Постчытанне і Canva магчымасцей

- 12:35Адукацыйная прастора

На VIII фестываль педагагічнага майстэрства “Лепшае ад лепшых”, які прайшоў у фармаце вэбінараў, былі прадстаўлены ідэі і творчыя напрацоўкі для аптымізацыі адукацыйнага працэсу і павышэння яго эфектыўнасці.

Займальнае чытанне

На пачатку шэрага анлайн-сустрэч дырэктар Маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы настаўнік рус­кай мовы і літаратуры Васіль Маліноўскі закрануў тэму фарміравання інфармацыйных кампетэнцый навучэнцаў у працэсе літаратурнай адукацыі.

Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі.

Як адзначыў выступоўца, на ўроках літаратуры ў школьнікаў фарміруецца культура чытання, дзіця вучыцца разважаць, аналізаваць, разумець эстэтычны сэнс мастацкага тэксту.

Аднак сёння першарадная задача — зацікавіць дзіця чытаннем, бо большасць школьнікаў не хочуць браць у рукі кнігу. Тут на дапамогу настаўнікам прыходзяць розныя педагагічныя навацыі і прыёмы.

Васіль Маліноўскі на сваіх уроках выкарыстоўвае стратэгію прасоўвання чытання, якая складаецца з трох частак: перадчытанне, чытанне, постчытанне. Для вучняў гэта пераход ад пасіўнага засваення інфармацыі да актыўнага яе пошуку, крытычнага асэнсавання і прымянення на практыцы.

Удзельнікамі фестывалю сталі больш за 300 педагогаў вобласці. Выступалі пераможцы і лаўрэаты рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў, педагогі, якія маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

— На этапе перадчытання, калі ідзе паглыбленне ў гістарычны кантэкст твора, выкарыстоўваю такія прыёмы, як “Кніга ў паперы”, прэс-рэліз, клоўз-тэст, сэмплінг, — дзеліцца вопытам Васіль Уладзіміравіч. — На этапе чытання паступова пагружаю навучэнцаў у кантэнт (тэкст, гук, візуальныя вобразы або камбінацыя мультымедыйных даных) і вучу працаваць з ім. Напрыклад, прапаную школьнікам прымераць на сябе ролю журналіста і падрыхтаваць рэпартаж аб царэўне-жабе, апісаць яе з’яўленне на балі, манеры, паводзіны. Навучэнцы павінны не толькі перадаць змест эпізоду, як у традыцыйнай методыцы, але і выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца, абапіраючыся на жыццёвы вопыт, асабістыя маральныя ўстаноўкі і пачуцці.

Пры вывучэнні “Хамелеона” А.П.Чэхава (6 клас) педагог прапануе “ўзяць інтэрв’ю” ў Ачумелава або Хрукіна. Пры гэтым школьнікі павінны сфарміраваць вобраз героя, адлюстроўваючы яго погляды, характар, унутраны свет. Такія заданні нацэльваюць вучняў на самастойны пошук дадатковай інфармацыі, яе аналіз і адбор.

На думку Васіля Маліноўскага, адзін з самых працаёмкіх і эфектыўных этапаў — гэта постчытанне, на якім становіцца зразумела, як глыбока юны чытач унік у сутнасць літаратурнага твора, навучыўся яго інтэрпрэтаваць, асвоіў інфармацыйныя кампетэнцыі.

Прыёмы “Рэклама твора”, “Літаратурны стартап”, “Брыфлі”, прэс-рэвю, пос­тарная прэзентацыя вучаць самастойна шукаць, сістэматызаваць і адбіраць неабходную інфармацыю, а затым, перапрацаваўшы яе, прадстаўляць у класе з выкарыстаннем тэкставых і графічных рэдактараў, прэзентацый.

Вывучаючы раман Ф.М.Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне” (10 клас), з дапамогай прыёму “Снаўфол”, вучні выкарыстоўваюць цытаты з тэксту, ілюстрацыі, аўдыя- і відэаматэрыялы, каб апісаць шлях Раскольнікава да злачынства, раскрыць зараджэнне яго тэорыі, зрабіць высновы пра ідэю твора. Гукавое і візуальнае суправаджэнне дапамагае дзецям паглыбіцца ў атмасферу медыяпраекта.

Педагог упэўнены, што пры выкарыстанні вышэйпералічаных прыёмаў, калі заданне цікавае і прапрацаванае, ёсць доступ да дадатковай інфармацыі ў інтэрнэце, у вучняў не толькі паспяхова сфарміруюцца інфармацыйныя кампетэнцый, але і выявіцца цікавасць да праектнай дзейнасці.

Даследаванні навучэнцаў і інтэрнэт-сэрвісы

Таццяна Канавалёнак, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Крупак, і Іван Якіменка, настаўнік інфарматыкі, матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, падзяліліся карыснай інфармацыяй аб адукацыйных рэсурсах, якія вельмі зручныя, а часам проста незаменныя падчас арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Іван Віктаравіч Якіменка.

Іван Віктаравіч адзначыў, што пры даследаваннях у галіне дакладных навук вучні павінны мець уяўленне аб распрацаванасці закранутай тэмы. Памочнікамі ў гэтым пытанні могуць стаць у тым ліку пошукавыя сістэмы інтэрнэту. Некаторыя тэмы патрабуюць анкетавання, збору статыстычных даных, напрыклад, калі трэба ацаніць актуальнасць даследавання або ўлічыць патрэбы мэтавай аўдыторыі.

Яшчэ адзін этап даследавання — афармленне работы для далейшай прэзентацыі. Набіраюць папулярнасць даследчыя работы, выкананыя пры дапамозе робататэхнічных набораў. Асноўным вынікам такіх работ з’яўляецца матэрыяльная рэч: прылада або мадэль. У гэтым выпадку акцэнт у абароне даследавання робіцца на дэманстрацыю магчымасцей атрыманага механізма (напрыклад, распрацаваная вучнямі Івана Віктаравіча смарт-урна SATURN).

