Дзе расце здароўе?

- 9:00Выхаванне

На гэтае пытанне адкажуць навучэнцы Сцешыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Пра зёлкі і іх гаючыя ўласцівасці яны ведаюць усё і крыху больш. Каб пазнаёміцца з юнымі траўнікамі, з іх шыкоўнай калекцыяй зёлак і адчуць смак духмянай гарбаты, мы завітаем у Сцешыцы.

У музеі зёлкі ўсюды: і ў снапах, і ў слойках, і на гадзініку.

Сцежкамі Зоські Верас

Аграгарадок знаходзіцца ў надзвычай маляўнічым краі. Ад школы рукой падаць да лесу, непадалёк і рака. Некалі менавіта тут настаўніца біялогіі Лідзія Ягораўна Матвеева нарыхтоўвала лекавыя расліны і гэтаму вучыла сваіх вучняў. У класах з’яўляліся букецікі засушаных кветак, каласкоў, лісточкаў, напаўняючы школу сваім водарам круглы год. Каб дасканала іх даследаваць і знаёміцца з іх гаючымі ўласцівасцямі, у 1993 годзе Лідзія Ягораўна са сваімі юнымі паплечнікамі заснавала музей зёлак. І ўвесь гэты час музей толькі пашыраецца, папаўняецца і развіваецца.

На сёння тут сабрана больш за 250 лекавых экспанатаў, якія сваім водарам без указальнікаў і шыльдаў беспамылкова дапамогуць гасцям знайсці сюды дарогу. Сэрцам музея стала факсімільнае выданне “Батанічнага слоўніка” 1924 года Зоські Верас, беларускай паэтэсы, пісьменніцы і грамадскага дзеяча, якая мела медыцынскую адукацыю і займалася пчалярствам і лекавымі раслінамі. Сёння работа яе паслядоўнікаў — сцешыцкіх траўнікаў — працягваецца пад кіраўніцтвам Любові Віктараўны Гнаценка, якая, акрамя таго, што працуе кіраўніком музея, педагогам-арганізатарам і настаўніцай вытворчай працы, займаецца яшчэ, як і Зоська Верас, пчалярствам і зборам лекавых траў.

Чай — адзін з самых смачных і карысных лекавых напіткаў. Гатуюць яго з лясных, палявых траў і пладоў, вельмі разнастайных па смаку, колеры і водары. Яны маюць у сваім складзе мноства біялагічна актыўных рэчываў: вітамінаў, ферментаў, мікраэлементаў, арганічных кіслот і г.д. Букет біялагічна актыўных рэчываў дабратворна ўплывае на арганізм чалавека, засцерагае, папярэджвае і лечыць шматлікія захворванні, таму травяныя чаі рэкамендуецца піць усім незалежна ад узросту і стану здароўя.

Па зёлкі з Любоўю

“Усе лекавыя расліны, якія растуць у нашых лясах, у палях, на лугах і якія мы вырошчваем самі на сваім прышкольным участку, знаходзяцца ў нашым музеі. Штогод мы абнаўляем і папаўняем свае калекцыі, — расказвае Любоў Віктараўна. — У сезон мы з дзецьмі рэгулярна ходзім у экалагічныя паходы — вывучаем нашу мясцовасць, наш лес, расліны. Выходзім і ў экалагічны палатачны лагер на бераг ракі Віліі. На працягу 9 дзён жывём сярод прыроды, маем час ёй налюбавацца, зрабіць фота прыгожых раслін. Акурат у гэтыя дні і нарыхтоўваем большую частку зёлак. Там жа, у цені дрэў, на спецыяльных падстаўках сушым сабраныя травы. Дасушваем іх ужо ў школьным музеі”, — дзеліцца Любоў Віктараўна.

Не збіраюць школьнікі толькі расліны з Чырвонай кнігі Беларусі. Затое пра кожную добра ведаюць — у музеі для іх адведзена асобная экспазіцыя з фота- і пазнаваўчымі матэрыяламі. Венерын чаравічак, пярэсна горная, дуб скальны, гарлянка звычайная, званочак шыракалісты, вадзяны арэх плаваючы, люцік еўрапейскі, вадзяніка чорная і г.д. — гэта тыя расліны, якія пільныя вочы юннатаў імгненна вылучаць сярод мноства іншых у прыродзе, каб незнарок не сарваць. Праўда, месцы іх знаходжання яны таксама ведаюць, каб быць асцярожнымі. Калі б мы завіталі сюды летам, юннаты адвялі б нас да заток Віліі, каб паказаць белы і жоўты гарлачык, а ў лесе паказалі б узлескі з ветраніцай дубраўнай, са сном лугавым. Зрэшты, каб самастойна знайсці той жа сон лугавы, дастаткова прайсціся па экалагічнай сцежцы — гэтая расліна, абгароджаная школьнікамі і абазначаная інфармацыйнай таблічкай, стала яе часткай.

Надзея Іванова і лета ў ахапку.

А калі вы трапілі сюды зімой — не бяда. У музеі юныя батанікі пакажуць вам травы-прыправы, спецыі і лекавыя расліны з агарода, лугу, поля, а таксама балота і лесу. Раскажуць, як правільна збіраць, апрацоўваць і выкарыстоўваць зёлкі ў народнай медыцыне. Тут жа экскурсаводы азнаёмяць з календаром збору зёлак, раскажуць пра кветкавы гадзіннік Карла Лінэя, які дапаможа па кветках вызначыць час, раскажуць пра кветкавы этыкет, пакажуць сваю калекцыю посуду для нарыхтоўкі, захавання і гатавання чаю — ад ступак да самавара і, канечне ж, запросяць на чайныя вячоркі, дзе пачастуюць духмянай гарбатай і мёдам з пчальніка Любові Віктараўны.

Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць ядавітыя расліны Беларусі. Яны растуць вакол нас, таму жыццёва важна ведаць, як яны выглядаюць. Але не абавязкова іх пазбягаць, бо ў большасці сваёй яны — добрыя лекі, трэба толькі ведаць, як і ў якой колькасці іх ужываць. Многія ядавітыя расліны небяспечныя толькі ў пэўны перыяд, а бываюць расліны, у якіх толькі некаторыя часткі атрутныя: напрыклад, ягады добра вядомых бульбы і ландыша. У многіх ядавітых раслін ёсць ядомыя двайнікі. Напрыклад, корань цыкуты падобны да рэпы, лісты балігалову — да пятрушкі, насенне дурнап’яну — да насення маку. Тут парада ў школьнікаў простая: калі дакладна не ведаеш, якая расліна перад табой, — лепш не чапай.

Збіраць розныя часткі лекавых раслін можна толькі ў пэўную пару. Для заварвання гарбаты лісточкі і кветкі лепш не здрабняць, а сушыць цалкам ці буйнымі кавалкамі — так паўней раскрываецца іх водар.

Даследчыя будні

“Знайсці і даследаваць” — менавіта пад такім дэвізам жывуць сцешыцкія школьнікі. Прычым усе. Экалогія даўно стала адным з вядучых кірункаў выхаваўчай работы школы. Курыруе яе Л.К.Кратовіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.

“Нашы дзеці вельмі актыўна даследуюць зёлкі, пішуць даследчыя работы, паспяхова з імі выступаюць на экалагічных конкурсах. Так, у нас рэалізаваны стартап-праект “Аптэкарскі агарод”, паспяхова мы прадставілі і свой “Агарод на падаконніку” ў рэспубліканскім дыстанцыйным конкурсе па інтэр’ерным дызайне “Зялёны дом”, стварылі “Сад адной культуры” і інш. У аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Расток” нашы дзеці на працягу 21 дня вырошчвалі лекавыя расліны з насення, — расказвае Людміла Канстанцінаўна. — Цяпер у нас рэалізуецца даследчы праект, у межах якога кожны клас працуе над пэўнай тэмай, збіраючы адпаведны матэрыял. Так, адзін клас выбраў сабе кірунак “Экалагічная паэзія”, у межах якога дзеці пішуць вершы пра прыроду і збіраюць творы вядомых пісьменнікаў. Другі клас складае “Азбуку грыбоў” — хлопчыкі і дзяўчынкі вывучаюць усе грыбы, якія растуць у лесе, у полі. Яшчэ адзін клас вывучае дрэвы і іх карысць для чалавека. Так, кожны з іх ужо ведае, што, напрыклад, зубны боль зніме паласканне адварам кары дуба. Эколага-краязнаўчы атрад “Спадчына” збірае беларускія народныя прыкметы, звязаныя з раслінамі і надвор’ем. Праект “Чароўныя лекары” атрада “Рамонкі” прысвечаны палявым кветкам. Праект “Фітабар” рэалізуе эколага-краязнаўчы атрад “Non-stop”, вывучаючы і расказваючы іншым правілы збору, сушкі, захоўвання і, канечне ж, гатавання гарбаты з зёлак. Яны ж прапануюць падчас дэгустацыі параўнаць напіткі, згатаваныя па мясцовых рэцэптах і рэцэптах іншых краін”.

Прыемна, што для многіх нашых навічкоў лячэнне травамі не інавацыя. Бацькі многіх з іх, калі захварэлі дзеці, бягуць не ў аптэку, а на кухню — заварваць гарбату з гаючых траў і ягад.

Яшчэ адно агульнашкольнае захапленне — вырошчванне і калекцыяніраванне фіялак, ці сенполій. Ужо некалькі соцень вазонаў больш як 100 гатункаў цвітуць амаль круглы год ва ўсіх кабінетах і калідорах, расфарбоўваючы іх у адценні ўсіх магчымых колераў. Даглядаюць школьную калекцыю школьнікі разам, а размнажэннем, вырошчваннем і продажам фіялак займаецца школьная бізнес-кампанія “Vita”. Хаця гэта не асноўная яе задача. Школьныя прадпрымальнікі ўсё ж працягваюць лекарскія традыцыі, і іх галоўны прадукт — расада лекавых кветак і агародніны для мясцовага насельніцтва.

У поле клопату сцешыцкіх школьнікаў трапіла і зялёная гаспадарка мясцовага лясніцтва, якому яны актыўна дапамагаюць. А некаторыя выпускнікі нават на прафесійным узроўні, бо выбіраюць сярод мноства іншых прафесій якраз лясныя. Напрыклад, нядаўна лесніком тут стала працаваць Вікторыя Сіцько. Маюць школьнікі і свае насаджэнні — 2 гады назад яны залажылі каля школы алею, дзе высадзілі больш за 100 кедраў і лістоўніц. У найбліжэйшых планах сённяшніх школьнікаў — пачаць супрацоўніцтва з Greenpeace ў межах праекта “Адродзім наш лес”.

Святлана НІКІФАРАВА.