Настаўніца пачатковых класаў Ала Пачэбут з Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна 35 гадоў натхняе дзяцей на творчасць, дапамагае раскрываць таленты.

Пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна пачынала педагагічную дзейнасць у Дашкавіцкай сярэдняй школе роднай Свіслаччыны. Усіх 10 вучняў свайго першага выпуску Ала Аляксандраўна і цяпер добра ведае. З удзячнасцю ўспамінае і калег: мудрыя парады вопытных настаўнікаў былі так неабходны маладому педагогу.
З 1993 года працуе ў Поразаўскай сярэдняй школе. Сваім педагагічным крэда лічыць сцвярджэнне: “Настаўнік — не той, хто вучыць, а той, з кім хочацца вучыцца”. Зацікавіць дзяцей, павесці за сабой, незаўважна прымусіць іх думаць і разважаць Ала Аляксандраўна лічыць галоўным у прафесіі.
— Мае вучні — актыўныя ўдзельнікі ўрока: разам мы выяўляем праблемы і шукаем адказы на пытанні. Эфект нечаканасці павінен заўсёды прысутнічаць, і чым больш пытанняў задаюць дзеці, тым заняткі цікавейшыя. Шмат увагі ўдзяляю самаадукацыі і пастаянна папаўняю сваю педагагічную скарбонку, — дзеліцца настаўніца.
Сярод яе вучняў ёсць пераможцы другога этапу алімпіяд па матэматыцы, рускай і беларускай мовах.
Ала Аляксандраўна надае значэнне і духоўна-маральнаму выхаванню. Пад яе кіраўніцтвам дзеці паспяхова ўдзельнічаюць у тэматычных конкурсах. Трэцякласніца Дар’я Грышко стала пераможцай абласнога этапу конкурсу “Чырвоны Крыж — сімвал міласэрнасці і адзінства ў імя міру”. Цімафей Пупкоў здзівіў журы раённага конкурсу даследчых работ “Я пазнаю свет”, прадставіўшы гісторыю жыцця і гібелі ў час Вялікай Айчыннай вайны свайго прадзеда-франтавіка. А нядаўна Маргарыта Саўрас атрымала перамогу на раённым этапе конкурсу чытальнікаў “Пагаворым пра сям’ю”.
Поспехі вучняў у многім залежаць ад таго, ці наладжана супрацоўніцтва класнага кіраўніка з бацькамі. Рэгулярныя зносіны, інфармаванне і кансультаванне дазволілі настаўніцы выбудаваць даверлівыя адносіны. Папулярныя і майстар-класы ў шосты школьны дзень. На іх таты і мамы дзеляцца кулінарным майстэрствам, ствараюць сумесна з дзецьмі вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, афармляюць радаводы… Такі від дзейнасці ўмацоўвае сямейныя сувязі, а ў дзяцей фарміруецца гордасць за бацькоў.
Сярод выпускнікоў школы, якія дасягнулі значных поспехаў у працоўнай дзейнасці, шмат вучняў А.А.Пачэбут.
— Ганаруся тым, што яны выраслі добрымі людзьмі, многія сталі прафесіяналамі сваёй справы. Хутка вечар сустрэчы… І я зноў рада буду ўбачыцца з нашымі мэтанакіраванымі, крэатыўнымі, перспектыўнымі выпускнікамі, — адзначыла Ала Аляксандраўна.
На пытанне, чаму выбрала менавіта гэтую прафесію, Ала Аляксандраўна адказала:
— Памятаю сваё дзяцінства, калі раніцай спяшалася выйсці раней у школу, каб па дарозе затрымацца каля дома настаўніцы… Вялікім гонарам было паднесці партфель Веры Пятроўны Міткоўскай. З вышыні свайго вопыту разумею, як цяжка было адначасова весці ўрок у трох класах. Мне заўсёды падабалася ўступаць у зносіны з людзьмі, дзяліцца меркаваннямі, аналізаваць пачутае… Настаўнік пачатковых класаў — гэта і псіхолаг, і маці, і мудры дарадчык. Вось так і выбрала прафесію свайго жыцця.
Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна





