У Душанбэ завяршыўся VI з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД. Гэта была добрая магчымасць асэнсаваць шлях, па якім ідзе кожная краіна, ацаніць зробленае і намеціць новыя напрамкі рэалізацыі адукацыйнага патэнцыялу Садружнасці.
З’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД — гэта перш за ўсё абмен перадавым вопытам. Сёлета форум упершыню складаўся з дзвюх частак. Акрамя пленарных і секцыйных пасяджэнняў, арганізатары дабавілі ў праграму фестываль педагагічнага майстэрства. І гэта вельмі ўзбагаціла форум, надало яму новыя сэнсы і перспектывы. Ішоў актыўны абмен вопытам на ўзроўні не толькі краін, але і людзей. Абмен як інфармацыяй, так і эмоцыямі.
— Трэба сказаць, што такія платформы дазваляюць зверыць гадзіннікі і вызначыцца, дзе мы знаходзімся ў цяперашняй сітуацыі з улікам пандэміі, з улікам новых тэхналогій, куды нам рухацца далей, у чым мы можам быць карыснымі ад зін для аднаго, — сказаў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі.
Па выніках з’езда была прынята рэзалюцыя, дзе адзначана неабходнасць далейшага развіцця супрацоўніцтва на адукацыйнай прасторы СНД.
— Кожны ўдзельнік з’езда данясе інфармацыю, якую атрымаў, да калег у сваім рэгіёне, — заўважыў намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай. — Форум дазволіў нам параўнаць, наколькі адрозніваюцца вектары, дзе ёсць праблемы, каб у будучыні, фарміруючы і ўдасканальваючы рэгіянальную і дзяржаўную сістэму адукацыі, мінімізаваць рызыкі і страты, якія праходзілі ўжо краіны-суседкі.
Намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр КАДЛУБАЙ:
“У дасягненні мэт устойлівага развіцця немалаважную ролю іграе міжнароднае ўзаемадзеянне ў галіне адукацыі, у тым ліку і цяперашні форум. Мы з калегамі — намеснікамі міністраў адукацыі краін СНД — вызначылі, што адукацыйныя сістэмы даволі падобныя, але ёсць нюансы. Практычна ва ўсіх краінах распрацавана або канцэпцыя, або стратэгія развіцця адукацыі да 2030 года. Але тыя этапы, якія складаюць развіццё сістэм, часта ўжо праходзілі іншыя краіны СНД. У прыватнасці, Казахстан і Таджыкістан плануюць пераход да 2023 года на 12-гадовую сістэму агульнай сярэдняй адукацыі. У Беларусі гэты пераход (і вяртанне да 11-гадовай сістэмы) ужо адбываўся. Акрамя таго, усім цікавы наш вопыт забеспячэння месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі і масавага ахопу дзяцей падрыхтоўкай да школы.
Усе сышліся на тым, што такія ўзроўні адукацыі, як дашкольная і агульная сярэдняя, трэба ліцэнзаваць, бо гэта пытанні якасці. Напрыклад, прадстаўнікі Казахстана адзначаюць, што праблема колькасці ў іх краіне вырашана: яны ахапілі дашкольнай адукацыяй усіх дзяцей. Але ў сувязі з тым, што ўзнік вялікі спектр дзяржаўных і прыватных устаноў і падыходаў да сістэмы, паўстала праблема якасці.
Пра якія кропкі росту дамовіліся ў ходзе перамоў?
У прыватнасці, Арменіі цікавы наш вопыт стварэння на базе Ліцэя БДУ фаблаба — лабараторыі для дзяцей. А нас запрасілі ў Ерэван паглядзець вопыт цэнтра крэатыўных тэхналогій “Тума” для адораных дзяцей і сетку школьных STEМ-цэнтраў.
Калегі адзначылі наш вопыт аздараўлення дзяцей. Трэба сказаць, што з 2015 года ўсе краіны СНД удзельнічалі ў аздараўленчых праграмах Нацыянальнага дзіцячага цэнтра “Зубраня”. Нашы партнёры выдатна ведаюць летнік на Нарачы і, нягледзячы на тое, што пандэмія ўнесла пэўныя карэктывы, гатовы аднавіць супрацоўніцтва.
