Абласны семінар-нарада “Навуковае суправаджэнне ўстойлівага развіцця прамысловасці Гродзенскай вобласці” прайшоў у ГрДУ імя Янкі Купалы.
Семінар арганізаваны ў рамках супрацоўніцтва паміж установамі вышэйшай адукацыі, навуковымі арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі Гродзеншчыны. Ён праходзіў на базе Навукова-тэхналагічнага парка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Дырэктар Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі Віталь Залескі расказаў, што серыя такіх семінараў праводзіцца ў абласцях краіны. Робіцца гэта для таго, каб данесці навуковыя распрацоўкі да прадпрыемстваў, якія могуць іх выкарыстаць. На семінары не толькі расказалі пра здзейсненыя праекты, але і прапанавалі тэхнічныя, тэхналагічныя і фінансавыя механізмы рэалізацыі навуковых ідэй на заводах.
— Семінар-нарада ў першую чаргу мае на мэце сабраць прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Гродна і вобласці для абмеркавання пытанняў інавацыйнага развіцця прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, а таксама пошуку найбольш эфектыўных форм навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, — адзначыў начальнік навукова-даследчай часткі ГрДУ імя Янкі Купалы Антон Глазеў. — Невыпадкова месцам яго правядзення выбраны наш універсітэт. Мы актыўна рэалізоўваем дзяржаўную задачу па павышэнні ўкладу навукі ў інавацыйнае развіццё краіны, а тэхнапарк з’яўляецца адной з эфектыўных форм інтэграцыі навукі, адукацыі і вытворчасці. На яго базе магчыма аб’ядноўваць перспектыўныя перадавыя навуковыя ідэі і распрацоўкі і ўкараняць іх у вытворчасць з высокім эканамічным эфектам.
Удзельнікі семінара абмеркавалі далейшыя перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва і механізмы павышэння эфектыўнасці інтэграцыі навукі і вытворчасці. Былі прэзентаваны інавацыйныя і высокатэхналагічныя распрацоўкі і праекты. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 25 прамысловых прадпрыемстваў не толькі з Гродна, але і з Ліды, Ваўкавыска, іншых гарадоў Гродзенскай вобласці.
У рамках правядзення семінара-нарады было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Фізіка-тэхнічным інстытутам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка падкрэсліла, што падпісанне пагаднення адкрывае перад УВА яшчэ большыя перспектывы і дазволіць пашырыць поле дзейнасці, паглыбіць шматгадовае супрацоўніцтва паміж установамі.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.









