У Беларусі выдатная моладзь

- 12:28Інфармацыйная гадзіна

“У Беларусі выдатная моладзь”, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка падчас выязнога пасяджэння калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта па пытаннях рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.

Ён адзначыў, што 20% насельніцтва краіны — моладзь ва ўзросце да 31 года. “Напэўна, для любога старэйшага пакалення часам уласціва бурчанне: “Вось, калі мы былі маладымі, мы былі іншымі, лепшымі”. Не. У кожнага пакалення — свой час, свае выклікі, свае праблемы, свая мода”, — сказаў Ігар Сергяенка, і адзначыў, што ў беларускім грамадстве захоўваецца пераемнасць паміж пакаленнямі.

“У рабоце з моладдзю трэба адыходзіць ад фармалізму, спрабаваць размаўляць у тым ліку на мове сучаснай моладзі”, — працягваў ён. На меркаванне, што моладзь мы ўпусцілі, заўважыў: “Я з гэтым абсалютна не згодны. Можа, нейкую частку і ўпусцілі. І сёння трэба больш увагі ўдзя­ліць фарміраванню іх актыўнай грамадзянскай, патрыятычнай пазіцыі”. Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што калі сёння ў Беларусі не будуць праца­ваць з моладдзю, то знойдуцца іншыя, хто гэта зробіць. “Не сакрэт, што сёння многія маладыя лю­дзі з’яз­джаюць на вучобу ў Польшчу, Расію, — прывёў прыклад кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Гэта таксама тэма, якая патрабуе вырашэння не ў плане забароны, а ў плане павышэння ўзроўню адукацыйнага працэсу, яго прывабнасці ў нас у краіне”.

“У свеце ідзе бітва за чалавечыя рэсурсы, таму Беларусь павінна змагацца за сваю мо­ладзь”, — сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі. Ён падкрэсліў, што маладзёжная палітыка — найважнейшая частка ідэалогіі дзяржавы. “Шырокая падтрымка моладзі кіраўніком дзяржавы вызначыла стварэнне разгалінаванай нарматыўнай базы, дзе замацаваны гарантыі і ўмовы станаўлення, развіцця і ўсебаковай рэалізацыі маладых людзей. Гэтая прававая аснова з’яўляецца адной з найбольш поўных сярод аналагічных заканадаўстваў краін СНД. У яе рамках дзейнічаюць гарантыі атрымання адукацыі, у сферы сямейных і працоўных адносін, падтрымка таленавітай і адоранай моладзі, падтрымка мала­дзёжных арганізацый, парламентаў і самакіравання”, — сказаў ён.

Беларусь па індэксе развіцця моладзі займае 51-е месца са 180 краін і ўваходзіць у спіс краін з высокім узроўнем развіцця моладзі.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта прывёў даныя сусветных рэйтынгаў маладзёжнага і агульначалавечага развіцця. Так, па даных параўнальных міжнародных даследаванняў, апублікаваных у 2020 го­дзе, Бе­ларусь па індэксе развіцця мола­дзі займае 51-е месца са 180 краін і ўваходзіць у спіс краін з высокім узроўнем развіцця моладзі, апярэджваючы Казахстан і Расію. Па індэксе прагрэсу мола­дзі 2021 года Беларусь займае 52-е месца сярод 150 дзяржаў.

“Безумоўна, высокія пазіцыі Беларусі ў гэтых і іншых міжнародных рэйтынгах сведчаць аб дасягненнях нашай краіны ў галіне развіцця чалавечага патэнцыялу ў цэлым і маладзёжнага ўчастка, — адзначыў Ігар Луцкі. — Разам з тым я хацеў бы сказаць, што Беларусь адчувае на сабе ўсе рызыкі і пагрозы, якія нясуць сёння глабальныя пра­цэсы. Будучыня нашай краіны залежыць ад таго, наколькі мы зможам умацаваць інтэлектуальны, сацыяльны, духоўны патэнцыял моладзі, нашага грамадства”.

Сярод важных тэндэнцый, якія характарызуюць беларускае грамадства, і ў прыватнасці моладзь, Ігар Луцкі назваў паступальнае старэнне насельніцт­ва і імкненне моладзі да жыцця ў гарадах. Паводле яго слоў, коль­касць грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 14 да 31 года за 4 гады паменшылася на 17,4%. Назіраецца таксама дыферэнцыяцыя чалавечага капіталу моладзі па рэгіёнах і галінах, моладзь імкнецца ў горад. У сельскай мясцовасці пражывае менш за 20% ад агульнай колькасці маладых людзей. Самыя маладзёжныя рэгіёны — сталіца (420 тысяч), Мінская і Гомельская вобласці, менш за ўсё моладзі ў Магілёўскай і Гродзенскай абласцях. 

Міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што зацверджана Стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь да 2030 года. Яна вызначае адзіныя падыходы ў рабоце з моладдзю на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях, міжсектаральнае і міжведамаснае ўзаема­дзеянне. У 2022 годзе запланавана распрацоўка індэкса эфектыўнасці дзяржаўнай мала­дзёжнай палітыкі і ступені сфарміраванасці пазітыўных паводзінскіх установак моладзі.

“Сёння сацыялізацыя мола­дзі праходзіць пад уплывам інтэрнэту, сацыяльных сетак. Зыхо­дзячы з гэтага, намі апрабуюцца і ўкараняюцца новыя падыходы ўзаемадзеяння з моладдзю ў інфармацыйным полі. Рэалізуецца эфектыўнае супрацоўніцтва з блогер-супольнасцю. З мэтай аб’яднання інфармацыйнай дзейнасці ўсіх зацікаўленых структур, якія працуюць у сучасным мала­дзёжным асяроддзі, створаны Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, запушчана інфармацыйная інтэрнэт-платформа — сайт “Моладзь Беларусі”, ствараюцца YouТube- і ТікТок-каналы.

Пры гэтым захоўваюцца традыцыйныя формы інфармацыйнай работы. Паспяхова рэалізуецца праект “ШАГ”. Запатрабаваны ў моладзі дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы, стрымы з цікавымі людзьмі. Для абмену вопытам і лепшымі практыкамі работы арганізавана дзейнасць рэспубліканскага рэсурснага цэнтра па патрыятычным выхаванні моладзі як адзінага кластара на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, створана інтэр­актыўная платформа “Пат­риот. by”, — адзначыў Ігар Карпенка.

На калегіі абмяркоўваліся сучасныя тэндэнцыі ў маладзёжным асяроддзі, праблемныя пытанні ў маладзёжнай палітыцы і меры па яе ўдасканаленні. Таксама члены калегіі разгле­дзелі пытанні, звязаныя з рэалізацыяй мала­дзёжнай кадравай палітыкі, дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкай маладых сем’яў, работай мала­дзёжных сродкаў масавай інфармацыі. Месцам правя­дзення калегіі быў выбраны Мінскі аўтамабільны завод. Удзельнікі мерапрыемства наведалі Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага, азнаё­міліся з выставай тэхнікі, пабывалі ў спецыя­лізаваных класах каледжа, пагутарылі з маладымі рабочымі, інжынерна-тэхнічнымі работнікамі, спецыялістамі завода. 

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.