Для дзяцей з аўтызмам

- 14:21Адукацыйная прастора

У горадзе над Бугам адкрыўся першы ў краіне рэсурсны цэнтр па аказанні комплекснай дапамогі дзецям з расстройствамі аўтыстычнага спектра, створаны на базе дапаможнай школы Брэста. У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік аддзела па адукацыі гарвыканкама А.М.Наскоў, галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі А.С.Карпіцкі і іншыя ганаровыя госці.

Пра важнасць цэнтра сведчыць той факт, што яшчэ да яго адкрыцця сюды тэлефанавалі бацькі з іншых абласцей, каб даведацца, калі і якім чынам можна атрымаць кансультацыю, прые­хаць з дзецьмі. І хаця ўстанова будзе абслугоў­ваць у першую чаргу жыхароў ­Брэста, яе спецыялісты не адмовяць у кансультацыйнай дапамозе і іншагароднім.

Колькасць дзяцей з аўтыз­мам павялічваецца ва ўсім свеце. У Брэсце іх 122. Рэсурсны цэнтр істотна пашырае магчымасці вузканакіраванай карэкцыйна-педагагічнай работы з асаблівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

— Ва ўстанове могуць зай­мацца 35—40, а з часам і да 50 дзяцей, — расказвае дырэктар дапаможнай школы Брэста Л.Р.Дзенісевіч. — Для карэкцыйнай работы з імі падабраны адпаведныя кадры і створаны неабходныя ўмовы, у тым ліку безбар’ернае асяроддзе. Так, ва ўстанове абсталявана сенсорна-дынамічная зала са спецыяльнымі арэлямі і платформамі, пакоі са светлавым і акустычным абсталяваннем, вучэбныя класы, кабінеты легатэкі, арт-тэрапіі, дэфектолага, псіхолага…

Ва ўстанове могуць займацца 35—40, а з часам і да 50 дзяцей. Для карэкцыйнай работы з імі падабраны адпаведныя кадры і створаны неабходныя ўмовы, у тым ліку безбар’ернае асяроддзе.

Цэнтр размяшчаецца ў двухпавярховым будынку былога дзіцячага сада, мадэрнізаваным у рамках праекта “Развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва пры аказанні дапамогі людзям з аўтызмам у польска-беларускім памежжы” Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” на 2014—2020 гады, рэалізаванага ўпраўленнем па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста ра­зам з польскімі партнёрамі з Бяла-Падляскі. На добраўпарадкаванне тэрыторыі і абсталяванне спартыўнай пляцоўкі былі выдзелены фінансавыя сродкі з гарадскога бюджэту. Агульны кошт аб’екта — 432 тысячы еўра.

— У планах — стварэнне груп кароткачасовага знаходжання для дашкольнікаў з аўтызмам, бо многія з іх прыходзяць у дзіцячыя сады зусім не падрыхтаванымі, — гаворыць Л.Р.Дзенісевіч. — Бацькі не могуць самі дапамагчы дзецям у адаптацыі. Мы плануем збіраць іх у групы па 3—4 чалавекі з індывідуальным суправа­джальнікам, каб фарміра­ваць навыкі, неабходныя для сацыялізацыі ў да­школьнай установе. Для псіхалагічнай і іншай падтрымкі бацькоў будзе працаваць кансультацыйны цэнтр. Адзін з важных напрамкаў работы цэнтра — метадычная дапамога педагогам школ.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.