30 гадоў разам — і дома, і ў школе: гісторыя сям’і выкладчыкаў з Лельчыц Жанны і Аляксандра Краўчанка

- 14:00Учительский дуэт

Сям’я настаўнікаў фізікі і працоўнага навучання з Лельчыц можа пахваліцца не толькі 30­-гадовым стажам работы. Жанна Фёдараўна і Аляксандр Валер’евіч Краўчанка адзначылі жамчужную гадавіну свайго вяселля. Педагагічны дуэт працуе ў Лельчыцкай раённай гімназіі імя І.А.Коласа і славіцца зладжанай працай у камандзе і цудоўнымі вынікамі, якіх дасягаюць іх вучні. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

І ўсё гэта — фізіка

Аляксандр Валер’евіч скончыў лельчыцкую сярэднюю школу № 1, а Жанна Фёдараўна — Буйнавіцкую сярэднюю школу. Затым яны абое паступілі на факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі ў Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай, сёння — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна. Прыехаўшы з аднаго раёна і вучачыся на адным курсе, ім, несумненна, лёсам наканавана было сустрэцца. Хоць у дзяцінстве марылі ­стаць урачамі, але любоў да дзяцей i педагогiкi ўсё ж перамагла.

— Цяпер смяюся, калі кажу, што ўва мне памёр добры доктар, затое жыве выдатны настаўнік, — на ноце гумару пачынае гутарку Жанна Краўчанка.

Аляксандр Валер’евіч падхапіў размову i расказаў аб тым, калі ўпершыню ўбачыў студэнтку Жанну:

— Адразу зразумеў — гэта лёс. Мне яна спадабалася, такая прыгожая, а з гадамі стала яшчэ прыгажэйшай.

Сваю першую сустрэчу з будучым мужам Жанна Фёдараўна таксама ўспамінае з цеплынёй, бо яшчэ ў далёкіх 90-х адзначыла ў аднакурсніку эрудзіраванасць, дабрыню, уважлівасць і клопат у адносінах да людзей. У 1993 годзе маладыя людзі ажаніліся і адразу пасля размеркавання трапілі ў розныя школы Лельчыцкага раёна: ён — у Буйнавіцкую сярэднюю школу, у тую самую, дзе калісьці вучылася Жанна Фёдараўна, яна — у Першамайскую базавую школу.

Практычна побач, але адлег­ласць у 7 кіламетраў раздзяляла маладую пару штодзень. Разам з тым гэта не стала перашкодай. У сельскіх школах педагогі працавалі 2 гады, а потым разам перавяліся ў лельчыцкую сярэднюю школу № 2, дзе 16 гадоў зацікаўлівалі дзяцей фізікай і ўрокамі працоўнага навучання. Цяпер сям’я Краўчанка працуе ў Лельчыцкай гімназіі, і ўжо 13 гадоў педагогі разам настройва­юць выхаванцаў на тое, што фізіку трэба не проста вучыць, яе трэба зразумець. І вынік іх сумеснай працы сапраўды выклікае павагу. Так, на ЦТ і ЦЭ па фізіцы навучэнцы паказалі добрыя вынікі, набраўшы высокія балы (вышэй за 80). Ёсць гімназісты, якія практычна дабраліся да стапрацэнтнага выніку, набраўшы 94 балы. У скарбонцы дасягненняў педагогаў — перамогі на абласных конкурсах і турнірах па фізіцы, прадметных алімпіядах, конкурсах міжнародных даследчых работ, таксама шмат узнагарод на рэгіянальным і абласным узроўнях па працоўным навучанні.

— Мы выкладаем два прадметы адначасова: урокi абслуговай працы i тэхнiчнай працы, а таксама фізіку — і заўсёды падтрымліваем адно аднаго, кансультуемся і абменьваемся вопытам, рыхтуем вучняў да прадметных алімпіяд і конкурсаў, — працягвае галава сям’і. — Дарэчы, жонка — майстар на ўсе рукі, навучыла мяне вязаць кручком і вышываць крыжыкам. З аднаго боку, карысна развіваць дробную маторыку, з іншага — на кухні з’явіліся дэкаратыўныя сурвэткі, якія зрабіў сам. Мая вышытая карціна з выявай ільва не толькі заняла 1-е месца на раённым конкурсе, зараз яна ўпрыгожвае прастору ў кватэры.

— А мяне муж навучыў рыбачыць, асабліва летам люблю адпраўляцца з вудамі да вадаёма, — дадае жонка. — Часам улоў у мяне атрымліваецца нават большы, чым у мужа, тады з’яўляецца спартыўны азарт, а лавіць рыбу становіцца ў разы цікавей.

Без эксперымента няма ўрока

Каб зацікавіць дзяцей вучэбнымі прадметамі, педагогі выкарыстоўваюць элементы гульні, недзе падыходзяць з пачуццём гумару, тады выхаванцы лепш успрымаюць матэрыял. Заўважана, што да такіх заняткаў яны рыхтуюцца загадзя і з вялікім энтузіязмам.

