Студэнты БДУ распрацавалі дадатак для вучэбнай матывацыі вучняў пачатковых і сярэдніх класаў з рабочай назвай Child Ed App, або “Дзіця і навучанне”.
У 2019 годзе ў БДУ быў створаны стартап-цэнтр, у якім вядзецца актыўная работа па фарміраванні прадпрымальніцкіх кампетэнцый у актыўнай і таленавітай моладзі. Дзейнасць цэнтра накіравана на ўзаемадзеянне навукі і бізнесу, каардынацыю праектаў, прыцягненне партнёраў і інвестараў для іх рэалізацыі. Акрамя таго, створаны маладзёжны прадпрымальніцкі рух Startup Space, што рэгулярна праводзіць стартап-конкурсы, хакатоны і форумы, трэнінгі, круглыя сталы, майстар-класы і семінары. Іх удзельнікамі сталі некалькі соцень студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта, якія змаглі асвоіць ключавыя аспекты прадпрымальніцтва.
З 16 па 18 лютага быў праведзены Space Hackathon 1.0 — форум навукова-даследчых стартап-праектаў. Удзельнікі мерапрыемства за тры дні сабралі каманды для сваіх праектаў, атрымалі веды ад вядучых экспертаў у сферы бізнесу і даведаліся, як манетызаваць распрацоўкі. Высокую ацэнку журы форуму атрымаў праект дадатку з рабочай назвай Child Ed App, або “Дзіця і навучанне”, як найбольш жыццяздольны і перспектыўны.
У каманду распрацоўшчыкаў дадатку ўваходзяць студэнты розных факультэтаў: другакурснікі факультэта журналістыкі Раман Сяцько, Лізавета Крапіўная, Марыя Дашкевіч, Максім Казлоў, Дар’я Дрозд і першакурснікі факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Павел Бяланаў, юрыдычнага факультэта Руслан Арлоўскі, факультэта філасофіі і сацыяльных навук Ілья Гладзевіч.
— Ідэя стварэння Child Ed App прыйшла да мяне яшчэ ў класе 9—10, калі я збіраўся паўдзельнічаць у конкурсе ідэй “Першыя”, які праводзіць кампанія А1. Як вядома, лепш за ўсё распрацоўваць праблему, што тычыцца самога сябе. У мяне ёсць малодшы брат, і калі ён быў у пачатковай школе, яму не вельмі лёгка давалася вучоба, бо ў яго адсутнічалі зацікаўленасць і матывацыя. Так і нарадзілася думка стварыць нешта накшталт мабільнага дадатку, які мог бы матываваць яго, — расказаў аўтар ідэі Раман Сяцько.
Праўда, распачаць рэалізацыю сваёй ідэі Раман змог толькі тады, калі паступіў на спецыяльнасць “Інфармацыя і камунікацыя” факультэта журналістыкі БДУ, дзе сустрэў аднадумцаў.
За адзнаку і выкананыя дадатковыя заданні школьнік атрымае пэўную колькасць гульнявой валюты Ed Coins. Яе вучань зможа выкарыстоўваць для развіцця свайго 3D-аватара, а таксама для атрымання скідак пры аплаце адукацыйных курсаў і праграм.
— Наведваючы акселерацыйныя і адукацыйныя праграмы стартап-цэнтра БДУ, пазнаёміўся з такімі ж крэатыўнымі і ініцыятыўнымі хлопцамі і дзяўчатамі, як і я. Аднойчы я агучыў ім сваю ідэю дадатку, і нечакана яна знайшла адабрэнне і падтрымку. Мы вырашылі на чарговым конкурсе прадставіць яе ў выглядзе канцэпту. Гэтым конкурсам стаў Hackathon, які да таго ж дае магчымасць дапоўніць сваю каманду людзьмі з кампетэнцыямі, якіх табе не хапае, — падкрэсліў Раман. — Наша каманда ў асноўным складаецца са студэнтаў журфака. Але мы разумелі, што нам не хапае тэхнічных кампетэнцый, бо ніхто з нас не займаўся распрацоўкай дадаткаў, а таксама кансультантаў-псіхолагаў і юрыстаў. Так у камандзе з’явіліся студэнты з іншых факультэтаў.
Пакуль распрацоўшчыкі дадатку зрабілі толькі яго канцэпт, звязаны з сістэмай электронных дзённікаў і класных журналаў Znaj.by. Плануецца, што за адзнаку і выкананыя дадатковыя заданні школьнік будзе атрымліваць пэўную колькасць гульнявой валюты Ed Coins. Яе вучань зможа выкарыстоўваць для развіцця свайго мульцяшнага персанажа, якога створыць самастойна на аснове тэхналогій Memoji. Гэта 3D-аватары, якія можна зрабіць падобнымі на сябе. У працэсе развіцця дадатку з’явіцца функцыя пераводу заробленых у гульні “грошай” у скідкі пры аплаце адукацыйных курсаў і праграм, забаўляльных квізаў і квестаў.
— Асноўная мэта нашага дадатку — матывацыя дзяцей вучыцца тым спосабам, які ў ХХІ стагоддзі найбольш актуальны для іх. Наша ідэя не кардынальна новая, бо функцыянал дадатку падобны на сістэму заахвочвання, якая часта выкарыстоўваецца ў малодшай школе. Гэта добра знаёмыя ўсім сонейкі, стыкеры, фішкі, смайлікі і іншыя спосабы складання рэйтынга вучняў у класе. Мы алічбавалі гэтую сістэму і зрабілі яе актуальнай для сучасных школьнікаў, — паведаміў ініцыятар Child Ed App.
Зараз распрацоўшчыкі матывацыйнага дадатку знаходзяцца на этапе даследаванняў, яны распачалі вялікую аналітычную работу.
— Нам неабходна больш дакладна зразумець, для каго мы ствараем наш дадатак. Папярэдне мы вызначылі, што наша мэтавая аўдыторыя — вучні 5—8 класаў, падрыхтавалі апытанні і зараз рыхтуемся да маштабнага даследавання. Наш дадатак — не гульня, а канкрэтная распрацоўка, якую вельмі хацелася б давесці да завяршэння. Мы разумеем, што Child Ed App мае перспектывы, бо такога дадатку пакуль няма на нашым рынку, а попыт вялікі, — адзначыў Р.Сяцько.
Хочацца пажадаць юным распрацоўшчыкам удачы ў рэалізацыі свайго матывацыйнага дадатку, бо, магчыма, дзякуючы яму, сапраўды стане больш вучняў, зацікаўленых у вучобе.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Рамана Сяцько.