У першы дзень асенніх канікул мінскі гарадскі ваенна-патрыятычны клуб “Рысь”, што дзейнічае на базе вайсковай часці 3214, наведалі члены апякунскага савета на чале з міністрам адукацыі Ігарам Васільевічам Карпенкам.
Клуб “Рысь” па праве можна назваць узорным аб’яднаннем па ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў. Яго адкрыццё з’яўляецца сумеснай ініцыятывай Міністэрства адукацыі, Міністэрства ўнутраных спраў і Мінгарвыканкама. У клубе выкарыстоўваюцца актыўныя формы правядзення заняткаў для школьнікаў. Гэта трэніроўкі, паходы, экскурсіі ў музеі, цікавыя сустрэчы. Кожнаму члену клуба на канікулах прадастаўлена магчымасць праявіць сябе ў розных відах дзейнасці.
— У нас ужо назапашаны дастаткова добры вопыт у рабоце па ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў, у тым ліку сумесна з унутранымі войскамі. Гэта і ваенна-патрыятычныя лагеры, і класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Тое, што на базе канкрэтных воінскіх фарміраванняў ствараюцца ваенна-патрыятычныя клубы, — гэта ўжо новы ўзровень нашага супрацоўніцтва. Вельмі важна аб’яднаць намаганні ўсіх суб’ектаў, якія працуюць з моладдзю, хто фарміруе яе светапогляд, рыхтуе да выхаду ў самастойнае жыццё, — адзначыў Ігар Васільевіч.
Дзякуючы спецыяльна распрацаванай праграме, на занятках клуба навучэнцы азнаёмяцца з гісторыяй унутраных войскаў, азамі страявой, агнявой і медыцынскай падрыхтоўкі, узорамі ваеннай тэхнікі і ўзбраення, атрымаюць унікальную магчымасць асвоіць прыёмы самаабароны, а яшчэ вучняў чакаюць сустрэчы з цікавымі людзьмі. Безумоўна, ім будзе што расказаць сваім сябрам і аднакласнікам. Канікулы для “рысянят” пройдуць карысна і цікава.
Ігар ГРЭЧКА.






