць на мове, — адзначае сураз­моўніца. — Вельмі прыемна, калі выпускнікі, завітаўшы да нас у госці праз значны час, гавораць па-беларуску і, што важна, атрымліваюць ад гэтага задавальненне.

Цікаўлюся, які ўрок Жанна Падколзіна называе ідэальным і ці лічыць свае заняткі такімі.

— Ідэальнага ўрока не бывае, — гаворыць настаўніца беларускай мовы. — Педагог не можа прадугледзець і пралі­чыць усё загадзя, ён не ведае, як пройдуць заняткі ў тым ці іншым класе. І нават пры дасканалай падрыхтаванасці настаўніка вучні могуць не раскрыцца: тэма сумная, настрой не той, псіхалагічная атмасфера складаная. Або наадварот: і тэма не вельмі цікавая, і матэрыял не вельмі падабаецца, а пройдзе ўсё так гладка і цікава, што ўрок будзе нагадваць сапраўднае рэаліці-шоу, бо настолькі захопіць навучэнцаў.

Па словах Жанны Паўлаўны, павінны сысціся многа фактараў, каб заняткі запомніліся і настаўніку, і дзецям:

— Добры ўрок — гэта ў першую чаргу ўрок працы. Дзеці павінны разумець, што яны ідуць не толькі атрымаць веды, але і папрацаваць. Калісьці мне не падабалася, што адукацыйны працэс напоўнены шматлікімі сучаснымі тэхналогіямі, якія пабудаваны на тэорыі лёгкасці. Але навукоўцамі даказаны факт: дзеці павінны адназначна ўсведам­ляць, што вучэбны працэс — гэта праца, толькі яе вынікам стане не адзнака, а пад­рыхтаванасць да дарослага жыцця. Асноўным паказчыкам добрага ўрока для мяне з’яўляецца факт маленькага адкрыцця — у звычайнай рабоце на ўроку, у вучнях, ад якіх, здаецца, не чакаеш асаблівых вынікаў, а яны раскрываюцца непрадказальна для цябе, у сабе, калі разумееш, што чагосьці не ведаеш, а вучні пераўзыходзяць у пэўных момантах свайго настаўніка.

Любімая форма работы педагога — пісьмовае разважанне. Жанна Паўлаўна любіць паўтараць, што мова вывучаецца для таго, каб яе можна было якасна выкарыстоўваць у жыцці і пры дапамозе прыгожага слова звязна выказваць думкі.

— Тэсціраванне як праверка пісьменнасці — гэта добра, але ўменне будаваць сваё выказванне — адзін з паказчыкаў высокага інтэлектуальнага ўзроўню асобы, — запэўнівае настаўніца беларускай мовы. — Таму мае вучні прывыклі да такой формы работы на ўроках, калі перад вачамі няма дапаможнай літаратуры, гаджэтаў з чужымі думкамі. Нават калі твор па літаратуры не да канца прачытаны, прапаноўваю і падтрымліваю імправізацыю, але пусты сшытак здаваць нельга.

На ўроках мовы Жанна Падколзіна аддае перавагу форме разважанняў, калі ўзнікае спрэчнае пытанне па пэўным тэксце, калі неабходна тлумачэнне свайго меркавання па прыказцы, фразеалагізме і нават па пэўным сказе тэксту:

— Спачатку некаторыя дзеці губляюцца і гавораць, што ў іх не атрымліваецца пі­саць, але з часам прывыкаюць да такой формы работы. Але яшчэ больш нашы гімназісты любяць, калі іншыя слухаюць тое, што яны напісалі: для кожнага важна быць выслуханым і пачутым. Нават на класнай гадзіне, калі хачу пачуць усіх, прапаноўваю запісаць свае думкі. Вучні могуць спы­таць, на якой мове гэта рабіць. Не хаваю: мне вельмі прыемна, калі думкі не на ўрочную тэму выкладаюцца роднымі словамі.

Адзін з важных складнікаў дзейнасці настаўніка — работа з матываванымі вучнямі. Сёння гордасць гімназіі — выпускніца Жанны Паўлаўны Паліна Корнева. Дзякуючы свайму педагогу, якая прывіла любоў да беларускай мовы, Паліна пачала пі­саць вершы і апавяданні, а пазней занялася даследчай дзейнасцю.

— За час работы ў гімназіі ў мяне было шмат матываваных дзяцей, — дадае Жанна Падколзіна. — Нягледзячы на тое, што мы не заўсёды даходзілі да перамогі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, вынік нашай работы быў значны. У 5 класе Паліна Корнева вельмі любіла чытаць, але яшчэ не ведала, да якога прадмета мае схільнасці. Калі дзяўчынка вучылася ў 7 класе, у нас з ёй была агульная мэта — пісаць работы на творчыя конкурсы. Потым з’явілася жаданне паспрабаваць сілы ў алімпіядзе па мове і літаратуры. У старшых класах дабавілася даследчая дзейнасць, а яшчэ мая таленавітая навучэнка паспрабавала сябе ў ролі паэтэсы і пісьменніцы. Сёння Паліна вучыцца ў БДМУ на 3 курсе, марыць стаць хірургам. Як і ў гімназіі, працягвае займацца даследчай дзейнасцю, але ўжо медыцынскай. І самае галоўнае — піша на роднай мове.

Паліна Корнева — член Саюза пісьменнікаў. Яе кніга “Я еду на хуткім цягніку” сёлета была прэзентавана чытачам на Міжнародным кніжным кірмашы.

— Было вельмі прыемна пачуць на прэзентацыі добрыя словы пра маю Паліну ад Міхася Пазнякова, пад кіраўніцтвам якога выйшла кніга, — прызнаецца Жанна Паўлаўна. — Цікава, што кнігу, якую Паліна паабяцала сабе напісаць, яна лічыць свое­асаблівым дыпломам, які калісьці ёй не ўдалося атрымаць на рэспубліканскай алімпіядзе. Такім шляхам сумеснай работы я іду з маімі вучнямі. Але гэты шлях мае пэўную мяжу, дзе трэба спыніцца і пачаць спачатку… Для мяне важна стаць для вучняў тым чалавекам, якому яны змогуць давяраць і паслядоўнікамі якога, магчыма, стануць у будучыні.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА