“Расія і Беларусь: рыхтуем кадры будучыні разам” — менавіта так была вызначана тэма круглага стала, які аб’яднаў спецыялістаў сістэмы прафесійнай адукацыі дзвюх краін. Анлайн-сустрэча адбылася ў рамках ХV Міжнароднага кангрэса “Маладыя прафесіяналы”, што прайшоў у Маскве.
У тэме круглага стала закладзены два важныя пасылы. Першы — трэба рыхтаваць кадры будучыні — гэта значыць з апярэджаннем і ў кантэксце сучасных і прагназуемых запытаў прамысловасці. Другі — рабіць гэта трэба разам: супрацоўніцтва адкрывае новыя магчымасці ў гэтым напрамку. ХV Міжнародны кангрэс “Маладыя прафесіяналы” быў прысвечаны пытанням развіцця прафесійнай адукацыі. І двухбаковае ўзаемадзеянне — значны рэсурс яе развіцця. Гэта пацвярджаюць прыклады паспяховага і перспектыўнага ўзаемадзеяння ўстаноў і сістэм адукацыі.
Звязаць у адзіную сетку
Апошнія некалькі гадоў і ў Расіі, і ў Беларусі назапашаны каласальны вопыт падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых кадраў, у тым ліку і для высокатэхналагічных, навукаёмістых вытворчасцей. І сёння размова ідзе ўжо не проста пра абмен вопытам, а пра “настройку” адукацыйных сістэм, сінхранізацыю адукацыйных праграм для сумеснай падрыхтоўкі кадраў. Так, пачалася работа над стварэннем сеткавых адукацыйных праграм у партнёрстве беларускіх і расійскіх адукацыйных устаноў. Першапраходцамі ў гэтай рабоце сталі Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе (філіял РІПА) і Маскоўскі дзяржаўны адукацыйны комплекс. Абедзве ўстановы можна назваць цэнтрамі перадавых тэхналогій у сваіх краінах, дзе сканцэнтравана сучаснае абсталяванне і практыкуюцца сучасныя падыходы да падрыхтоўкі кадраў. Месяц назад падпісана пагадненне аб узаемадзеянні паміж установамі адукацыі.
Напрамкаў узаемадзеяння ўстаноў некалькі. У першую чаргу трэба адзначыць менавіта сумесную сеткавую падрыхтоўку, бо гэта тое, што рэалізуецца не ў перспектыве, а ўжо зараз. У нашай краіне сеткавая падрыхтоўка — з’ява не новая. Прадстаўнікі шэрага ўстаноў адукацыі праходзяць навучанне ў рэсурсных цэнтрах, дзе сканцэнтраваны і пастаянна аднаўляюцца перадавыя тэхналогіі па пэўнай прафесіі. А зараз размова ідзе аб магчымасцях такога навучання для ўстаноў адукацыі розных краін. Так, Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе і Маскоўскі дзяржаўны адукацыйны комплекс вядуць работу па распрацоўцы міждзяржаўнага стандарту для падрыхтоўкі па прафесіі наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем і арганізоўваюць сеткавую падрыхтоўку навучэнцаў. У найбліжэйшы час прадстаўнікі дзвюх устаноў адукацыі змогуць прайсці навучанне на сучасным абсталяванні ў Мінску і Маскве. Так, у Маскоўскім дзяржаўным адукацыйным комплексе можна прайсці блок вытворчага навучання па тэме “Лічбавая фабрыка”, а ў КСТМіА — вывучыць аўтаматызацыю сучаснай вытворчасці ва ўмовах Індустрыі 4.0. Падпісаны ўжо дзве вучэбныя праграмы на модульнай аснове для сумеснай рэалізацыі адукацыйнага працэсу на базе дзвюх устаноў адукацыі.
Таксама ў сумесных планах — развіццё руху WorldSkills, прасоўванне яго стандартаў і пашырэнне кампетэнцый. Так, плануецца развіваць у КСТМіА новыя для ўстановы кампетэнцыі “Інтэрнэт-маркетынг” і “Рэкруцёр”. Разам будуць развіваць кампетэнцыю “Лічбавая метралогія” з наступнай распрацоўкай адукацыйнага стандарту для адкрыцця падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне.
Беларускім установам прафесійнай адукацыі будзе карысна азнаёміцца з вопытам інтэграцыі ўзроўняў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, які рэалізуецца ў рамках маскоўскага праекта “Прафесійная адукацыя без меж”. Так, Маскоўскі дзяржаўны адукацыйны комплекс — гэта ўнікальная ўстанова, якая забяспечвае бесперапынную прафесійную адукацыю на ўсіх узроўнях навучання: школа — тэхнікум — УВА-партнёр — прадпрыемства. І, безумоўна, гэта вельмі цікавы вопыт.
Яшчэ адзін напрамак узаемадзеяння — рэалізацыя праекта па стварэнні профільных тэхнаатрадаў на базе дзіцячых аздараўленчых лагераў.
Зразумела, усе перадавыя напрацоўкі, што з’явяцца ў выніку сумеснай работы, не застануцца толькі ў рамках двух каледжаў, а будуць распаўсюджвацца далей на ўсю сістэму прафесійнай адукацыі.
Адзначым, што Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва. Падпісана больш за 10 пагадненняў з установамі адукацыі розных краін. І Маскоўскі дзяржаўны адукацыйны комплекс не адзіны расійскі партнёр — лепшымі адукацыйнымі практыкамі абменьваецца каледж з Гусеўскім політэхнічным тэхнікумам, Уладзімірскім індустрыяльным каледжам, Лікіна-Дулёўскім політэхнічным каледжам і інш.
Валерый Галубоўскі, рэктар РІПА:
“У Расіі і ў Беларусі назапашаны каласальны вопыт падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых кадраў, у тым ліку і для высокатэхналагічных вытворчасцей. Надышоў час аб’яднаць нашы намаганні і патэнцыял для развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі і моладзі дзеля будучыні нашых краін”.
Не толькі вучыць, але і выхоўваць
Звычайна ўстановы адукацыі першапачаткова знаходзяць пункты непасрэдна ў пытаннях падрыхтоўкі кадраў. Аднак потым супрацоўніцтва пашыраецца і такіх пунктаў становіцца ўсё больш. У якасці прыкладу можна прывесці Расашанскі каледж мясной і малочнай прамысловасці і Слуцкі дзяржаўны каледж.
Прыярытэтны кірунак супрацоўніцтва ўстаноў — падрыхтоўка кадраў для малочнай прамысловасці. Установы дзеляцца вопытам падрыхтоўкі спецыялістаў. У Слуцкім дзяржаўным каледжы для падрыхтоўкі спецыялістаў грамадскага харчавання створаны рэсурсны цэнтр з найноўшым абсталяваннем, якое адпавядае не толькі айчынным, але і міжнародным стандартам. Для падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Тэхналогія масларобнай, сыраробнай і малочнай вытворчасці” ў вучэбнай лабараторыі адкрыты міні-цэх. База ўстановы — пляцоўка для падрыхтоўкі да конкурсаў WorldSkills не толькі для сваіх навучэнцаў, але і для навучэнцаў устаноў-партнёраў.
У рамках міжнароднага супрацоўніцтва ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі і Расіі праводзіцца міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства “Майстар малочнай вытворчасці”. Пляцоўкай яго правядзення становіцца і Слуцкі каледж. Так, установа ўжо запрашае на спаборніцтвы 2022 года, а Расашанскі каледж плануе ўзяць удзел.
Слуцкі каледж шчодра дзеліцца вопытам работы, які ва ўстановы, што з’яўляецца адной з самых моцных у нашай краіне, безумоўна багаты. Каледж заўсёды запрашае партнёраў узяць удзел у панараме вопыту выкарыстання электронных сродкаў навучання, семінарах па прымяненні здароўезберагальных тэхналогій, метадычных майстар-класах.
Яшчэ адзін напрамак сумеснай работы — правядзенне вучэбна-даследчых работ і ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях студэнтаў. Штогод на базе Расашанскага каледжа праходзіць Дзень навукі, да ўдзелу ў якім запрашаюць і случчан.
Адметна, што супрацоўніцтва выходзіць за рамкі падрыхтоўкі кадраў. І ў выхаваўчай рабоце ўстановы знаходзяць мноства магчымасцей для ўзаемнага ўзбагачэння. Так, зараз разам установы праводзяць урокі мужнасці. Супрацоўнічаюць студэнцкія саветы, валанцёрскія арганізацыі каледжаў. Слуцкі каледж на працягу шэрага гадоў праводзіць патрыятычны марафон “Паклонімся вялікім тым гадам”, да якога плануюць далучыцца і расійскія таварышы. З 2019 года на базе ўстановы дзейнічае цэнтр духоўнага развіцця Слуцкага краю. Ва ўстанове рэалізоўваецца праект “Будуем храм сваёй душы”. Такім чынам, духоўна-маральнае выхаванне — гэта яшчэ адзін пункт узаемадзеяння з велізарным патэнцыялам. Установы цэняць сваё партнёрства, якое стала такім плённым, што ў Расашанскім каледжы з’явілася традыцыя праводзіць тыдні Беларусі.
Педсавет на дзве краіны
Яшчэ адзін паспяховы беларуска-расійскі адукацыйны тандэм — гэта Міжрэгіянальны цэнтр кампетэнцый — Тэхнікум імя С.П.Каралёва і Індустрыяльна-педагагічны каледж (філіял РІПА). Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі толькі 2 месяцы назад, аднак адразу ўзяліся за справу. Нядаўна скончылася матэматычная алімпіяда,
у якой бралі ўдзел навучэнцы абедзвюх устаноў адукацыі. Ідзе падрыхтоўка да алімпіяды па спецдысцыплінах будаўнічай накіраванасці. У планах — правесці конкурс прафмайстэрства па стандартах WorldSkills для абмену вопытам. Ужо распрацавалі план сумеснай работы на 2022 год, багаты на мерапрыемствы рознага кшталту.
Алімпіяды, конкурсы прафмайстэрства, навукова-практычныя канферэнцыі — гэта толькі адзін з напрамкаў супрацоўніцтва. Расійскія калегі звяртаюць увагу на тое, што ў беларускіх установах прафесійнай адукацыі моцная і сістэмная метадычная работа. Таму інфармацыйна-метадычны абмен вопытам па рэалізацыі адукацыйных праграм ім вельмі цікавы. Плануецца абменьвацца вопытам па распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі, вучэбна-метадычных матэрыялаў, рэкамендацый па арганізацыі адукацыйнага працэсу, правядзенні адукацыйных, конкурсных, выхаваўчых мерапрыемстваў. Абмяркоўваецца магчымасць сумеснай распрацоўкі метадычных матэрыялаў па вучэбных дысцыплінах. У красавіку плануюць нават правесці сумесны педсавет па вывучэнні вопыту правядзення заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Дар’я РЭВА.