Што спрыяе замацавальнасці педагагічных кадраў — разважаюць маладыя настаўнікі Дзяржынскага раёна

- 9:02Главная, Образование

Якія ўмовы павінны быць створаны ва ўстановах адукацыі, каб замацавальнасць педагагічных кадраў заставалася на высокім узроўні? З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца маладым настаўнікам і хто дапамагае іх пераадольваць? Адказы на гэтыя пытанні — у разважаннях педагогаў Дзяржынскага раёна. Адпрацаваўшы вызначаны заканадаўствам тэрмін, яны падпісалі кантракты на працяг прафесійнай дзейнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Злева направа: Настасся Данільчык, Маргарыта Красоўская, Аляксандра Явон

Аляксандра Явон, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Фаніпаля: “Навучанне павінна быць цікавым і эфектыўным”.

— Я працягваю працаваць педагогам, таму што гэта дазваляе раскрыць мой патэнцыял і пастаянна развівацца, — тлумачыць свой выбар Аляксандра Аляксандраўна. — Настаўнік — гэта не толькі той, хто вучыць, але і той, хто сам бесперапынна вучыцца. Педагогіка — складаная, але адна з самых сацыяльна значных прафесій, і яе ролю ў жыцці вучня цяжка пераацаніць. Мне падабаецца бачыць вынік сваёй працы ў вучнях, усведамляць, што мой уклад дапамагае ім станавіцца паспяховымі, упэўненымі і шчаслівымі людзьмі. Гэта неверагоднае пачуццё, калі заўважаеш, як дзіця расце, мяняецца, адкрывае ў сабе новыя магчымасці, а ты быў часткай гэтага шляху.

Настаўнік — самая высакародная прафесія. Дорачы дзецям часцінку сваёй душы, я атрымліваю ў адказ многа падзякі, шчырыя эмоцыі і адчуванне, што мая праца мае значэнне.

На пытанне, ці даводзілася пакутаваць на сіндром самазванца, працуючы з вопытнымі калегамі, Аляксандра Явон прызна­лася:

— Вядома, калі я параўноўвала сябе з больш дасведчанымі калегамі, то ў пачатку майго прафесійнага шляху ўзнікалі сумненні ва ўласнай кампетэнтнасці. Часам здавалася, што я недастаткова ведаю ці не спраўляюся гэтак жа ўпэўнена, як яны. Але гэтыя моманты сталі для мяне пунктам росту — магчымасцю вучыцца, імкнуцца да ведаў і шанаваць свае маленькія перамогі. Упэўненасць у сабе прыйшла паступова, яе ўмацавалі поспехі маіх вучняў. У 2024/2025 навучальным годзе адна з маіх вучаніц атрымала дыплом II ступені на навукова-практычнай канферэнцыі ў секцыі “Чалавек і грамадства”. Яшчэ адна навучэнка заваявала дыплом I ступені на раённай дыягнастычнай алімпіядзе па англійскай мове. Гэтыя дасягненні сталі пацвярджэннем таго, што я на правільным шляху. Зносіны з вопытнымі калегамі — гэта не падстава для параўнання, а крыніца натхнення. Я навучылася спраўляцца з сіндромам самазванца, параўноўваючы сябе не з іншымі, а з сабой учарашняй. Бачыць свой праг­рэс, усведамляць, што расцеш як прафесіянал, — вось лепшы спосаб стаць упэўненай.

Успамінаючы першыя месяцы работы, Аляксандра Аляксандраўна кажа, што самай цяжкай для яе стала работа з бацькамі.

— Да пачатку педагагічнай практыкі я не ўяўляла, наколькі важна цеснае супрацоўніцтва паміж школай і сям’ёй, — прызнаецца настаўніца. — Гэта вялікая адказнасць — знайсці падыход не толькі да дзяцей, але і да іх бацькоў, пабудаваць даверныя адносіны. Было страшна паказацца недастаткова дасведчанай, асабліва ў дыялогу з тымі, хто чакае ўпэўненасці і кампетэнтнасці. З часам няўпэўне­насць прайшла, кантакт наладзіўся. Прыемна ўсведамляць, што я магу дапамагчы бацькам па-новаму зірнуць на выхаванне дзіцяці, убачыць яго моцныя бакі, раскрыць таленты і магчымасці. Гэта стала для мяне важнай часткай педагагічнай працы, якую раней недаацэньвала.