Далей госці вэбінара даведаліся ад Таццяны Аляксандраўны пра магчымасці сучаснага фармату журнала даследаванняў Bullet journal, які дапамагае эфектыўна арганізоўваць працоўны час, адсочваючы мінулае, арганізоўваючы сучаснасць і плануючы будучыню. Настаўніца прадэманстравала магчымасці праекта “Бебунг” (https://www.bebung.ru/about), які дазваляе зразумець, як уладкаваны тэкст на розных узроўнях успрымання. Далей слухачы даведаліся пра вельмі карысны рэсурс у падрыхтоўцы выніковых матэрыялаў даследчых работ (https://sociation.org/graph — генератар асацыяцый), які сабраў па раздзелах “Гульня”, “Асацыяцыі”, “Словы”, “Лабараторыя” больш за 733 000 асацыяцый.

Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак.

Таксама Таццяна Аляксандраўна прадэманстравала фрагменты некалькіх работ сваіх вучняў па рускай літаратуры ў фармаце Canva, якія атрымалі высокія адзнакі на рэспубліканскай алімпіядзе ў 2019 і 2021 гадах, і расказала пра шырокія магчымасці гэтага сэрвісу.

Напрыклад, у якасці аб’екта даследавання ў 2021 годзе выступіла сучасная казка беларускай дзіцячай пісьменніцы Надзеі Ясмінскай. Таленавітая і крэатыўная, яна ў сваёй творчасці выходзіць за межы традыцый, пашыраючы такім чынам чытацкую аўдыторыю і літаратурную моду. Менавіта гэта і падштурхнула да думкі, што прэзентацыя самой работы павінна адпавядаць аўтару і яго творчасці, быць арыгінальнай і знешне, і па задуме, змяшчаць шмат сэнсаў.

Canva мае ўсе магчымасці для гэтага. Анлайн-платформа аб’ядноўвае простыя інструменты і бібліятэку, у якой захоўваюцца больш чым мільён фатаграфій, графікаў і шрыфтоў. Яе можна выкарыстоўваць, ствараючы прэзентацыі, плакаты, флаеры, карткі, анлайн-маркетынгавыя матэрыялы, запрашэнні, а таксама кантэнт для блога і сацыяльных сетак. З дапамогай гэтага сэрвісу рабіць графічныя праекты прафесіянальнымі надзвычай проста, што вельмі значна пры абароне даследавання.

У канцы сустрэчы ўдзельнікі вэбінара пратэсціравалі анлайн-дошку jamboard.google.com, пакінуўшы на ёй фідбэк аб фестывалі.

Лічбавая дыдактыка

Тэмай заключнага вэбінара стала рэалізацыя прынцыпаў лічбавай дыдактыкі ў сучасным адукацыйным працэсе. Алена Волкава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца рускай мовы і літаратуры, мастацтва сярэдняй школы № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова, акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў сустрэчы на тым, што сёння гэтыя прынцыпы рэалізуюцца ва ўмовах лічбавых рэалій.

Алена Іванаўна Волкава.

— Лічбавае пакаленне дзяцей адрозніваецца рассеянасцю ўвагі, ня­здольнасцю чытаць і разумець вялікія па аб’ёме тэксты, — заўважыла Алена Іванаўна. — Дзеці валодаюць абмежаванай лексікай, часта блытаюць падзеі рэальнай і віртуальнай прасторы, у іх слаба развіта творчае уяўленне. Аднак пры гэтым лічбавае пакаленне імкнецца да навізны і самаўдасканалення, дзеці крэатыўныя і здольныя да сінтэзу розных тыпаў мыслення, да паралельнай апрацоўкі некалькіх патокаў інфармацыі. Яны схільны выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі, могуць хутка яе апрацоўваць і імкліва прымаць рашэнні.

Педагог расказала пра 11 прынцыпаў лічбавага адукацыйнага працэсу, сярод якіх — прынцыпы дамінавання, персаналізацыі, мэтазгоднасці, гібкасці і адаптыўнасці, паспяховасці, навучання ў супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні, практыкаарыентаванасці, нарастання складанасці, насычанасці адукацыйнага асяроддзя, полімадальнасці (мультымедыйнасці) і прынцып уключанага ацэньвання. Гаворачы пра іх асаблівасці, Алена Волкава азнаёміла калег з уласнай методыкай падрыхтоўкі да экзамену па рускай мове ў 9 класе і паказала, як пры дыстанцыйнай форме навучання ў Google-формах пішацца і правяраецца дыктоўка, як ствараецца справаздача па кожнай рабоце, як каментуюцца памылкі.

Таксама настаўнік-метадыст парэкамендавала выкарыстоўваць выдатны практыка-арыентаваны сэрвіс Edstories (https://join.edstories.app), які дапамагае рэалізаваць на практыцы міжпрадметныя сувязі. Як адзначыла Алена Волкава, кожная гісторыя, створаная ў гэтым сэрвісе, будуецца на матэрыяле некалькіх вучэбных прадметаў і пры гэтым мае выразна выяўленую практыкаарыентаванасць, актуальную для школьнікаў тэматыку, яркія прыкметы звыклага ім сеткавага ўзаемадзеяння.

У канцы сустрэчы настаўнік-метадыст прапанавала калегам выканаць шэраг заданняў анлайн: адказаць на пытанне, чым адрозніваецца лічбавая дыдактыка ад традыцыйнай. Такім чынам, падчас вэбінара педагогі змаглі адразу праверыць сябе, прымяніць атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы.

Марына КУНЯЎСКАЯ.