“У Беларусі выдатная моладзь”, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка падчас выязнога пасяджэння калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта па пытаннях рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.
Ён адзначыў, што 20% насельніцтва краіны — моладзь ва ўзросце да 31 года. “Напэўна, для любога старэйшага пакалення часам уласціва бурчанне: “Вось, калі мы былі маладымі, мы былі іншымі, лепшымі”. Не. У кожнага пакалення — свой час, свае выклікі, свае праблемы, свая мода”, — сказаў Ігар Сергяенка, і адзначыў, што ў беларускім грамадстве захоўваецца пераемнасць паміж пакаленнямі.
“У рабоце з моладдзю трэба адыходзіць ад фармалізму, спрабаваць размаўляць у тым ліку на мове сучаснай моладзі”, — працягваў ён. На меркаванне, што моладзь мы ўпусцілі, заўважыў: “Я з гэтым абсалютна не згодны. Можа, нейкую частку і ўпусцілі. І сёння трэба больш увагі ўдзяліць фарміраванню іх актыўнай грамадзянскай, патрыятычнай пазіцыі”. Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што калі сёння ў Беларусі не будуць працаваць з моладдзю, то знойдуцца іншыя, хто гэта зробіць. “Не сакрэт, што сёння многія маладыя людзі з’язджаюць на вучобу ў Польшчу, Расію, — прывёў прыклад кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Гэта таксама тэма, якая патрабуе вырашэння не ў плане забароны, а ў плане павышэння ўзроўню адукацыйнага працэсу, яго прывабнасці ў нас у краіне”.
“У свеце ідзе бітва за чалавечыя рэсурсы, таму Беларусь павінна змагацца за сваю моладзь”, — сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі. Ён падкрэсліў, што маладзёжная палітыка — найважнейшая частка ідэалогіі дзяржавы. “Шырокая падтрымка моладзі кіраўніком дзяржавы вызначыла стварэнне разгалінаванай нарматыўнай базы, дзе замацаваны гарантыі і ўмовы станаўлення, развіцця і ўсебаковай рэалізацыі маладых людзей. Гэтая прававая аснова з’яўляецца адной з найбольш поўных сярод аналагічных заканадаўстваў краін СНД. У яе рамках дзейнічаюць гарантыі атрымання адукацыі, у сферы сямейных і працоўных адносін, падтрымка таленавітай і адоранай моладзі, падтрымка маладзёжных арганізацый, парламентаў і самакіравання”, — сказаў ён.
Беларусь па індэксе развіцця моладзі займае 51-е месца са 180 краін і ўваходзіць у спіс краін з высокім узроўнем развіцця моладзі.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта прывёў даныя сусветных рэйтынгаў маладзёжнага і агульначалавечага развіцця. Так, па даных параўнальных міжнародных даследаванняў, апублікаваных у 2020 годзе, Беларусь па індэксе развіцця моладзі займае 51-е месца са 180 краін і ўваходзіць у спіс краін з высокім узроўнем развіцця моладзі, апярэджваючы Казахстан і Расію. Па індэксе прагрэсу моладзі 2021 года Беларусь займае 52-е месца сярод 150 дзяржаў.
“Безумоўна, высокія пазіцыі Беларусі ў гэтых і іншых міжнародных рэйтынгах сведчаць аб дасягненнях нашай краіны ў галіне развіцця чалавечага патэнцыялу ў цэлым і маладзёжнага ўчастка, — адзначыў Ігар Луцкі. — Разам з тым я хацеў бы сказаць, што Беларусь адчувае на сабе ўсе рызыкі і пагрозы, якія нясуць сёння глабальныя працэсы. Будучыня нашай краіны залежыць ад таго, наколькі мы зможам умацаваць інтэлектуальны, сацыяльны, духоўны патэнцыял моладзі, нашага грамадства”.
Сярод важных тэндэнцый, якія характарызуюць беларускае грамадства, і ў прыватнасці моладзь, Ігар Луцкі назваў паступальнае старэнне насельніцтва і імкненне моладзі да жыцця ў гарадах. Паводле яго слоў, колькасць грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 14 да 31 года за 4 гады паменшылася на 17,4%. Назіраецца таксама дыферэнцыяцыя чалавечага капіталу моладзі па рэгіёнах і галінах, моладзь імкнецца ў горад. У сельскай мясцовасці пражывае менш за 20% ад агульнай колькасці маладых людзей. Самыя маладзёжныя рэгіёны — сталіца (420 тысяч), Мінская і Гомельская вобласці, менш за ўсё моладзі ў Магілёўскай і Гродзенскай абласцях.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што зацверджана Стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь да 2030 года. Яна вызначае адзіныя падыходы ў рабоце з моладдзю на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях, міжсектаральнае і міжведамаснае ўзаемадзеянне. У 2022 годзе запланавана распрацоўка індэкса эфектыўнасці дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і ступені сфарміраванасці пазітыўных паводзінскіх установак моладзі.
“Сёння сацыялізацыя моладзі праходзіць пад уплывам інтэрнэту, сацыяльных сетак. Зыходзячы з гэтага, намі апрабуюцца і ўкараняюцца новыя падыходы ўзаемадзеяння з моладдзю ў інфармацыйным полі. Рэалізуецца эфектыўнае супрацоўніцтва з блогер-супольнасцю. З мэтай аб’яднання інфармацыйнай дзейнасці ўсіх зацікаўленых структур, якія працуюць у сучасным маладзёжным асяроддзі, створаны Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, запушчана інфармацыйная інтэрнэт-платформа — сайт “Моладзь Беларусі”, ствараюцца YouТube- і ТікТок-каналы.
Пры гэтым захоўваюцца традыцыйныя формы інфармацыйнай работы. Паспяхова рэалізуецца праект “ШАГ”. Запатрабаваны ў моладзі дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы, стрымы з цікавымі людзьмі. Для абмену вопытам і лепшымі практыкамі работы арганізавана дзейнасць рэспубліканскага рэсурснага цэнтра па патрыятычным выхаванні моладзі як адзінага кластара на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, створана інтэрактыўная платформа “Патриот. by”, — адзначыў Ігар Карпенка.
На калегіі абмяркоўваліся сучасныя тэндэнцыі ў маладзёжным асяроддзі, праблемныя пытанні ў маладзёжнай палітыцы і меры па яе ўдасканаленні. Таксама члены калегіі разгледзелі пытанні, звязаныя з рэалізацыяй маладзёжнай кадравай палітыкі, дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкай маладых сем’яў, работай маладзёжных сродкаў масавай інфармацыі. Месцам правядзення калегіі быў выбраны Мінскі аўтамабільны завод. Удзельнікі мерапрыемства наведалі Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага, азнаёміліся з выставай тэхнікі, пабывалі ў спецыялізаваных класах каледжа, пагутарылі з маладымі рабочымі, інжынерна-тэхнічнымі работнікамі, спецыялістамі завода.
Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.