Адбыліся перамовы з міністрам адукацыі і навукі Таджыкістана. Ён спадзяецца, што пачнуць у поўнай меры працаваць усе дамовы ў сферы вышэйшай адукацыі. Гэта і падрыхтоўка па схеме 2 + 2, і ўсе двухбаковыя дамоўленасці паміж установамі. Выказвалася надзея, што супрацоўніцтва паміж універсітэтамі будзе толькі мацнець.
Таксама адбылася сустрэча з намеснікам старшыні Камітэта па справах моладзі і спорту Таджыкістана. Зараз рыхтуецца падпісанне міжурадавага пагаднення ў сферы маладзёжнай палітыкі. Гэта дасць імпульс развіццю маладзёжных абменаў і супрацоўніцтву.
З боку Расійскай акадэміі адукацыі ёсць зацікаўленасць у стварэнні пула ўстаноў, якія займаюцца метадычным забеспячэннем і навукай у сістэме адукацыі. Я думаю, гэты праект у найбліжэйшы час таксама пачне развівацца. Будзем чакаць далейшых тэхнічных рашэнняў.
Хачу адзначыць, што беларуская дэлегацыя была адной з самых актыўных і прыметных на з’ездзе. Нашы педагогі выступалі на секцыях, давалі майстар-класы, і іх вопыт меў вельмі добры водгук з боку замежных калег. Гэта значыць, мы ўжо цяпер павінны рыхтавацца да наступнага з’езда настаўнікаў СНД, які пройдзе ў будучым годзе ў Казахстане. Тэма з’езда — “Адукацыя ў постпандэмійны перыяд”.
Рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый ГАЛУБОЎСКІ:
— Наш інстытут ужо 10 гадоў працуе як базавая арганізацыя СНД у галіне прафесійнай падрыхтоўкі, перапад-рыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Такі статус быў нададзены інстытуту на пасяджэнні кіраўнікоў урадаў краін — удзельніц СНД.
Штогод праводзім павышэнне кваліфікацыі для калег з краін Садружнасці. У мінулым годзе з-за пандэміі сышлі ў анлайн-фармат, тым не менш работа працягваецца.
Раз на месяц у нас праходзіць падрыхтоўку група з Расіі. Найбольш цікавы для іх напрамак — навукова-метадычнае забеспячэнне інклюзіўнай адукацыі. У Беларусі сістэмна напрацаваны матэрыялы, ёсць добры вопыт і ўстановы, якія яго выкарыстоўваюць. Каля 80% устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі ў той ці іншай ступені вучаць асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Акрамя таго, інклюзія — гэта яшчэ і работа з дарослымі людзьмі. Наша сістэма гатова да яе, умее, робіць і працягвае прырошчваць кампетэнцыі. Гэта пры тым, што ў некаторых краінах яшчэ толькі стараюцца выбудоўваць свае падыходы па згаданых напрамках.
За 10 гадоў навучанне ў РІПА прайшлі больш за 2 тысячы работнікаў з розных краін СНД. Калі гаварыць пра Расію, то з 85 рэгіёнаў да нас прыязджалі спецыялісты з 55. З Таджыкістанам адпаведныя праграмы мы рэалізоўваем з 2019 года.
На пляцоўках з’езда мы правялі сустрэчы з партнёрамі з розных краін, абмеркавалі пытанні прафесійнай школы, напрыклад, кампетэнцыі кіраўнікоў. Сёння яны працуюць у новым укладзе і, як ніхто, адчуваюць змяненне тэхналогій, якія прыходзяць з эканомікі. Ім трэба дапамагчы.
Абмяркоўвалі і выкарыстанне лічбавых тэхналогій у шырокім сэнсе — як для аўтаматызацыі кіраўніцкіх працэсаў, збору і апрацоўкі даных, так і для выкарыстання ў самім адукацыйным працэсе. Маецца на ўвазе методыка арганізацыі заняткаў у фармаце, які можа зацікавіць і матываваць навучэнцаў пакалення Z. Гэта ўжо выклік для нас, і пытанні патрабуюць сумеснай прапрацоўкі.
Усе сышліся на тым, што супрацоўніцтва магчыма і ў перыяд пандэміі, напрыклад, праз вэбінары. Патрабуецца толькі жаданне бакоў і актуальныя ідэі, якія дапамагаюць развіваць педагагічны патэнцыял нашых супрацоўнікаў. На гэтым і трымаецца развіццё ўсёй сістэмы адукацыі.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.
Працяг будзе.







