1995 год — час рэфармавання: якімі артыкуламі «Настаўніцкая» сустракала свой залаты ўзрост

- 13:2080 лет вместе

“Мінае год за годам, а мы ўсё чакаем лепшай долі. Усё спадзяёмся на “светлае заўтра”, а яно не надыходзіць. Дык мо час ачнуцца ад зачараванасці высокімі абяцанкамі, а штодзень рабіць нешта добрае для сваёй сям’і, для сваіх сяброў, для сваіх калег, для акружаючых нас людзей? Тады і жыццё наша будзе святлейшым”. Гэтыя словы — своеасаблівы эпіграф да першага нумара “Настаўніцкай газеты” за 1995 год. Яны змешчаны на першай паласе і, думаю, задаюць тон таму, чым будзе жыць газета, на цэлы год, а можа, і далей.

Педагагічны форум

“Настаўніцкая” ў год свайго пяці­дзесяцігадовага юбілею абсалютна не падобная на газету ў 1975-м, 1985-м, 2005-м і г.д. На старонках галоўнага педагагічнага выдання Беларусі вельмі мала ілюстрацый: ёсць нумары, у якіх няма ніводнай (!) фатаграфіі. Затое тэксты вялізныя, грунтоўныя, палемічныя. Гэта і зразумела: менавіта ў педагагічнай прэсе настаўнікі, выхавальнікі, вучоныя, пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы абмяркоўваюць стратэгію рэфармавання адукацыі. З матэрыялаў стала відавочна, што менавіта газета, яшчэ ў 1994 годзе заклікаўшы сваіх чытачоў да дыскусіі, стала пляцоўкай, дзе сутыкаюцца думкі і меркаванні, свежыя ідэі і прапановы. Гэтакі своеасаблівы педагагічны форум. Дарэчы, адна з галоўных руб­рык газеты — “Нацыянальная педагагічная рада: абмяркоўваем стратэгію рэфармавання адукацыйнай сістэмы”.

Кідаецца ў вочы і абсалютная адсутнасць метадычных матэрыялаў. На старонках “Настаўніцкай” гаспадарыць публіцыстыка. Аўтары смела цытуюць калег і раней апублікаваныя матэрыялы, спасылаюцца на іх у сваіх тэкстах, палемізуюць, выказ­ваюць іншы пункт гледжання. Відавочна, што настаўнікі ўзору 1995 года цікавіліся галіновай газетай, чыталі яе ад першай да апошняй паласы і самі часта браліся за пяро.

Сапраўды залаты час! Мара любога газетнага выдаўца і журналіста!

У тым юбілейным для нашай газеты годзе ў “Настаўніцкую” масава пі­шуць школьнікі і студэнты. Каб змясціць больш матэрыялаў і даць слова большай колькасці аўтараў, газета ўсё змяншае і змяншае шрыфт. Прызнаюся, некаторыя матэрыялы з-за гэтага чытаць без лупы амаль немагчыма. Вялікай папулярнасцю карыстаецца рубрыка “Настаўнік піша ў сваю газету”.

Псіхолаг у школе

Сярод новага і незвычайнага для тагачаснай “Настаўніцкай газеты” — з’яўленне рубрык “Роздум псіхолага”, “Псіхолаг у школе”, “Сацыяльны ракурс”. Нарэшце! Я вяду штомесячны дадатак да нашай газеты “Псіхолаг у школе”, які нарадзіўся з аднайменнай рубрыкі больш за 15 гадоў назад, таму надзвычай радасна было ўба­чыць, як пачыналася гэтая работа і як да педагагічнай грамадскасці прыйшло разуменне, што кожны настаўнік павінен быць псіхолагам, а без адпаведнага спецыяліста ў школе — педагога-псіхолага — ужо не абысціся. Час не проста ідзе наперад — ён імкліва ля­ціць, руйнуючы на сваім шляху заганы мінулага.

