Пяць славутасцей Полацкага кадэцкага вучылішча: знаёмімся з адной з найстарэйшых і самых маладых ваенна-навучальных устаноў Беларусі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гісторыя
Імператарскі ўказ аб заснаванні Полацкага кадэцкага корпуса датуецца 1 лютага 1830 года. Урачыстае адкрыццё адбылося праз пяць гадоў 25 чэрвеня. Дзякуючы педагогам і добрым справам выпускнікоў корпус трывала ўвайшоў у лік самых вядомых у дарэвалюцыйнай Расіі, а ў 2010-м яму прысвоілі імя праслаўленага героя абароны Порт-Артура Рамана Кандраценкі. У 2006 годзе жыхары горада звярнуліся да мэра Полацка Уладзіміра Тачылы з ініцыятывай аб адраджэнні ўстановы. Неўзабаве на базе сярэдняй школы № 4 з’явіўся першы кадэцкі клас, а 1 верасня 2010 года пачало работу Полацкае кадэцкае вучылішча. Першым дырэктарам была Жанна Жаўняровіч, затым калектыў узначаліў палкоўнік запасу Станіслаў Красоўскі.
Выпускнікі
Дзякуючы пошукава-даследчай дзейнасці навучэнцаў і педагогаў створаная ў вучылішчы Галерэя выдатных выпускнікоў Полацкага кадэцкага корпуса штогод папаўняецца новымі імёнамі. На сёння тут прадстаўлена 35 партрэтаў. У іх ліку двойчы георгіеўскі кавалер генерал-лейтэнант Раман Кандраценка. Яшчэ адзін з іх — пісьменнік Аляксандр Сцяпанаў, якому на ўласныя вочы лёс наканаваў пабачыць падзеі Руска-японскай вайны, ён аўтар гістарычнага рамана “Порт-Артур”. Полацкі кадэт Мікалай Пісарэўскі стаў сусветна вядомым інжынерам у галіне электрычных сродкаў сувязі, фатаграфіі, тапаграфіі, грамадскім дзеячам, выдаўцом афіцыйнай газеты ваеннага міністэрства. Акрамя таго, у 1886 годзе ён заснаваў і ўзначаліў найстарэйшую ў Еўропе электратэхнічную ВНУ (сёння Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны электратэхнічны ўніверсітэт).
Характэрна, што ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя полацкія кадэты не толькі марылі пра неба, але і смела здзяйснялі сваю мару. Так, адным з першых лётчыкаў — выхадцаў з Беларусі стаў Глеб Аляхновіч. Ён працаваў на Руска-Балтыйскім вагонным заводзе, выпрабоўваў самалёты “Рускі Віцязь”, “Ілья Мурамец”. Падчас Першай сусветнай вайны быў прызваны ў армію, здзейсніў больш за 100 вылетаў і загінуў пры крушэнні самалёта ў 1918-м. А ў 1998 годзе ў Полацку нарадзіўся будучы Герой Беларусі Мікіта Куканенка…
— На Мікіту раўняюцца нашы кадэты, — расказаў Станіслаў Красоўскі. — Мы трымаем цесны кантакт з яго роднымі, часта сустракаемся з маці Наталляй Алегаўнай. У цяперашні час звыш 150 выпускнікоў вучылішча працягваюць адукацыю ў Ваеннай акадэміі, Інстытуце пагранічнай службы, Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, іншых УВА сістэмы нацыянальнай бяспекі і на профільных факультэтах універсітэтаў Беларусі. Наша галоўная задача — падрыхтоўка будучых афіцэраў для сістэмы нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, выхаванне патрыётаў і пераможцаў.
Сцяг
Сімвалам сувязі часоў і пакаленняў, непарыўнасці кадэцкіх традыцый з’яўляецца гістарычны сцяг Полацкага кадэцкага корпуса, падораны ўстанове па волевыяўленні Мікалая І у маі 1844-га. У гады грамадзянскай вайны рэліквію таемна вывезлі за мяжу, захоўвалі ў Югаславіі і Нью-Ёрку. Вяртанне сцяга стала магчымым дзякуючы шматгадовай рабоце Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў, а таксама асабістым намаганням генерал-палкоўніка ў адстаўцы Пятра Чавуса і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. У 2014 годзе святыню перадалі прадстаўнікам нашай краіны. Праз год у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшла ўрачыстая цырымонія, прысвечаная вяртанню сцяга ў Беларусь, 5 кастрычніка 2019 года кадэцкаму вучылішчу ўрачыста ўручылі адноўлены сцяг з часцінкай гістарычнага артэфакта, які сёння знаходзіцца на рэстаўрацыі ў Маскве.
Кадэцкі гарадок
Дзень ведаў у мінулым верасні кадэты і іх настаўнікі адзначылі ў новым кадэцкім гарадку, што знаходзіцца ў сэрцы Полацка, побач з Сафійскім саборам. Менавіта тут некалі размяшчаўся Полацкі кадэцкі корпус. Будаўнічы аб’ект быў уключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму, работы па будаўніцтве і рэстаўрацыі вяліся на працягу 4 гадоў. Фактычна ўстанова вярнулася не толькі на сваё гістарычнае месца, але і часткова
ў адноўленыя гістарычныя будынкі. Цяпер тут сучасныя карпусы, спарткомплекс, харчаблок і сталовая, цэнтр
ваеннай падрыхтоўкі. У наступным навучальным годзе вучылішча плануе прыняць 300 кадэтаў — гэта будзе самая вялікая ў краіне падобная ўстанова.
— Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы абсталяванне не проста адпавядае сучасным стандартам, але і на некалькі крокаў іх апераджае, — адзначыў дырэктар вучылішча. — Напрыклад, стралковы цір дазваляе практыкавацца ў стральбе з пнеўматычнай, дробнакалібернай зброі і пісталета Макарава. А трэнажоры электроннага ціра поўнасцю імітуюць стральбу з аўтамата, кулямёта, снайперскай вінтоўкі, пісталета Макарава і нават гранатамёта “Муха” — з гукавымі эфектамі і рэальнай аддачай. Да таго ж там можна трэніравацца ў адпрацоўцы задач па захопе аб’ектаў, вызваленні заложнікаў у зададзеных канкрэтных умовах, праводзіць камандныя спаборніцтвы.
Музей
Адзінае, што хочацца пра яго сказаць, — гэта насамрэч варта пабачыць! Адрэстаўрыраваны будынак — помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, які знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Тры выдатныя экспазіцыйныя залы, унікальныя экспанаты і артэфакты, старажытная карціна “Вызваленне Полацка ў 1812 годзе”, рэканструкцыя кабінета дырэктара кадэцкага корпуса, знакамітае вітгенштэйнаўскае ядро ў сцяне…
— У музеі пакуль каля 250 экспанатаў, але гэта толькі пачатак работы, — акцэнтуе ўвагу Станіслаў Красоўскі. — Не сумняваюся, што ў нас будзе самы лепшы музей сярод кадэцкіх вучылішчаў. У перспектыве асобна збіраемся абсталяваць кабінет па духоўна-маральным выхаванні. Справа ў тым, што двух выпускнікоў Полацкага кадэцкага корпуса Руская праваслаўная царква адносіць да ліку святых — прападобнага Варсанофія Опцінскага (у міры Паўла Пліханкова) і прасвітара Віцебскага Мікалая Акаловіча. Збор матэрыялаў пра іх — толькі першы крок, а ўвогуле плануем прысвяціць вялікую экспазіцыю святым — выхадцам з ваеннага асяроддзя.
Духоўна-маральны складнік выхавання, сувязь з Беларускай Праваслаўнай Царквой — непарушная традыцыя вучылішча. Пасвячэнне ў кадэты, як і аналагічнае карпусное свята ў кадэтаў-палачан стагоддзі назад, праводзіцца зімой у дзень святога Мікалая Цудатворца. У эмблеме вучылішча выкарыстаны крыж, які быў на сцягу Полацкага кадэцкага корпуса, і на яго ж аснове створаны знак выпускніка.
— Наш калектыў па праве ганарыцца сваімі дасягненнямі і нацэлены на далейшае развіццё. Магчыма, аднойчы вырасцем да статусу кадэцкага корпуса Саюзнай дзяржавы, — падзяліўся марай Станіслаў Красоўскі. — І з гістарычнага, і з сучаснага пункту погляду такое рашэнне абгрунтавана.
Таццяна Бондарава
Фота аўтара