Пажаданні на васільках

- 7:39Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Мастацкая літаратура валодае вялікім выхаваўчым патэнцыялам. Аўтары школьных падручнікаў падбіраюць для вывучэння творы, якія не толькі адпавядаюць узроставым асаблівасцям дзяцей, але і выклікаюць у іх адпаведныя эмоцыі, вучаць ацэньваць учынкі персанажаў і праектаваць пэўныя сітуацыі на ўласнае жыццё.

Мастацкая літаратура пра вайну не пакідае раўнадушнымі ні дарослых, ні дзяцей. Так, пяцікласнікі знаёмяцца з апавяданнем Міхася Лынькова “Васількі”, на вывучэнне якога адводзіцца 2 урокі. За тыдзень да першага высокаматываваныя вучні атрымліваюць апераджальнае заданне: група “Літаратары” рыхтуе паведамленне пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, гісторыю стварэння апавядання “Васількі”, а група “Гісторыкі” — кароткія звесткі пра асноўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. 

Штогод у нашай краіне праводзіцца акцыя “Беларусь памятае”, у рамках якой людзі нясуць партрэты сваіх продкаў, што ваявалі з фашыстамі. Сярод удзельнікаў акцыі ёсць і мае выхаванцы, якія не без гордасці расказваюць пра гераічнае мінулае сваіх прадзедаў, трымаючы ў руках іх партрэты і ўзнагароды. Гэта стварае моцны эмацыянальны фон на ўроку. Акрамя таго, дзеці ілюструюць апавяданне з дапамогай малюнкаў. 

Напярэдадні ўрока мы наведваем школьны музей баявой славы “Памяць не маўчыць”, што дазваляе вучням больш даведацца пра ваенныя падзеі на тэрыторыі Камянецкага раёна, дакрануцца да баявых трафеяў і зразумець, што вайна — гэта не штосьці абстрактнае і незразумелае, а страшнае гора.

З творам дзеці знаёмяцца дома. Каб вызначыць узровень засваення зместу апавядання і разумення асноўных падзей у ім, прапаную крыжаванку з галоўным словам “васількі”. 

Эпіграф да ўрока — словы пісьменніка-гуманіста Міколы Гусоўскага: “Войны! Злачынная справа — вайна выклікае і гнеў мой, і слёзы, і боль!”. 

Уступнае і заключнае слова настаўніка адыгрывае вялікую ролю пры паглыбленні ў тэму і падвядзенні вынікаў, бо ён мае пэўны жыццёвы вопыт. Таму яго меркаванні з’яўляюцца аўтарытэтнымі для падлеткаў.

Аналізуючы апавяданне, выкарыстоўваю прыём “Калектыўнае заданне”, які прадугледжвае сумесныя адказы на пытанні. Вучні прымяняюць крытэрыі маральна-этычнай ацэнкі ўчынкаў і падзей, усведамляюць і прымаюць духоўна-маральныя ідэалы героя Васілька, знаходзяць арыенціры для ўласных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях.

Прыём “Асацыяцыі” дазваляе падабраць словы, якія адносяцца да слоў “мір” і “вайна”.

Асаблівая ўвага — фінальнаму эпізоду апавядання. З дапамогай прыёму “Устаўце словы” вучні пранікаюць у глыбокі сэнс твора і раздзяляюць з героем яго трагічны лёс.

З мэтай узнаўлення парадку падзей прапаную размясціць іх па пунктах на аснове плана, размешчанага на дошцы.

Шмат часу на ўроках адводжу рабоце з тэкстам. Так, вучні чытаюць дыялог Васілька з дзедам Агеем па ролях, выбіраюць для чытання эпізод, які найбольш спадабаўся, ці ўрывак, да якога зроблена ілюстрацыя.

Напрыканцы ўрока прапаную пытанні (“Чаму трэба памятаць пра ваенныя падзеі?”, “Што хацеў давесці аўтар, расказаўшы гісторыю Міколкі?”, “Што зрабілі б вы на яго месцы?”), якія дазваляюць спраецыраваць твор на жыццё.

З мэтай развіцця вуснага маўлення прапаную падрыхтаваць вуснае міні-выказванне, дапоўніўшы сказы “Я хачу, каб…”, “Бо вайна…”, “Людзі павінны…” (пад музыку “Жураўлі”).

На этапе рэфлексіі вучні бяруць папяровыя васількі, пішуць на іх словы-пажаданні сучаснікам і прымацоўваюць аркушы да дошкі. 

Дасягнуць выхаваўчых задач на ўроках дазваляюць міжпрадметныя сувязі з гісторыяй, мастацтвам і музыкай.

Рыта ПАДЛЕСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Камянца.