Пад музыку дабра

- 15:38Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Духоўна-­маральнае выхаванне навучэнцаў у ліку прыярытэтаў дзейнасці Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі­-каледжа мастацтваў імя Я.Глебава.

— Узаемадапамога, бескарысная падтрымка блізкіх — для нашых навучэнцаў гэта не пустыя словы. У нас шырока развіты валанцёрскі рух. Пад кіраўніцтвам педагогаў вучні пастаянна арганізуюць розныя дабрачынныя мерапрыемствы. Разам дапамагаюць цяжкахворым дзецям, ветэранам. Наогул, усім, каму могуць, — расказаў дырэктар гімназіі-каледжа Аляксандр Курсакоў.

Па яго словах, адна з найбольш маштабных акцый — “Музыка дабра”. На працягу навучальнага года вучні гімназіі-каледжа выступаюць са шматлікімі дабрачыннымі канцэртамі, у ходзе якіх збіраюць грашовыя сродкі і разнастайныя рэчы для тых, хто мае ў гэтым патрэбу.

Своеасаблівыя вынікі дабрачыннай акцыі падвялі на мерапрыемстве “Гімназія-каледж збірае сяброў”. Яго ўдзельнікамі сталі дзеці, бацькі, педагогі. Запрасілі і ганаровых гасцей, сярод якіх старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын, дырэктар абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Ірына Фісюк, прадстаўнікі мясцовых выканаўчых улад і грамадскіх арганізацый.

Падчас чарговага дабрачыннага канцэрта сольныя выканаўцы і творчыя калектывы навучальнай установы паказалі гасцям усю шматграннасць сваіх талентаў. Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала ўручэнне падарункаў. Вучні гімназіі-каледжа аказалі адрасную дапамогу навучэнцу Асіповіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату Марату Новікаву. Хлопчыку, які захапляецца фота- і відэаздымкай, уручылі фотаапарат. Акрамя таго, шэраг падарункаў навучэнцы крыху раней прэзентавалі дзецям, якія знаходзяцца на лячэнні ў хоспісе Магілёва, выхаванцам Мсціслаўскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Значна, што прысутныя на выніковым канцэрце-акцыі таксама маглі паўдзельнічаць у дабрачыннасці. Усе сабраныя там сродкі будуць накіраваны на набыццё спецыялізаваных хадункоў для яшчэ адной навучэнкі Асіповіцкай школы-інтэрната — Паліны Мухі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскай дзяржаўнай гімназіяй-каледжам мастацтваў імя Я.Глебава.