100 радкоў пра калегу. Адкрытыя ўрокі Ларысы Таркінай заўсёды збіраюць шмат калег, бо ім ёсць чаму павучыцца

- 17:25Образование

Ларыса Таркіна прыйшла ў сярэднюю школу № 31 Брэста 28 гадоў назад. Тут яна стала выдатным педагогам, дарадчыкам для вучняў, таварышам і надзейным плячом для калег, гордасцю для ўстановы адукацыі.

Ларыса Аляксандраўна выкладае рускую мову і літаратуру. Ёй характэрны глыбокае веданне прадмета, любоў да справы, якой яна займаецца, і да тых, з кім працуе. Спалучэнне традыцыйных, класічных падыходаў з сучаснымі, перадавымі дазваляе ёй даваць вучням трывалыя веды і фарміраваць светапогляд грамадзяніна. Па гэтым прынцыпе педагог будуе работу на факультатывах і ў профільных класах. Выхаванцы Ларысы Таркінай не толькі пацвярджа­юць свае адзнакі на экзаменах, але і выбіраюць у якасці прафесійнага шляху настаўніцкую сцяжыну.

Асаблівую радасць вучням прыносяць урокі літаратуры. На іх да пяцікласнікаў і шасцікласнікаў “прыходзіць” добры сябар — цацачны мядзведзь Рыгор. Ён эмацыянальна ацэньвае адказы хлопчыкаў і дзяўчынак: усміхаецца ці крыўдзіцца ў залежнасці ад пачутага. Старшакласнікі не баяцца выказваць свае меркаванні наконт прачытанага і літаратурных персанажаў, актыўна зада­юць пытанні, якія іх хвалююць. Усе вучні прыслухоўваюцца да слоў Ларысы Аляксандраўны, бо лічаць яе аўтарытэтам.

Настаўніца знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Прыклад педагога натхняе і выхаванцаў, якія вынікова ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і літаратурных конкурсах, займаюцца даследчай дзейнасцю.

З’яўляючыся старшынёй навукова-метадычнага аб’яднання настаўнікаў гуманітарных навук, Ларыса Аляксандраўна клапоціцца пра высокі ўзровень урокаў і мерапрыемстваў падчас прадметных і метадычных тыдняў, шматлікіх свят. Адкрытыя ўрокі педагога заўсёды збіраюць шмат калег, бо ім ёсць што запазы­чыць адтуль і чаму павучыцца. Пазакласныя мерапрыемствы Ларысы Таркінай вылучаюцца глыбінёй і ідэйнай накіраванас­цю: яны прысвячаюцца тэмам сям’і, кахання, сяброўства, Радзімы, выхоўваюць у школьнікаў даб­рыню, міласэрнасць, адказнасць і патрыятызм.

Ларыса Таркіна на працягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці з’яўляецца класным кіраўніком. Дзякуючы прафесійным і чалавечым якасцям педагог умее арганізаваць работу вучняў, стварыць дружны калектыў. Былыя выхаванцы тэлефануюць ёй, віншуюць са святамі, прыязджаюць, прыводзяць у школу сваіх дзяцей і ўнукаў. З вялікай удзячнасцю гавораць пра настаўніцу і бацькі навучэнцаў. За нястомную працу на педагагічнай ніве, творчы пошук і захопленасць любімай справай яна адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Алена ХІЛЬКОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 31 Брэста