Сярод пазаштатных аўтараў “Настаўніцкай газеты” ўсё часцей сустракаюцца псіхолагі, якія прыйшлі працаваць у школу. І тэмы яны ўзнімаюць вострыя, неадназначныя, цяжкія. Так, псіхолаг сярэдняй школы № 15 Мінска Вольга Паўлоўская ў першым нумары газеты за 1995 год выступае з матэрыя­лам “Мама, калі ласка, не бі мяне за паводзіны і двойкі…”. “Ліхія 90-я” балюча адбіваюцца на лёсе кожнай сям’і, ад падзення даходаў пакуту­юць усе слаі насельніцтва, асабліва цяжка спраўляцца з эканамічнымі праблемамі сем’ям з дзецьмі. Некаторыя сем’і ў той перыяд дакладна выжываюць, што адбіваецца на дзецях, а школьны псіхолаг бярэцца за пяро, каб агу­чыць праблему насілля ў дачыненні да непаўналетніх.

Дарэчы, школьны псіхолаг у той час яшчэ не меў статусу педагагічнага работніка, на што на старонках нашай газеты звяртае ўвагу дырэктар сярэдняй школы № 12 Наваполацка Святлана Драздова. Яна ў сваім матэрыя­ле піша, што псіхолагу, які працуе ў школе, не ідзе педстаж, псіхолаг мае працоўны водпуск усяго 24 дні, а не 48, як настаўнікі, а рабочы ты­дзень школьнага псіхолага складае 40 гадзін. “Аб якім цывілізаваным падыходзе ў разгортванні службы (напэўна, гаворка ідзе пра школьную СППС. — Заўвага аўтара.) можа ісці размова, калі псіхолаг нават не ставіцца матэрыяльна на ўзровень радавога настаўніка”, — піша аўтар.

Знаёмыя твары

Цікава і радасна сустракаць у падшыўцы за 1995 год матэрыялы знаёмых аўтараў, маладых калег, з якімі калісьці пачынала праца­ваць у “Настаўніцкай”, уласныя матэрыялы, якія пісала яшчэ студэнткай журфака БДУ, і нават фотаздымкі любімых настаўнікаў. Я з цеплынёй успамінаю маю настаўніцу французскай мовы Людмілу Шырневіч, якая сфарміравала ў звычайнай беларускай дзяўчынкі з вёскі на Смаргоншчыне сапраўдны французскі пранонс. “Настаўніцкая газета” змясціла фота Людмілы Казіміраўны на першай паласе, і на здымку любімая настаўніца, як у маёй памяці, маладая, прыгожая, далікатная, разумная. Такая вось сустрэча з дзяцінствам.

Людміла Шырневіч

Маладая і мэтанакіраваная на фота ў “Настаўніцкай газеце” і наш шаноўны пастаянны аўтар Ганна Дабрынеўская, тагачасны дырэктар Мінскай педагагічнай гімназіі, якая была вядомай далёка за межамі сталіцы. Менавіта там былі арганізаваны першыя педагагічныя класы, а выпускнікі гімназіі масава ішлі на педагагічныя спецыяльнасці. Ганна Іванаўна не забывае нашу газету і зараз, заходзіць у госці. А ў 1995-м Ганна Дабрынеўская выступае з матэрыялам “Прафесіянал у маім разуменні. Як у Мінскай педагагічнай гімназіі дапамагаюць вучням зра­біць усвядомлены выбар прафесіі” ў руб­рыцы “Падзялюся з вамі”.

Ганна Дабрынеўская

Так, Ганна Іванаўна піша: “Калі стваралася гімназія, была мэта рыхтаваць яе выпускнікоў да паступлення ў педагагічныя навучальныя ўстановы з улікам таго, што радыкальныя змены ў грамадстве запатрабуюць і якасных змен ва ўзроўні падрыхтоўкі спецыяліста сістэмы адукацыі, настаўніка. У маім разуменні прафесіянал — гэта той настаўнік, які ніколі не абмяжоўваецца сваім прадметам. З гэтай нагоды яму неабходна добра разбірацца ў людзях, і асабліва — адчуваць усе тонкія адценні, малейшыя хваляванні душы дзіцяці. Словы “ўбачыць, па­чуць, зразумець”, вынесеныя ў эмблему нашай педагагічнай гімназіі, якраз і сімвалізуюць адзначаную прафесійную якасць — быць чулым, выключна і мэтанакіравана ўважлівым менавіта да дзяцей, самааддана і нават сама­ахвярна любіць іх”. Думаю, палемікі тут быць не можа: усё правільна.

Люстэрка падзей

“Настаўніцкая газета” 1995 года — гэта газета свайго часу. У адным з сакавіцкіх нумароў — праект статута прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі. Часта выступае на старонках газеты тагачасны старшыня рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза Тамара Іосіфаўна Чобатава, іншыя лідары прафсаюзнага руху. У сувязі з цяжкім эканамічным становішчам у дзяржаве і высокай інфляцыяй у некаторых рэгіёнах краіны бываюць затрымкі ў выплаце педагогам заработнай платы і адпускных. Прафсаюз горача падтрымлівае педагогаў, часта звяртаецца са старонак прафесійнай газеты з адкрытымі пісьмамі да Прэзідэнта і ўрада.

Аднак ёсць і традыцыі, якія “Настаўніцкая газета” свята шануе. Напрыклад, традыцыйна шчымлівым і непаўторным атрымаўся нумар, прысвечаны 50-годдзю Вялікай Перамогі. Якімі б складанымі ні былі праблемы ў грамадстве, ёсць штосьці больш важнае за кожную з іх, штосьці, што яднае ўсіх нас, беларусаў. Гэта памяць пра подзвіг савецкага народа і Вялікую Перамогу, здабытую крывёй і мужнасцю нашых людзей.

1995-ы — год Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў: настаўнікам года стаў выкладчык фізікі сярэдняй школы № 1 Драгічына Уладзімір Мацвеевіч Здановіч. Гэта першы настаўнік, які атрымаў свайго крыштальнага жураўля з рук Прэзідэнта суверэннай Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. “Настаўніцкая газета” шырока асвятляла конкурс і дала слова кожнаму з канкурсантаў. Былі ў 1995-м і страты: пайшоў з жыцця беларускі пісьменнік Максім Танк, пра што таксама напісала газета.

А квінтэсенцыяй гэтага неадназначнага года я назвала б грунтоўнае і вельмі нефармальнае інтэрв’ю міністра адукацыі і навукі прафесара Васіля Стражава галоўнаму рэдактару газеты Алегу Куліцкаму “Надзеі каля школьнага парога”. Сімвалічны загаловак: краіна, і сістэма адукацыі ў тым ліку, жыла надзеямі. На тое, што эканамічныя праблемы будуць вырашаны. Што школа атрымае нацыянальны падручнік. Што якасная адукацыя будзе даступнай для кожнага дзіцяці, а не толькі навучэнцаў ліцэяў і гімназій. Таму што, як сказаў Васіль Іванавіч, “без адукацыі няма будучыні для асобы, без сістэмы адукацыі няма будучыні для краіны”.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара

Пераемнікі

У 1995­-м “Настаўніцкая газета” праінфармавала чытачоў аб адкрыцці ў сярэдняй школе № 17 Віцебска музея народнай славы, экспазіцыя якога расказвала пра тысячагадовы Віцебск, баявыя подзвігі 335-­й штурмавой авіядывізіі, партызанскі рух на Віцебшчыне і выпускнікоў школы — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

З таго часу музей значна папоўніўся экспанатамі і ўзбагаціўся вынікамі даследаванняў, набыў ганаровы статус народнага. “Настаўніцкая” адзначыць у снежні сваё 80-годдзе. Як высветлілася, згаданая ў публікацыі школа таксама на парозе важнай падзеі: тут рыхтуюцца да адкрыцця абноўленага музея.

— Велічнае дрэва вырастае з маленькага зярнятка. Наш народны музей вырас з музейнага пакоя, створанага Ірынай Анд­рэеўнай Шаўчэнка, — расказала дырэктар школы Таццяна Сушко. — Потым да справы далучылася такая ж энтузіястка Ларыса Паўлаўна Паўлава. Абавязкова запросім шаноўных ветэранаў педагагічнай працы на адкрыццё музея. Прыадкрыю сакрэт: у экспазіцыі будзе інфармацыя і пра іх — ад заснавальніцы да першага кіраўніка і захавальніцы фондаў.

Сярэдняя школа № 17 імя І.Р.Бумагіна — адна з найстарэйшых у Віцебску, свой летапіс яна вядзе з 1927 года. Калі ў канцы мінулага стагоддзя прымалася рашэнне аб будаўніцтве новага школьнага будынка, то вялікімі стараннямі Ларысы Паўлавай у праект уключылі і музей. Дзякуючы гэтаму ў 1995-м адбыліся адразу два наваселлі.

— Па дакументах можна прасачыць, што музейны пакой баявой славы, прысвечаны гісторыі 335-й штурмавой авіяцыйнай Віцебскай ордэна Леніна Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі, у нас дзейнічаў як мінімум з 70-х гадоў мінулага стагоддзя, — паведаміў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Аляксандр Вайцяхоўскі. — На базе школы функцыянавала група “Пошук”, якая супрацоўнічала з абласным Палацам піянераў і актыўна займалася перапіскай з лётчыкамі авіядывізіі. Па запрашэнні яны неаднойчы сюды прыязджалі, напрыклад, напярэдадні Дня Перамогі ў 1984-м, калі Беларусь сустракала 40-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ветэраны прывозілі фотаздымкі, экспанаты, звязаныя з гісторыяй праслаўленага вайсковага злучэння. Менавіта з перапіскі і сустрэч з ветэранамі пачыналася наша музейная гісторыя. Далей Ларыса Паўлаўна з вучнямі, камандай аднадумцаў дапоўнілі і сур’ёзна пашырылі экспазіцыю. Так нара­дзіўся музей, якім яго бачылі наведвальнікі да вясны гэтага года.

Музей меў некалькі раздзелаў. Першы расказваў пра гісторыю абласнога цэнтра. Тут размяшчаліся фотаздымкі і прадметы, перададзеныя школе ў асноўным навучэнцамі і іх бацькамі. Нязменную цікавасць дарослых і дзяцей выклікала абсталяваная ў музеі партызанская зямлянка — першая ў горадзе інтэрактыўная пляцоўка, дзе да экспанатаў не забаранялася, а прапаноўвалася дакрануцца, каб праз іх адчуць падзеі ваеннага часу. Асобны раздзел быў адве­дзены інфармацыі пра Віцебскае падполле і партызанскі рух у рэгіёне, прычым асаб­лівая ўвага ўдзялялася падзеям і фактам, звязаным з імёнамі Міная Шмырова і Пятра Машэрава. Таксама музей расказваў пра вызваленне Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, настаўнікаў і выпускнікоў, якія змагаліся за Радзіму, пра дзяцей вайны, школьныя сустрэчы з ветэранамі і знакамітымі людзьмі.

— Безумоўна, цэнтральным заставаўся раздзел у гонар 335-й Віцебскай штурмавой авіядывізіі, — адзна­чыў Аляксандр Вайцяхоўскі. — Гэта выдатны вынік карпатлівай работы. Не ў апошнюю чаргу з-за павер’яў, распаўсюджаных у асяроддзі лётчыкаў, іх фотаздымкаў як ваеннага, так і пасляваеннага часу нямнога. А неабходна было яшчэ і ўгаварыць людзей, каб па­дзяліліся фатаграфіямі. Што тычыцца непасрэдна пошуку, то ў эпоху інтэрнэту цяжка нават уявіць, наколькі складана было тады знаходзіць у велізарным Савецкім Саюзе ветэранаў, наладж­ваць і весці перапіску. Хто жыў у Мінску ці Маскве — з імі прасцей. Але ж у адрасах значацца і Сібір, і Далёкі Усход, і Сярэдняя Азія! На сёння ў нашым музеі сабрана нямала рэдкіх рэчаў. Узяць хаця б гарматныя ядры часоў вайны з Напалеонам ці стальныя нагруднікі — правобразы бронекамізэлек, якія выкарыстоўваліся ў Вялікую Айчынную вайну. Аднак перапіска з лётчыкамі названай авіядывізіі, напэўна, самы каштоўны экспанат. Каб з ёй азнаёміцца, да нас прыязджа­юць здалёк. Параўнальна нядаўна даследчык з Камчаткі сустракаўся з нашымі навучэнцамі, а галоўнай мэтай яго візіту ў Віцебск было знаёмства з гэтымі ўнікальнымі дакументамі.

Ларыса Паўлава кіравала музеем да 2019 года, яе пераемнік — Аляксандр Вайцяхоўскі.

— Ларыса Паўлаўна столькі працы і душы ўклала ў музей! Ведаю, штосьці яна і на ўласныя грошы набывала, — падзялілася дырэктар школы. — Без перабольшання, гэта падзвіжніца, якая літаральна дабілася стварэння музея, знайшла фінансаванне. Між тым у смутныя 1990-я гэта было вельмі няпроста. Яна ўзрасціла музей да сённяшняга высокага ўзроўню і выгадавала некалькі пакаленняў вучняў, дала пуцёўку ў жыццё дзясяткам юных экскурсаводаў. Гістарычная памяць пра гераічнае мінулае — цяжкая памяць. Калі няма ў сэрцы патрыятызму, пэўнай сістэмы маральных каштоўнасцей, то за музейную справу лепш не брацца. Сэнс музея не ў тым, што існуе месца з экспанатамі, куды хтосьці прыходзіць і штосьці глядзіць. Ён у тым, каб дзеці самі далучаліся да нашага мінулага, ганарыліся ім і адчувалі сябе яго нашчадкамі. Каб гэта для іх стала асабістай каштоўнасцю.

Па словах Таццяны Сушко, школе пашанцавала, бо ў калектыве ёсць моцнае трыа настаўнікаў гісторыі — Аляксандр Вайцяхоўскі, Наталля Лядэнка, Святлана Пехцерава. Варта дадаць, што цяперашні актыў юных экскурсаводаў чакае адкрыцця музея з такім жа нецярпеннем, як і педагогі. 9 Мая тут прымалі шматлікіх наведвальнікаў, праводзілі экскурсіі і падрыхтаваны спецыяльна да гэтай даты квест. А неўзабаве музей зачыніўся на рамонт. Паралельна з будаўнічай (на што выдзелены значныя бюджэтныя сродкі) ішла даследчая і пошукавая работа. Характэрная дэталь: асноўны музейны фонд у маі складаў 1860, а зараз — 4200 экспанатаў. Важкі асабісты ўклад у камандны вынік унесла намеснік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска (а ў нядаўнім мінулым — начальнік аддзела па адукацыі гэтага раёна) Анжаліка Міхайлава.

— Падчас пошуку экспанатаў летам нам перадалі Георгіеўскі крыж, — паказаў рэдкую знаходку Аляксандр Вайцяхоўскі. — З просьбай: “Мы будзем рады падарыць музею сямейную рэліквію. Калі ласка, паспрабуйце ўстанавіць яе гісторыю!” Мая калега Наталля Лядэнка з вучнямі ўжо знайшлі імя ўладальніка ўзнагароды, ён з Далёкага Усходу. Тое, якім чынам крыж трапіў у Віцебск, стане працягам даследавання.

— Абнаўленне прадыктавана часам, — падкрэсліла на завяршэнне гутаркі кіраўнік педагагічнага калектыву. — Мы пастараліся, каб у нас не паўтаралася тое, што можна ўбачыць у іншых школьных музеях горада і вобласці: арыгінальнае напаўненне, ідэі і, зразумела, сучасныя тэхнічныя сродкі. Капітальны рамонт памяшканняў пад музей завершаны, адкрыццё плануем да заканчэння года. Не буду раскрываць усіх дэталей, таму што хочацца, каб людзі на свае вочы ўбачылі плён нашай працы. Спа­дзяемся прыемна ўсіх здзівіць.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара