Я ведаю, што лепш…

- 16:19Выхаванне

“Я ведаю, што лепш за цябе гэта ніхто не зробіць”, — натхняе дзяцей на новыя здзяйсненні чароўная фраза Паліны Паўлаўны Якушэнка. Што яшчэ ў арсенале педагога­-арганізатара сярэдняй школы № 1 Пінска і чаму яна кумір для хлопчыкаў і дзяўчынак?

Галерэю выбітных піянерважатых краіны мінулай восенню папоўніў партрэт Паліны Паўлаўны Якушэнка. Яе заслугі былі адзначаны падзякай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на III Рэспубліканскім форуме важатых Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі “Піянерважаты — час дзейнічаць!”.

Для Паліны Паўлаўны важаты — стан душы. Гэта сябар, артыст і чараўнік у адной асобе. А яшчэ чалавек, які заўсёды разам з дзецьмі, але ў той жа час ідзе крыху наперадзе.

Такую работу ўсе называюць прызваннем, але ў ёй ёсць свае белыя і чорныя палосы. Што складанага, а што прыемнага ў прафесіі важатага?

— Калі гаварыць пра змену ў аздараўленчым лагеры, то першы тыдзень самы цяжкі, калі не ведаеш дзяцей і перажываеш, што не знойдзеш з імі кантакт. З-за гэтага нервуешся, як першакласнік. У школьных буднях дзеці паглыблены ў вучобу, таму задача педагога-арганізатара — не адцяг­ваць іх ад урокаў, але адначасова выбудаваць работу максімальна прадукцыйна ў кароткі адрэзак часу. Усё ж перамогу ў конкурсах БРПА ніхто не адмяняў! А самае прыемнае — гэта момант усведамлення таго, што ўсё задуманае ажыццяўляецца.

Для Паліны Паўлаўны піянеры — гэта невычэрпная крыніца энергіі і стымул рухацца наперад. Дзякуючы рабоце з дзецьмі, педагог-арганізатар штодня пазнае нешта новае і любіць жыццё яшчэ мацней. Знайсці падыход да дзяцей для Паліны Паўлаўны няцяжка: у запасе ёсць пару сакрэтных фраз.

— Самая любімая: “Я ведаю, што лепш за цябе гэта ніхто не зможа зрабіць”. Вы не ўяўляеце, як гэтыя словы матывуюць дзіця! Яно пачынае верыць у сябе, усведамляе, што любыя цяжкасці яму па плячы. Трэба верыць у дзяцей, а не спыняць іх мары дарослымі доказамі.

Дзякуючы такому падыходу, піянерыя Піншчыны заваявала не адну вяршыню. У горадзе 18 сярэдніх школ і адна спецыялізаваная. У кожнай ёсць па-свойму ўнікальная дружына. Сярод піянераў Пінска шмат пераможцаў абласных і рэспубліканскіх конкурсаў: “Піянерскі квіз”, “Суперзорачка”, “Пароль — “Акцябронак”, “Вотчына.бай”. Добрай традыцыяй у сярэдняй школе № 1 Пінска стаў штогадовы фестываль усіх цімураўскіх і валанцёрскіх атрадаў горада “Спяшайся тварыць дабро!”, дзе ўзнагароджваюцца лепшыя.

Вось і напярэдадні навагодніх свят удзельнікі валанцёрскага атрада “Сэрца ў руцэ” сярэдняй школы № 1 Пінска прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Валанцёр года”.

На гарадскім этапе атрад атрымаў перамогу ў трох намінацыях, а пасля адправіўся ў Брэст на абласны этап конкурсу. Там дзеці занялі 3-е месца ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад” і 1-е месца ў намінацыі “Прома-ролік”. Гэта другі год, калі валанцёрскі атрад займае прызавыя месцы на абласным этапе.

— Наш валанцёрскі атрад існуе 5 гадоў, — расказвае Паліна Паўлаўна. — Пры падрыхтоўцы да конкурсу самым складаным было прыдумаць ідэю, як па-новаму расказаць аб сваім атрадзе і праблемах, з якімі сутыкаюцца людзі, што маюць патрэбу ў дапамозе. Натхненнем сталі відэа- і фотаматэрыялы, створаныя ў рамках валанцёрскай дзейнасці.

У рамках конкурсу Паліна Паўлаўна Якушэнка была ўзнагароджана падзякай Цэнтральнага савета Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі за актыўную работу па ажыццяўленні міратворчых і дабрачынных мерапрыемстваў і падтрымку дзейнасці БРСМ.

Соф’я ЦЫКУНОВА.