З душой, палкім сэрцам і бляскам у вачах

- 15:19Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У горадзе над Бугам падвялі вынікі VІ Абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Малады настаўнік Брэстчыны”. Пераможцай спаборніцтва, арганізаванага галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласным ІРА, стала настаўніца пачатковых класаў Дар’я Сяргееўна Гладун з гімназіі № 2 Пінска. 

— Конкурс праводзіцца раз у тры гады з мэтай выяўлення творчых маладых педагогаў, іх прафесійнага росту, самарэалізацыі і замацавання ва ўстановах адукацыі, прапаганды лепшага педагагічнага вопыту, — расказаў начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення падтрымкі і развіцця эфектыўнай адукацыйнай практыкі Брэсцкага абласнога ІРА А.А.Вайтовіч. — У спаборніцтве ўдзельнічалі настаўнікі са стажам работы не менш за 3 і не больш за 5 гадоў. Пры адборы канкурсантаў улічвалася, наколькі яны валодаюць праграмным матэрыялам на ўроках, умеюць выбіраць мэтазгодныя метады і сродкі дасягнення мэт і задач вучэбных заняткаў, рэфлексаваць і аналізаваць прафесійную дзейнасць. Браліся пад увагу вынікі падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд і конкурсаў даследчых работ, актыўнасць у рабоце вучэбна-метадычных аб’яднанняў, інавацыйным ці эксперыментальным праектаванні, камунікатыўная і інфармацыйная культура, творчыя здольнасці, імкненне да педагагічнага пошуку і інш. Паспяховае выступленне ў конкурсе ўлічваецца пры атэстацыі на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі.

З 20 фіналістаў раённых (гарадскіх) этапаў спаборніцтва да фіналу былі дапушчаны 7 педагогаў: настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Дзмітрый Валянцінавіч Уснарскі з сярэдняй школы № 33 Брэста і Ганна Юр’еўна Кудласевіч з Вялікаматыкальскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, настаўнік кітайскай мовы Дзмітрый Васільевіч Ятчэня з сярэдняй школы № 7 Брэста, настаўніца пачатковых класаў Дар’я Сяргееўна Гладун з гімназіі № 2 Пінска, настаўнік біялогіі Яўген Вітальевіч Казмерчык з ліцэя № 1 Баранавіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Надзея Уладзіміраўна Баранава з гімназіі Кобрына і настаўніца англійскай і нямецкай мовы Хрысціна Віктараўна Цюрко з сярэдняй школы № 3 Жабінкі. 

На базе сярэдняй школы № 26 і гімназіі № 5 Брэста фіналісты праводзілі ўрокі ў незнаёмых класах і рабілі іх самааналіз, а на сцэне Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці прадстаўлялі пяцімінутную самапрэзентацыю “Настаўнік — творчая асоба” і шукалі выйсце з розных педагагічных сітуацый, адлюстраваных у вядомых мастацкіх фільмах. Падчас конкурсных выпрабаванняў педагогі паказалі добрае валоданне ІКТ, якасную метадычную і псіхалагічную падрыхтоўку. Магчыма, некаторым не хапала вопыту, але імкненне да самаўдасканалення было ва ўсіх. І гэта галоўнае.            

— Прыняўшы ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства, маладыя педагогі даказалі, што прыйшлі ў сістэму адукацыі ўсвядомлена, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. — Толькі актыўныя, нераўнадушныя і мэтанакіраваныя людзі выбіраюць педагогіку ў якасці прафесійнай дзейнасці. Спаборніцтва адыгрывае важную ролю ў творчым і інтэлектуальным станаўленні маладых настаўнікаў. 

Ю.М.Прасмыцкі прызнаўся, што ў яго да сённяшняга часу засталіся яркія і незабыўныя ўспаміны аб удзеле ў раённым конкурсе “Настаўнік года — 1990”, дзе ён заняў 2-е месца. Пасля спаборніцтва прыйшло ўсведамленне, што яму ўсё пад сілу, адышлі сумненні ў правільнасці прафесійнага выбару. 

Хацелася б, каб гэта адчулі і сучасныя маладыя педагогі, каб яны не расчараваліся ў настаўніцкай справе і засталіся верныя ёй, прынеслі шмат карысці адукацыйнай галіне Брэстчыны. Гэта вельмі важна, бо іх прафесія — на ўсе часы. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.