На сваіх уроках Аляксандра Аляксанд­раўна стараецца выкарыстоўваць разнастайныя метады і тэхналогіі — настаўніцы важна, каб навучанне было цікавым і эфектыўным.

— Працуючы з малодшымі школьнікамі, я асабліва часта выкарыстоўваю гульнявыя тэхналогіі, — расказвае педагог. — Гульні дапамагаюць дзецям лягчэй засвойваць матэрыял, развіваюць увагу і матывацыю. Я сама распрацоўваю адпаведныя заданні, напрыклад, адаптую такія гульні, як “Джэнга”, “Уна”, “Добль”. Важна, каб яны адпавядалі вучэбным мэтам.

У рабоце са старшымі школьнікамі малады спецыяліст аддае перавагу праектным тэхналогіям. Са слоў Аляксандры Явон, яны дазваляюць дзецям праявіць ініцыятыву, працаваць у камандзе, развіваць крытычнае мысленне і творчы падыход.

— Акрамя таго, актыўна выкарыстоўваю інтэрактыўныя прэзентацыі і адука­цыйныя платформы — яны робяць урокі больш дынамічнымі і дазваляюць улічваць індывідуальныя асаблівасці школьнікаў, — запэўнівае настаўніца англійскай мовы. — Для мяне важна, каб кожнае дзіця адчувала сябе зацікаўленым. Таму я ўвесь час шукаю новыя формы работы і адаптую іх пад канкрэтны клас.

Разважаючы, якой бачыць сябе праз 5 гадоў, Аляксандра Аляксандраўна сказала, што для яе самае важнае — не спыняцца ў развіцці і працягваць любіць сваю справу. 

— Праз 5 гадоў бачу сябе больш дасведчаным, упэўненым педагогам, які не толькі працягвае вучыць, але і натхняе іншых, — зазначае настаўніца. — Хачу дзяліцца ведамі, удзельнічаць у метадычных распрацоўках і, магчыма, весці курсы для маладых спецыялістаў.

Маргарыта Красоўская, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 1 Фаніпаля: “На маіх уроках дзеці працуюць у камандзе”.

На прафесійны шлях маладога спецыя­ліста паўплывалі яе асабістыя поспехі ў спорце, якія ўмацавалі ўпэўненасць у сабе і жаданне развівацца ў гэтай сферы.

— Самае складанае ў першы час работы ў школе — гэта наладзіць кантакт з вучнямі, асабліва з інтэграваных класаў, і знайсці агульную мову з іх бацькамі, — адзначае Маргарыта Дзмітрыеўна. — На старце мне далі 3 клас. Гэта быў перыяд узаемнай адаптацыі: дзецям даводзілася прывыкаць да новага педагога, а мне — да рознага тэмпераменту, характару кожнага дзіцяці. Я імк­нулася стварыць камфортную атмасферу, у якой кожнае дзіця адчувала б сябе пачутым і прынятым.

Каб урокі сталі жывымі і цікавымі, педагог пачала ўкараняць гульнявыя методыкі, групавыя заданні і спаборніцкія элементы. Гэта дапамагло не толькі разнастаіць урокі, але і аб’яднаць дзяцей у класах.

— Я заўважала, як з часам вучні становяцца больш упэўненымі ў сабе, праяўляюць ініцыятыву, — дзеліцца назіраннямі настаўніца. — З кожным днём я ўсё больш прывязвалася да сваіх вучняў, а яны пачалі давяраць мне.

Для настаўніцы фізкультуры было важна не толькі перадаць веды, але і дапамагчы дзецям стаць самастойнымі, навучыць іх працаваць у камандзе, развіваць рухальныя навыкі і асабістыя якасці.

— Кожны дзень я бачыла, як яны ра­стуць не толькі як вучні, але і як асобы, — дадае Маргарыта Красоўская. — Асаблівую ўвагу ўдзяляла рабоце з бацькамі. Для мяне было важна, каб яны адчувалі сябе партнёрамі ў адукацыйным працэсе. Я заўсёды была адкрыта да дыялогу, дзялілася поспехамі і назіраннямі, а мамы і таты
вучняў актыўна ўдзельнічалі ў жыцці класа, дапамагалі ў арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў. Іх падтрымка стала для мяне каштоўным рэсурсам і натхненнем.

