Сённяшні майстар у сістэме прафесійнай адукацыі павінен валодаць тэарэтычнымі і практычнымі ведамі па прафесіі, умець выкарыстоўваць эфектыўныя педагагічныя методыкі, быць творчым і ініцыятыўным. Але ці магчыма гарманічнае спалучэнне ўсіх гэтых якасцей? Удзельнікі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Майстар года” на справе прадэманстравалі — магчыма.

Прафесійныя спаборніцтвы сярод майстроў вытворчага навучання сталі на Магілёўшчыне ўжо традыцыйнымі. І цікавасць да іх не згасае. Па словах начальніка вучэбна-метадычнага цэнтра МДАІРА Ірыны Кандрашовай, конкурс вельмі папулярны сярод патэнцыяльных удзельнікаў.
— “Майстар года” — гэта не толькі спосаб выяўлення самых таленавітых майстроў вытворчага навучання, але і своеасаблівая пляцоўка для абмену вопытам. Спаборніцтвы дазваляюць майстрам не толькі прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі і педагагічныя здольнасці, але і ацаніць узровень прафмайстэрства калег і тым самым прымеціць нешта новае для сябе, — паведаміла Ірына Аляксандраўна.
Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 24 майстры, якія прадстаўлялі ўсе прафесійныя ліцэі і каледжы рэгіёна і сталі лідарамі ў сваіх установах адукацыі. Каб атрымаць ганаровае званне “Майстар года”, удзельнікам трэба было справіцца з разнастайнымі заданнямі. Першым выпрабаваннем для іх стала тэсціраванне на веданне навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі. Пасля канкурсанты прадстаўлялі відэазапіс заняткаў вытворчага навучання ў вучэбнай групе.
— Па выніках адборачнага тура журы вызначыла 11 фіналістаў. Для іх было прадугледжана яшчэ адно заданне — прадстаўленне на сцэне творчай прэзентацыі “Мая прафесія — мой выбар”, — расказала Ірына Кандрашова.
Абсалютна ўсе фіналісты паказалі сябе выключнымі прафесіяналамі, творчымі, рознабаковымі асобамі, якія імкнуцца да самаўдасканалення, прымянення разнастайных форм і метадаў навучання, ракрыцця здольнасцей дзяцей. Перамогі быў годны кожны ўдзельнік, таму многія па агульных выніках атрымалі ўзнагароды па намінацыях. Калі гаварыць пра лепшых з лепшых, то дыпломаў ІІІ і ІІ ступені адпаведна ўдастоены Юлія Уладзіміраўна Вараб’ёва з Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа і Жанна Міхайлаўна Мельнікава са Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12. А пераможцамі конкурсу і ўладальнікамі звання “Майстар года” сталі адразу два ўдзельнікі — Аляксандра Юр’еўна Барысенка з Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і Аляксей Мікалаевіч Нізаўцоў з Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Аляксандра АНТАШКЕВІЧА.





