Краязнаўчы музей зʼяўляецца адным з самых дзейсных спосабаў выхавання ў нашых навучэнцаў любві да роднай зямлі.
Ды і самі вучні высока ацэньваюць музей як крыніцу пазнання гісторыі, культуры роднага краю, працоўных подзвігаў сваіх землякоў. Яны ў захапленні ад кожнай экскурсіі. Выкарыстоўваючы матэрыялы музея, дзеці пішуць сачыненні, творчыя работы, якія становяцца дакументамі незвычайнай сілы і якія нельга чытаць без хвалявання і роздумаў.
Асноўнай формай работы музея, безумоўна, з’яўляецца экскурсія. Свой аповед мы пачынаем з экспазіцыі “Гісторыя школы”, дзе слухачы знаёмяцца з перыядамі развіцця нашай установы адукацыі, а таксама з яе дасягненнямі. Экспазіцыя “Вёсачка мая” цікавая і важная тым, што прысутныя могуць даведацца не толькі пра гісторыю стварэння населенага пункта, але і пра славутых землякоў, людзей працы нашай малой радзімы.
Экспазіцыя “Вялікая Айчынная вайна” — сціплая даніна памяці і павагі тым, хто вынес на сваіх плячах асноўны цяжар барацьбы з фашызмам. Не абмінае гэтая экспазіцыя і патрызанскі рух і вайну ў Афганістане. Кульмінацыйным момантам экскурсіі з’яўляецца хвіліна маўчання і запальванне “вечнага” агню, калі ўшаноўваецца светлая памяць усіх загінуўшых.
У імправізаванай сялянскай хаце “гаспадары-вучні” вітаюць прысутных хлебам-соллю і расказваюць пра вясковыя звычаі, павер’і, прылады працы і розныя цікавыя і карысныя рэчы. Беларусы здаўна заўважылі: “Усе мы родам з хат”. Які глыбокі сэнс закладзены ў гэтым простым, на першы погляд, выразе. Існуе нават такая легенда. Чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з хаты, не азіраўся назад, інакш ператворыцца ў слуп солі. Чалавек не стрымаў слова і азірнуўся. Дый як жа не азірнешся, калі родная сядзіба — гэта цэлы свет…
Наш краязнаўчы музей надае школе індывідуальнасць, стварае ў калектыве настаўнікаў і навучэнцаў адметны мікраклімат, які не толькі спрыяе павышэнню эфектыўнасці вучэбнага працэсу, але і дапамагае спасцігнуць мінулае, бо хто не ведае свайго мінулага, той не мае будучыні.
Ірына СЫРАМАЛОТАВА,
дырэктар Хонаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна.
Фота аўтара.