У трэндзе — робататэхніка

- 8:45Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

З комплексным падыходам і на аснове ідэй STEM-адукацыі — такім чынам будуюцца вучэбныя заняткі па робататэхніцы ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці. 

Педагагічны калектыў установы выразна разумее актуальнасць гэтага напрамку ў дадатковай адукацыі. Агульнымі намаганнямі тут распрацавалі ўласную эфектыўную сістэму далучэння дзяцей да тэхнічнай творчасці.

Робататэхніка сёння найбольш запатрабаваны напрамак сярод навучэнцаў цэнтра. Сёлета ў гэты гурток набрана 34 групы — усяго звыш 390 хлопчыкаў і дзяўчынак. У параўнанні з папярэднім навучальным годам колькасць вучняў павялічылася на 83 працэнты.

Як растлумачыў дырэктар установы Ігар Аўсеенка, павышаць цікавасць дзяцей да тэхнічных відаў творчасці дазваляе рэгулярнае адкрыццё новых аб’яднанняў па інтарэсах, а таксама абнаўленне вучэбных праграм у традыцыйных аб’яднаннях.

— Сваёй галоўнай задачай нашы педагогі зараз бачаць асобасны вынік, які навучэнец можа рэалізаваць на практыцы. Усе заняткі будуюцца на прынцыпах STEM-адукацыі, якія дакладна паказваюць вучням, як пэўны навуковы метад можа быць ужыты ў штодзённым жыцці. Вучэбны план грунтуецца на ідэі навучання з ужываннем міждысцыплінарнага і прыкладнога падыходаў. Гэта адкрывае поўную свабоду творчасці для вучняў. Дзеці не проста генерыруюць цікавыя ідэі, але і адразу ўвасабляюць іх у рэальнасці. Акцэнт таксама робім на парным навучанні ў невялікіх групах. Як правіла, на занятках двое вучняў працуюць за адным камп’ютарам і збіраюць адзін канструктар. Гэта зроблена зусім не для эканоміі матэрыялаў. Мэта — навучанне дзяцей уменню працаваць у камандзе, — расказаў Ігар Міхайлавіч.

Важным крокам наперад стала наладжванне доўгатэрміновага супрацоўніцтва з вучнямі. Першакласнікі і малодшыя школьнікі далучаюцца да робататэхнікі ў аб’яднанні “РобаСтарт”. Пасля яны пераходзяць на наступную прыступку — у аб’яднанне “РобаКлас”.

— Мы плануем працягваць развіваць міждысцыплінарны падыход у навучанні. Вырашэнне якой-небудзь канкрэтнай задачы, звязанай з распрацоўкай, праектаваннем і стварэннем робататэхнічных канструкцый, прадугледжвае інтэграцыю ў адным працэсе кагнітыўных дасягненняў па шэрагу вучэбных прадметаў. Таму свае задачы бачым ва ўмацаванні сувязей паміж робататэхнікай і прыродазнаўча-матэматычнымі дысцыплінамі. Мы ўжо дабавілі ў адукацыйны працэс такі курс, як логіка для малодшых школьнікаў. Для дзяцей старэйшага ўзросту прадумваем магчымасці ўключэння ў навучанне асноў фізікі і праграмавання, — адзначыла педагог дадатковай адукацыі Ала Самсонава.

Аб эфектыўнасці выбудаванай у МАЦТ сістэмы навучання найлепшым чынам сведчаць дасягненні навучэнцаў. Яны — пастаянныя прызёры розных выставак, аглядаў і фестываляў тэхнічнай творчасці абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, а таксама ўваходзяць у лік пераможцаў рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills Belarus.

Адметна, што сваімі напрацоўкамі педагогі абласнога цэнтра творчасці дзеляцца з калегамі з усёй Магілёўшчыны. Дзякуючы гэтаму, сёння па рэгіёне функцыянуюць 65 аб’яднанняў па інтарэсах з агульным ахопам звыш 700 навучэнцаў. У планах установы — стварэнне абласной школы робататэхнікі, дзейнасць якой дазволіць захапіць інжынірынгам і тэхнічнай творчасцю яшчэ большую колькасць дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.