Якасць, кадры, дысцыпліна

- 17:46Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

На базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, прысвечанае вынікам работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачам па яе ўдасканаленні ў бягучым. 

У рабоце калегіі ўдзельнічалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі М.В.Васько і старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І.І.Васіленка. 

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі расказаў, што летась на Брэстчыне працягвалася мэтанакіраваная работа па развіцці і ўдасканаленні сістэмы дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай і прафесійнай адукацыі, павышэнні яе якасці. Аптымізоўвалася і рэарганізоўвалася сетка ўстаноў адукацыі, умацоўвалася іх матэрыяльная база. 

— Перад сістэмай адукацыі Брэстчыны стаіць шмат актуальных задач, — адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. — Сярод іх — забеспячэнне крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі, вырашэнне праблемы недахопу месцаў у дзіцячых садах і дэфіцыту высокакваліфікаваных маладых кадраў, удасканаленне здароўезберагальнага і бяспечнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, шырокая папулярызацыя педагагічных класаў, максімальны пераход да электроннага дакументаабароту, аснашчэнне школьных працоўных майстэрань сучасным абсталяваннем, павышэнне вучэбнай дысцыпліны, кантролю і якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, прафесійнага майстэрства педагогаў і кампетэнтнасці кіраўніцкіх кадраў, асабліва ў ІТ-сферы, фарміраванне інфармацыйнай культуры, здаровага ладу жыцця і трывалых каштоўнасных арыенціраў у моладзі, пошук новых форм выхаваўчай работы і ўзаемадзеяння з сям’ёй, паляпшэнне якасці педагагічнага суправаджэння дзяцей з АПФР, замацаванне маладых спецыялістаў на рабочых месцах, стварэнне ўмоў для іх прафесійнага развіцця… Магчымасцей для выканання пастаўленых задач дастаткова, калі павысіць адказнасць, выканальніцкую дысцыпліну, кіраўніцкую культуру і прафесіяналізм.

Напрыканцы мерапрыемства лепшыя педагогі і кіраўнікі атрымалі падзякі і граматы. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” ўручаны намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 9 Брэста А.В.Арловай, загадчыцы Парахонскага ясляў-сада Пінскага раёна В.М.Вярэніч, настаўніцы дапаможнай школы Брэста В.М.Мішук і настаўніцы матэматыкі Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна Р.У.Сінькевіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.