“Пэўны талент ёсць у кожным дзіцяці, трэба толькі дапамагчы яму раскрыцца” — такі галоўны прынцып работы педагагічнага калектыву сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Клічава. Гэтая навучальная ўстанова не раз перамагала ў спаборніцтвах на лепшую арганізацыю адукацыйнай дзейнасці ў раёне і вобласці. Вучні школы вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, даследчых, інтэлектуальных і творчых конкурсах, спартыўных турнірах. Шмат дасягненняў і ў іншых кірунках. Сваім прыкладам першая клічаўская школа наглядна дэманструе: установа, размешчаная ў невялікім раёне, можа знаходзіцца ў адным шэрагу з навучальнымі ўстановамі буйных гарадоў.

Тварыць і развівацца
Кіраўніцтву сярэдняй школы № 1 удалося вывесці сваю формулу плённай працы. Дырэктар установы Н.І.Кніга, якая летась стала пераможцай абласнога фестывалю “Лідар адукацыі”, пераканана, што сакрэт выніковага функцыянавання школы хаваецца ў першую чаргу ў яе настаўніках. Таму ў школе ствараецца атмасфера, у якой педагогам хацелася б не проста працаваць, а выконваць сваю справу з творчым падыходам.
— Стараемся пастаянна павышаць прафесійны ўзровень настаўнікаў, падтрымліваць іх ініцыятывы і дапамагаць ім дасягаць пастаўленых мэт. Усяляк матывуючы, прадастаўляем педагогам усе неабходныя ўмовы для таго, каб яны маглі тварыць і развівацца. Прычым імкнёмся аказваць не толькі маральную, але па магчымасці і матэрыяльную падтрымку. І гэта дае чаканы вынік. З 57 нашых настаўнікаў каля 70% маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагагічныя работнікі прымаюць удзел у рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах педагагічнага майстэрства. У нас нядрэнны паказчык па замацаванні маладых педагогаў. Важна і тое, што ў ліку выкладчыкаў — шасцёра нашых выпускнікоў, якія мэтанакіравана вярнуліся працаваць у родную школу, — расказала Наталля Іванаўна.
Паводле яе слоў, сёння першая школа — гэта ўстанова, якая ідзе ў нагу з часам. Яна аснашчана самым сучасным абсталяваннем. Тут ёсць інтэрактыўныя дошкі, дастатковая колькасць камп’ютараў, іншая неабходная для арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу тэхніка.
— Абсталяванне навучальнай установы ў адпаведнасці з сучаснымі рэаліямі — важны складнік якаснага навучання. Але найбольшае значэнне мае пастаянны прафесійны і асобасны рост педагогаў, бо, як бы ні была абсталявана школа, вельмі многае залежыць ад настаўніка. Менавіта ён прыходзіць на ўрок і сваім словам, сваім асабістым прыкладам выхоўвае вучняў. Галоўным вектарам поспеху таксама з’яўляецца настаўнік, — лічыць Н.І.Кніга.
На яе думку, вельмі важна, каб у калектыве было адзінства, агульнае імкненне працаваць і рухацца ў адным кірунку. А яшчэ — каб настаўнікі знаходзіліся ў пастаянным творчым пошуку і самаразвіцці.
У першай клічаўскай школе такое адзінства сярод педагогаў ёсць. У калектыву ёсць агульныя ключавыя задачы, да рэалізацыі якіх тут імкнуцца сумеснымі намаганнямі.
— Асноўная наша мэта — усебаковае развіццё навучэнцаў, раскрыццё іх здольнасцей. Вядома, мы імкнёмся да якасці адукацыі, лічым важным паспяховую здачу экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання выпускнікамі. Але не менш значна, каб у школе былі створаны ўмовы, якія дазваляюць вучням адчуваць сябе паспяховымі. Стараемся заўважыць іскрынку таленту ў кожным. Мы ўпэўнены, што яна ёсць ва ўсіх дзяцей. Таму сярод галоўных задач нашых педагогаў — разгледзець у навучэнцу патэнцыял і дапамагчы яму рэалізаваць сябе ў тым, што яму па душы. Акрамя інтэлектуальнага развіцця, у школе ёсць шырокія магчымасці для заняткаў творчасцю і спортам, дзейнічаюць разнастайныя аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі. Для нас прыярытэтна, каб выпускнік ішоў у дарослае жыццё гарманічна развітой асобай, здольнай да самавызначэння ў грамадстве, — адзначыла Наталля Іванаўна.
Вельмі важна, каб у калектыве было адзінства, агульнае імкненне працаваць і рухацца ў адным кірунку. А яшчэ — каб настаўнікі знаходзіліся ў пастаянным творчым пошуку і самаразвіцці.
Якасная адукацыя, якаснае выхаванне
Адметна, што якасць адукацыі ў школе не аддзяляюць ад якасці выхавання, а ўся выхаваўчая работа грунтуецца тут на прывіцці вучням правільных духоўна-маральных каштоўнасцей, на фарміраванні любові да сваёй Радзімы. У гэтай навучальнай установе патрыятызм — слова з асаблівым значэннем.
— Інакш і быць не можа, бо наша школа носіць імя Героя Савецкага Саюза Паўла Ананьевіча Крываноса. У свой час ён тут вучыўся. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў узводам 253-га інжынерна-танкавага палка ў складзе 3-га Беларускага фронту. Асабліва вызначыўся ў баях за вызваленне Віцебскай вобласці, за што і быў узнагароджаны зоркай Героя. На адной са сцен навучальнай установы ёсць мемарыяльная дошка з інфармацыяй пра П.А.Крываноса. Захаванню памяці пра героя служыць і школьны музей баявой славы, які носіць яго імя. Нашы навучэнцы шмат ведаюць пра подзвігі свайго славутага земляка. Усе педагогі разам і паасобку імкнуцца рознымі спосабамі выхоўваць у дзецях гордасць і любоў да роднай зямлі, да месца, дзе яны жывуць і вучацца. Мы разумеем, што пачынаць гаварыць пра патрыятызм трэба не з нейкіх высокіх фраз, а з рэальных спраў, неабходна не абстрактна рыхтаваць дзяцей да будучага жыцця, а даваць ім магчымасць спрабаваць сябе ў розных справах, набываць уменні, якія абавязкова спатрэбяцца ім у далейшым, — падкрэсліла Н.І.Кніга.
Калектыў першай клічаўскай школы рэгулярна праводзіць цікавыя выхаваўчыя мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць педагогаў, дзяцей і іх бацькоў. Гэта дапамагае кожнаму дзіцяці адчуць, наколькі значны яго ўклад у агульную справу. Далучэнне да працы, сямейнасць, фарміраванне пачуцця гордасці і любові да вялікай і малой радзімы — вось тыя ключавыя моманты, якія вызначаюць сістэму выхаваўчай работы навучальнай установы.
У інавацыйным рэжыме
Сярод характэрных асаблівасцей першай школы — работа ў інавацыйным рэжыме. У гэтай установе выразна разумеюць неабходнасць мадэрнізацыі адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з рэаліямі сённяшняга дня. Тут пастаянна рэалізуюцца розныя інавацыйныя праекты. Зараз калектыў планамерна працуе над укараненнем у вучэбны працэс комплекснай праграмы “Інтэлект-развіццё” і над рэспубліканскім інавацыйным праектам па фарміраванні эмацыянальна-каштоўнасных адносін вучняў да гераічнага мінулага беларускага народа з дапамогай выкарыстання гістарычна-культурных рэсурсаў рэгіёна ў вучэбнай і пазакласнай рабоце. Абедзве ініцыятывы накіраваны на паляпшэнне якасці навучання і выхавання навучэнцаў і матывуюць педагогаў на пошук наватарскіх падыходаў у гэтым кірунку.
— Удзел у інавацыйных праектах — яшчэ адзін стымул для прафесійнага росту настаўнікаў. Заканамерна, што нацэленасць на павышэнне прафесіяналізму педагогаў мае двухбаковы характар. Прафесіяналізм настаўніка стварае поспех вучня, поспех установы ў цэлым. Гэта найлепшым чынам пацвярджаюць дасягненні нашай школы, — заўважыла дырэктар установы.
Дасягненняў на самай справе нямала. За лепшыя паказчыкі сярод працоўных калектываў устаноў адукацыі Клічаўшчыны першая школа на працягу чатырох апошніх гадоў заносіцца на раённую Дошку гонару. У спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці школа таксама станавілася пераможцай. За шматлікія перамогі ў розных прэстыжных конкурсах і спаборніцтвах, у міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах навучэнцы і педагогі школы рэгулярна становяцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, узнагароджваюцца спецыяльнымі прэміямі аблвыканкама.
Сярэдняя школа № 1 Клічава дасягнула высокай планкі ў рабоце. Сёння гэта не проста адна з раённых школ Магілёўшчыны. Гэта інавацыйная пляцоўка, адукацыйная прастора для бесперапыннага развіцця прафесійнага патэнцыялу настаўнікаў, асяроддзе для самавызначэння і фарміравання мэт, каштоўнасцей, інтарэсаў навучэнцаў. Аднак на дасягнутых высокіх выніках спыняцца тут не збіраюцца. У першай клічаўскай школе кожны педагог і вучань заўсёды памятае пра тое, што поспех — гэта пастаяннае імкненне да новых вяршынь.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.





