У прамысловую серыю

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Вырабленая ў Беларусі па поўным цыкле вакцына “Спадарожнік V” паступіць у абарот да чэрвеня 2022 года.

Як паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў час наведвання РУП “Белмедпрэпараты”, праект рэалізуецца хуткімі тэмпамі:

— Завяршаецца мантаж біятэхналагічнага абсталявання ад вядучага сусветнага вытворцы. У снежні тут бу­дзе закладзена першая валідацыйная серыя. Гэта 10 працэнтаў ад прамысловай серыі, якая паступіць на захоўванне і будзе праверана на стабільнасць. Калі ўсё будзе добра, то далей пройдуць працэдуры рэгістрацыі ў Беларусі і Расіі.

Да пачатку лета наступнага года вакцына будзе гатова да паступлення ў Беларусь і на экспартны рынак. Агульны аб’ём вытворчасці — больш за 10 млн доз у год, з якіх 4 млн разлічаны для Беларусі.

Як адзначыў прэм’ер-міністр, пры неабходнасці на вытворчасці можна будзе выпускаць не толькі “Спадарожнік V”, але і іншыя сучасныя біяпрэпараты:

— Гэта ўнікальнае месца з пункту гледжання аснашчанасці для фармацэўтычнай і біятэхналагічнай галіны краіны, сапраўдны прарыў. Генеральны дырэктар “Белмедпрэпаратаў” Сяргей Бяляеў нагадаў, што вырабляць вакцыну “Спадарожнік V” на прадпрыемстве будуць па поўным цыкле — ад біялагічнай вытворчасці субстанцыі актыўнага кампанента да выпуску гатовай формы ў выглядзе ампул або флаконаў.

Па матэрыялах БелТА падрыхтавала
 Кацярына РУМЯНЦАВА.