Нас не спыняць

- 9:38Інфармацыйная гадзіна

Дзяржава прадоўжыць ствараць лепшыя ўмовы для жыцця людзей у Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў учора на цырымоніі адкрыцця кардыяхірургічнага і кардыятэрапеўтычнага карпусоў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы.

— Ніколі, як бы сёння камусьці ні хацелася, не перапынім гісторыю працоўных подзвігаў нашых продкаў. Не спыняць нас ні санкцыі, ні пандэмія, як не спынілі ў свой час беларусаў ні грамадзянская, ні Вялікая Айчынная вайна. Па сіле сваіх магчымасцей мы будзем развівацца і ствараць лепшыя ўмовы для жыцця нашых лю­дзей, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

— Вы бачыце, што свет зусім адурэў, ашалеў, і намнога цяжэй стала працаваць. Пандэмія ўзмацніла націск вялікіх дзяржаў на сярэднія і малыя, і, я ўжо гаварыў, для нас цяпер вельмі важна выстаяць, вытрываць і перамагчы ў гэты цяжкі час. Самае галоўнае цяпер — выжыць, — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія гады Магілёў вельмі змяніўся і працягвае развівацца. Гаворачы пра новыя кардыялагічныя карпусы магілёўскай бальніцы, падкрэсліў іх значнасць для рэгіёна.

Аляксандр Лукашэнка па­дзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у праектаванні і будаўніцтве новага кардыяцэнтра. Ён нагадаў, што ў Магілёве таксама нядаўна быў пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы корпус. Напярэдадні дзяржаўнага свята тут пачне працаваць 50-метровы басейн.

— Ахова здароўя і спорт— гэта тое, што патрэбна нашым людзям, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У новым фізкультурна-аздараўленчым комплексе мы стварылі для вас усе ўмовы для прафілактычнай актыўнасці, аднаўлення пасля хваробы, фізічнага развіцця дзяцей і дарослых — у цэлым усё зрабілі для здаровага ладу жыцця. Паверце, гэта не дзяжурныя словы.

Прэзідэнт дадаў, што цяпер у розных рэгіёнах будуюцца сучасныя высокатэхналагічныя медыцынскія цэнтры. Ён заклікаў грамадзян берагчы гэты здабытак і помніць, што ён належыць беларускаму народу:
— Ніколі не дапускайце ніякай прыватызацыі. Пакуль я ёсць, я гэтага не дазволю. Беражыце гэта, яно павінна належаць вам.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы нагадаў, што да пытання будаўніцтва новых бальніц і школ у краіне будуць падыходзіць выверана:

— Таму мы цяпер аптымізуемся. Трэба паднімаць зарплату ўрачам і настаўнікам, таму што гэта аснова нашага грамадства.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.