— У напружанні дзяцей не трымаю, магу і пажартаваць ці расказаць анекдот, — пра асаб­лівасці правядзення заняткаў расказвае Аляксандр Валер’евіч. — Урок па тэхнiчнай працы, як і ўрок фізікі, праходзіць у добразычлівай, а галоўнае, сяб­роўскай атмасферы. Неяк дзеці прымецілі, што мая фірменная фраза на ўроках — “Сто працэнтаў”. Часта паўтараю гэтыя словы і тым самым настройваю выхаванцаў на максiмальны вынік іх дзейнасці.

Педагог прызнаецца, што не шкадуе аб выбранай прафесіі, бо ён не толькі выкладае дзецям асноўныя прынцыпы фізікі, але і дапамагае ім асвоіць ручны інструмент, вучыць выразаць лобзікам і працаваць на станках.

— Тэорыя — толькі частка асваення прадмета, самае галоўнае — творчасць і палёт фантазіі, — лічыць педагог. — У дзяцей таксама ёсць чаму павучыцца, дзякуючы ім з’яўляецца натхненне, імкнешся да дасягнення лепшага выніку ў сваёй працы. Ніколі не адмаўляю дзецям, калі яны хочуць змайстраваць нешта асаблівае ці нечаму навучыцца дадаткова. З апошняга: выхаванцы прынеслі на ўрок схему вырабу, і мы разам з імі разабраліся, як лепш абпіла­ваць і зачысціць выраб. Так у нас і атрымліваюцца ўнікальныя кухонныя дошкі, сурвэтніцы, алоўніцы, насценныя гадзіннiкi, календары, розныя ўпрыгажэнні да любых свят. Дарэчы, на ўроках вырабляем сувеніры, якія становяцца выдатным дадаткам i прыемным сюрпрызам. У школе працуе каля 130 чалавек, і штогод яны атрымліваюць памятны падарунак, выкананы дзецьмі.

Сям’я Краўчанка дзякуе адміністрацыі Лельчыцкай гімназіі, якая падтрымлівае ініцыятывы педагогаў установы і садзейнічае ў набыцці неабходнага матэрыялу і абсталявання для правядзення займальных вучэбных заняткаў.

Доследным шляхам

Кожная работа вучняў Жанны Фёдараўны — вязаныя і вышытыя вырабы цi згатаваная кулінарная страва — непаўторная.

— Значыць, дзеці не проста глядзяць вакол, а ўспрымаюць прыгажосць навакольнага свету, — адзначае суразмоўніца. — Вядома, шмат што зале­жыць ад здольнасці дзяцей, некаторыя дзяўчаты хочуць нечаму навучыцца звыш нормы, і гэта радуе. Дарэчы, падчас восеньскіх канікул на базе гімназіі дзейнiчаў працоўны лагер па пашыве пасцельнай бялізны. Што цікава, у лагер хадзілі не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі, якія ў момант навучыліся кройцы і шыццю, у іх атрымаліся вырабы добрай якасці. Жадаюць асвоiць розныя вiды рукадзелля і вучаніцы. Разам з імі знаходзiмся ў пошуках нейкіх унікальных рэчаў, каб паўтарыць эксклюзіў. Таксама на занятках абслуговай працы вывучаем тэарэтычную частку ку­лінарыі. Дома дзяўчынкі пя­куць пірагі і булачкі, нават на відэа здымаюць сам працэс, затым прыносяць iх у гімназію і часту­юць кулінарнымі шэдэўрамi. Сёлета ў навучэнцаў 9 класаў атрымаліся найсмачнейшыя люлечкі з крэмам, печыва, хрушчы, блінцы. Выхаванкі малодшых класаў пад наглядам мам выразалі лебе­дзяў з яблыкаў, рабілі бутэрброды, стравы з яек.

Наперад і ўверх — разам

Сям’я педагогаў прызнаецца: нават калі ўзнікае непаразуменне з-за працы, заўсёды прыхо­дзяць да адзінай думкі. Важна, што падтрымка і плячо адчуваюцца не толькі ва ўстанове адукацыі, але і дома пануе атмасфера цяпла і ўтульнасці.

— Удваіх лягчэй ісці па жыцці, з разуменнем, з падтрымкай, — гаворыць Жанна Фёдараўна. — Мы і ў адпачынку разам, і на працы. Я ўжо не ўяўляю нас паасобку. Сапраўды, за доўгае шлюбнае жыццё ніколі не думалі аб расставанні. Нават калі разлучаемся на час праходжання прафесійных курсаў, то заўважаем, як неверагодна доўга могуць доўжыцца дні аднаго тыдня.

Дарэчы, пра дзяцей: у сям’і Краўчанка сын Мікалай скончыў БДУІР і працуе інжынерам-праграмістам, дачка Наталля яшчэ вучыцца ў медыцынскім універсітэце. Выбраўшы свой прафесійны шлях, па слядах бацькоў ніхто з іх не пайшоў, затое сярод вучняў педагагiчны дуэт выгадаваў дастойную змену настаў­нiкаў.

— У ліку нашых выпускнікоў ёсць тыя, хто вырашыў працягнуць наш шлях настаўніцтва, яны сталі прафесiяналамi ў фізіцы, чарчэннi, дзеці паступаюць на настаўніка працоўнага навучання, — з гордасцю прамаўляе Жанна Фёдараўна. — Так, на нашых вачах вырасла добрая змена маладых спецыялістаў, гэта радуе.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з сямейнага архiва