Пазнаёміцца са сваімі юнымі калегамі ў дзіцячым садзе было нечакана. Але хлопчыкі і дзяўчынкі са старшай групы так трапна пералічвалі прафесійныя якасці журналіста, што сумненняў не засталося: журналістыка для малых — не гульня, а вельмі сур’ёзная справа. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Трэба адзначыць, што дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 22 Светлагорска — адзіная дашкольная ўстанова Гомельскай вобласці, якая развівае такі напрамак, прычым даволі даўно.
З 2010 года ў цэнтры функцыянуе дзіцячая рэдакцыя “Калабок”, дзе з намі ахвотна падзяліліся сакрэтамі выпуску ўласнай газеты. Ствараецца яна па-сучаснаму прафесійна. Хаця пачыналася ўсё з рукапісных нумароў, якія нагадвалі невялікія альманахі, у якіх проста, але з вялікай любоўю расказвалася пра будні і святы дзіцячага сада. І, канечне ж, невялічкія тэксты падмацоўваліся фотаздымкамі. Гартаць такія “газеты” — цікава і прыемна.
Цяпер у дашкольнай установе дзейнічае прэс-цэнтр, а ў рэдакцыі раз у квартал выдаюць газету “Жыццё выдатных дзяцей”, выпускі якой можна ўбачыць на сайце дашкольнага цэнтра. “Калі на пачатковым этапе выхаванцы проста стваралі дзіцячую газету, то пазней сумесна з кіраўніком прэс-цэнтра бралі інтэрв’ю ў выхаванцаў нашай установы, іх бацькоў, педагогаў і спецыялістаў. Апошнім часам нашы юныя журналісты асвятляюць падзеі, якія адбываюцца не толькі ў нашым дашкольным цэнтры, але і ў іншых установах горада. Да таго ж мы наладзілі супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі нашага горада. У газеце “Светлагорскія навіны” вядзецца рубрыка “Дзіцячы час”, у якой расказваецца пра жыццё нашага дашкольнага цэнтра”, — не без гордасці адзначыла загадчыца дашкольнай установы Ірына Рослаўцава.
Вось вам прыклад ранняй прафарыентацыі, мільганула ў галаве. Прычым вельмі эфектыўнай прафарыентацыі, бо тут усё не проста наглядна, а з упорам на адчуванні. Гэта ж вам не жартачкі — узяць інтэрв’ю! Але на самай справе дзеці становяцца журналістамі якраз тады, калі пачынаюць задаваць пытанні. Тыя, хто адказваў на бясконцыя дзіцячыя “чаму?” і “навошта?”, адразу ўловяць сувязь.
Чытайце матэрыял Вольгі ДУБОЎСКАЙ у нумары ад 3 сакавіка 2023 года.