Тое, што здавалася цяжкім у пачатку, стала асновай для педагагічнага росту настаўніцы. Школа — гэта не проста месца працы, гэта прастора, дзе кожны дзень адбываюцца маленькія і вялікія перамогі.

Калі Маргарыце Дзмітрыеўне была неабходна дапамога, яна ведала, да каго можна звярнуцца.

— Сёння я працую ў той самай школе, якую калісьці скончыла, — гаворыць настаўніца. — Таму дырэктар, яго намеснікі і многія калегі — гэта людзі, якіх я ведала яшчэ ў ролі вучаніцы. Асабліва каштоўна для мяне настаўніцтва Таццяны Антонаўны Мезінай. Яе падтрымка, мудрыя парады і гатоўнасць падтрымаць у любы момант сталі для мяне сапраўднай апорай. Я ведаю, што ў любой сітуацыі магу разлічваць на кампетэнтную дапамогу, чалавечы ўдзел і прафесійную падтрымку.

Зразумець, што расце як прафесіянал, педагогу дапамагаюць яе дасягненні і перамогі навучэнцаў.

— Я стала лепш адчуваць індыві­дуальныя асаблівасці сваіх вучняў, — дадае малады педагог. — Гэта дазваляе адаптаваць свае заняткі і рабіць іх больш займальнымі і карыснымі. Я прымаю ўдзел у спаборніцтвах, займаючы прызавыя месцы за раён, вобласць. Мае вучні, гледзячы на мяне, таксама ўцягнуліся: цяпер яны прыносяць граматы, дыпломы і ра­дасць у школу. А калі бацькі кажуць дзякуй, то гэта самы дакладны індыкатар таго, што ўсё раб­лю правільна.

Настасся Данільчык, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Дзяржынска: “Мой шлях у прафесію — гэта ўсвядомлены выбар”.

Успамінаючы сябе ў пачатку прафесійнага шляху, Настасся Алегаўна адзначае, што найбольшае хваляванне ў яе выклікала правядзенне першага бацькоўскага сходу.

— Я старалася нічога не забыць, сказаць пра ўсё, што важна, бо менавіта з гэтай сустрэчы пачынаецца выбудоўванне даверлівых адносін паміж настаўнікам і баць­камі, — зазначае настаўніца. — Хацелася, каб яны адчулі, што іх дзеці ў надзейных руках, што мне можна давяраць, што наша супрацоўніцтва будзе моцным і плённым. Асаблівую ўвагу ўдзяляла дысцыпліне. Перада мной — малышы, якія толькі што прыйшлі з дзіцячага сада. Для іх у школе ўсё новае, выклікае цікавасць, і менавіта ў гэты перыяд асабліва важна стварыць атмасферу бяспекі, павагі і дапытлівасці. Гэта была карпатлівая, але натхняльная праца, бо кожны крок — гэта ўклад у фарміраванне асобы дзіцяці.

На працягу двух гадоў малады спецыя­ліст супрацоўнічала са сваім настаўнікам Аленай Мікалаеўнай Патапко. Яе вопыт, мудрыя парады і добразычлівая падтрымка сталі сапраўднай апорай у прафесійным станаўленні Настассі Алегаўны.

— Я звярталася да яе па рэкамендацыі па самых розных пытаннях — ад вя­дзення дакументацыі і складання каляндарна-тэматычнага планавання да структуры ўрока, падрыхтоўкі да пазакласных мерапрыемстваў і арганізацыі ўзаемадзеяння з бацькамі, — успамінае настаўніца. — А каб набрацца вопыту і пашырыць свае прафесійныя гарызонты, рэгулярна наведваю адкрытыя ўрокі і пазакласныя мера­прыемствы. Гэта не толькі магчымасць уба­чыць розныя падыходы да навучання, але і шанс пераняць лепшыя практыкі, натхніцца ідэямі калег, па-новаму паглядзець на арганізацыю вучэбнага працэсу. Кожнае такое назіранне — як маленькі крок да станаўлення ўпэўненага, кампетэнтнага педагога.

У сваёй рабоце Настасся Данільчык імкнецца ствараць умовы, якія спрыяюць развіццю пазнавальнай цікавасці і ўстойлівай матывацыі да навучання — гэта адна з ключавых мэт педагагічнай дзейнасці настаў­ніцы.

— Працуючы з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту, я разумею, наколькі важна зрабіць урокі займальнымі, даступнымі і эмацыянальна насычанымі, — падкрэслівае настаўніца пачатковых класаў. — Таму актыўна выкарыстоўваю гульнявыя элементы, нагляднасць, якую часта вырабляю сама, а таксама прымяняю творчыя формы правядзення заняткаў: урок-гульня, урок-падарожжа, урок-казка. Такія падыходы дапамагаюць дзецям не толькі лепш засвойваць матэрыял, але і з радасцю ісці на ўрок, чакаючы новых адкрыццяў.

Разважаючы пра тое, як удаецца знайс­ці падыход да сваіх маленькіх вучняў, Настас­ся Алегаўна адзначае, што прымае кожнае дзіця такім, якое яно ёсць, бо кожнае з іх — унікальная асоба.

— Асаблівую ўвагу ўдзяляю згуртаванню класнага калектыву, выхаванню ўзаемапавагі і добразычлівасці, — дзеліцца Н.Данільчык. — Яшчэ вучу дзяцей слухаць і чуць адно аднаго, бо менавіта ў атмасферы даверу і падтрымкі раскрываюцца таленты і фарміруецца сапраўдная любоў да навукі. Прапрацаваўшы два гады настаўніцай пачатковых класаў, я з упэўненасцю магу сказаць, што мой выбар прафесіі быў усвядомленым і правільным. Разумею, што яшчэ многаму трэба вучыцца, але ўжо сёння бачу, як прафесія мяняе мяне: робіць больш цярплівай, уважлівай, гнуткай. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае калектыў нашай гімназіі. З самага першага дня адчула тут падтрымку, павагу і разуменне.

Якой настаўніца бачыць сябе праз 5 гадоў? Настасся Алегаўна гаворыць, што стане больш дасведчанай і ўпэўненай, здольнай самастойна спраўляцца з прафесійнымі выклікамі, знаходзіць нестандартныя рашэнні і дзяліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі.

— Я імкнуся да пастаяннага росту і веру, што кожны крок на гэтым шляху ро­біць мяне лепшай і як педагога, і як асобу, — падсумоўвае педагог.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Галіна
Гапанькова:

Педагагічная грамадскасць Дзяржынскага раёна аб’ядноўвае 1230 таленавітых і адданых сваёй справе спецыялістаў. Асаблівую гордасць выклікае тое, што сярод іх 103 маладыя педагогі, якія выбралі шлях служэння ведам, выхаванню і развіццю падрастаючага пакалення.

У гэтым го­дзе мы з радасцю чакаем папаўненне: 70 маладых спецыялістаў уступяць у шэрагі педагогаў раёна, з іх 15 — выпускнікі, якія скончылі УВА на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Асабліва прыемна, што многія з іх, адпрацаваўшы вызначаны тэрмін, прымаюць усвядомленае рашэнне застацца ў прафесіі. Яны знаходзяць у школе сваё прызванне, місію, сваю кропку росту. Сярод такіх натхняльных прыкладаў — Аляксандра Явон, Настасся Данільчык і Маргарыта Красоўская. Гэта не проста маладыя спецыялісты — гэта асобы, здольныя захапіць сваім прыкладам і натхніць дзяцей на дасягненне высокіх вынікаў. Так, Аляксандра Явон стала ўдзельніцай форуму маладых спецыялістаў “Час выбраў нас” і падрыхтавала дыпламантаў міжнароднага творчага конкурсу “Вясна! Май! Перамога!”. Яе энергія і мэтанакіраванасць — прыклад для вучняў і калег. Настасся Данільчык — удзельніца раённага фестывалю талентаў “Педагагічны трыумф”, калекцыянер кніг. Характэрна, што кожная кніга ў яе калекцыі — прачытаная і асэнсаваная. Яе любоў да літаратуры перадаецца дзецям, фарміруючы ў іх густ да чытання і глыбокага мыслення. Маргарыта Красоўская — спартсменка, захопленая лёгкай атлетыкай, уладальніца другога дарослага разраду. Яе дысцыпліна, сіла духу і імкненне да перамогі становяцца прыкладам для школьнікаў, натхняючы іх на актыўны лад жыцця і дасягненне асабістых мэт.

Гэтыя маладыя педагогі — не проста настаўнікі, яны носьбіты новых ідэй і натхнення. Іх шлях толькі пачынаецца, але ўжо сёння яны ўносяць уклад у развіццё школы як прасторы росту, творчасці і поспеху.

Наталля САХНО
Фота аўтара