У рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГˮ міністр адукацыі Андрэй Іванец наведаў гімназію № 33 Мінска.
Гэтая ўстанова адукацыі невыпадкова была выбрана месцам сустрэчы са старшакласнікамі па тэме “Гордасць за Беларусь. На варце нацыянальнай бяспекі і суверэнітэтуˮ. Нядаўна 33-й сталічнай гімназіі было прысвоена ганаровае званне “Школа міруˮ. Менавіта мір і яго каштоўнасць былі ў цэнтры абмеркавання на адкрытым дыялогу. Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь надзейна абараняюць мір на нашай зямлі, умацоўваюць сваю абароназдольнасць, а прафесія воіна, абаронцы Айчыны заўсёды будзе пачэснай у грамадстве.
— Пытанні міру і бяспекі набываюць асаблівую актуальнасць. Мы бачым, наколькі сёння напружаны нашы граніцы на заходніх рубяжах. Ніхто не чакаў, што адпаведнае напружанне можа ўзнікнуць і на паўднёвых рубяжах. Канечне, гэта хвалюе кожнага з нас, бо ўсе мы хочам жыць у міры і згодзе, не хочам, каб была вайна, супярэчнасці з нашымі суседзямі. Мы павінны разумець, што гэты мір вельмі крохкі. І калі мы гаворым, што дзяржава нясе адказнасць за бяспеку нашых знешніх рубяжоў, то немалаважнай задачай зʼяўляецца і наша ўнутраная бяспека, а яна ў нашым адзінстве. Наша краіна, яе працвітанне і развіццё залежаць толькі ад нас. Кожны з вас, прыходзячы на вучобу, выбіраючы будучую прафесію, месца працы, павінен думаць, што гэта яго асабісты ўклад у развіццё нашай краіны, — адзначыў Андрэй Іванавіч.
Па словах міністра адукацыі, у Беларусі праводзіцца сацыяльна-арыентаваная палітыка, створаны вельмі добрыя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, усе грамадзяне маюць роўныя магчымасці рэалізаваць сябе. Але поспех кожнага навучэнца залежыць ад яго таленту і жадання. Калі ёсць жаданне развіваць гэты талент, то абавязкова будзе дасягнуты поспех. Менавіта дзеля гэтага зладжана працуюць адпаведныя структуры, міністэрствы, ведамствы, забяспечваючы цэласную карціну нашага развіцця.
Тое, што такая зладжаная работа дае плённыя вынікі, пацвярджае дзейнасць гімназіі № 33 Мінска. Словы “мірˮ, “гістарычная памяцьˮ займаюць цэнтральнае месца ў яе рабоце. Тут паспяхова працуе валанцёрскі атрад “Клопатˮ, сабраны і дапаўняюцца звесткі пра родных навучэнцаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. А мемарыяльны атрад гімназіі па выніках нясення Ганаровай Вахты памяці на Пасту № 1 горада-героя Мінска па выніках мінулага навучальнага года быў прызнаны лепшым у горадзе.
Падчас мерапрыемства вучні азнаёміліся з работай пагранічнай і мытнай службаў, дзейнасцю Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Напрыканцы сустрэчы Андрэй Іванавіч Іванец сумесна са старшынёй камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Наталляй Варленаўнай Праскуравай адказалі на пытанні гімназістаў наконт здачы цэнтралізаванага тэсціравання і развіцця сістэмы адукацыі.
Традыцыйная сустрэча з навучэнцамі ў рамках адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” была прысвечана тэме “Гордасць за Беларусь. На варце нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту” (аб Узброеных Сілах, пагранічнай службе, мытнай службе, МНС). Удзельнікамі яе сталі навучэнцы ўстаноў адукацыі Беларусі.
Першы намеснік міністра адукацыі І.А.Старавойтава сустрэлася з навучэнцамі Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва. Ірына Анатольеўна не прапускае магчымасці непасрэднай камунікацыі з навучэнцамі.
— ШАГ кожны раз дае нам магчымасці стварэння адкрытай дыялогавай прасторы. І тэмай для абмеркавання становіцца самая актуальная праблематыка, — адзначыла першы намеснік міністра.
Таксама госцем мерапрыемства быў Андрэй Валер’евіч Стрыгельскі, першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.
Заняткі правяла бібліятэкар Галіна Іванаўна Сямёнава. Навучэнцам прапаноўваліся такія тэматычныя блокі, як “Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь — гарант нацыянальнай бяспекі краіны”, “Граніцы Беларусі пад надзейнай абаронай”, “Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь: дапамога побач”.
Далей мерапрыемства набыло фармат адкрытага дыялогу. У размове з навучэнцамі госці падкрэслілі, што для любога грамадзяніна абараняць свабоду і суверэнітэт краіны — гэта абавязак. І рабіць гэта можна па-рознаму, у першую чаргу — сваёй штодзённай працай. Напрыклад, навучэнцы ліцэя № 12 — будучыя будаўнікі. Ліцэй паспяхова вядзе падрыхтоўку па шэрагу будаўнічых спецыяльнасцей. Удзельнікі мерапрыемства звярнулі ўвагу, што гэтая галіна надзвычай важная, без будаўнікоў немагчыма існаванне ніводнай дзяржавы. І калі пасля выпуску навучэнцы пойдуць працаваць і будуць рабіць гэта сумленна і кампетэнтна, то гэта будзе іх найлепшы ўклад у развіццё нашай дзяржавы, у тым ліку ва ўмацаванне незалежнасці.
— Кожны павінен старанна выконваць сваю справу і добра ведаць яе. Педагог — вучыць, будаўнік — будаваць, інжынер — ствараць новыя праекты, а ваенныя — выконваць свае абавязкі. Магутнасць нашай краіны выбудоўваецца працай кожнага з нас — штодзённай, адказнай, плённай, — падкрэсліла І.А.Старавойтава.
Ігар ГРЭЧКА, Дар’я РЭВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.