Электроннае размеркаванне

- 11:33Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Размеркаванне выпускнікоў прайшло ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

У выніковым размеркаванні студэнтаў прыняў удзел міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

— Размеркаванне ва ўстановах вышэйшай адукацыі аховы здароўя трохэтапнае, апошні, трэці этап носіць удакладняльны характар, — адзначыў Дзмітрый Піневіч. — Як паказвае практыка, фактычна ўсе — і бюджэтнікі, і пазабюджэтнікі — атрымліваюць першае працоўнае месца. Улічваем пажаданні маладых сем’яў, тых, хто хоча змяніць спецыяльнасць або рэгіён. Падкрэслю, як правіла, у апошнія гады практычна ў татальнай колькасці выпадкаў мы дасягаем згоды паміж нашымі выпускнікамі, наймальнікамі і ўстановамі адукацыі. Дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя павінны быць укамплектаваны медыцынскімі кадрамі. На размеркаванні ўлічваем патрэбу ў такіх кадрах не толькі гарадоў, але і невялікіх населеных пунктаў.

Як расказаў дэкан лячэбнага факультэта ГрДМУ Андрэй Болтач, на працягу сямі гадоў ва ўніверсітэце працуе электроннае размеркаванне. Усе выпускнікі маглі азнаёміцца з заяўкамі, якія былі размешчаны на сайце ўстановы, а таксама атрымаць інфармацыю пра заробкі і жыллёвыя ўмовы. Аб эфектыўнасці гэтай сістэмы сведчыць той факт, што з каля 400 выпускнікоў на пераразмеркаванне прыйшлі толькі 38 чалавек.

Выпускніца лячэбнага факультэта Кацярына Анціпіна атрымала размеркаванне на кафедру неўралогіі і нейрахірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Маладая дзяўчына ўжо мае пэўны багаж навуковых даследаванняў, за што неаднаразова была заахвочана на самым высокім узроўні. Яна аўтар і суаўтар каля 70 навуковых публікацый, мае 12 актаў укаранення ў вучэбны працэс. Кацярына Анціпіна з’яўляецца неаднаразовай пераможцай і прызёрам рэспубліканскіх работ студэнтаў і прызёрам алімпіяд па розных дысцыплінах, стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, лаўрэатам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за перамогу ў конкурсе навуковых работ студэнтаў.

— Мне заўсёды падабалася займацца навуковай дзейнасцю, — прызналася Кацярына Анціпіна. — Я вырашыла стаць урачом-неўролагам, са спецыяльнасцю вызначылася яшчэ на чацвёртым курсе. Работа на клінічнай кафедры прадугледжвае сумяшчэнне практычнай дзейнасці з педагагічнай, выхаваўчай, і, безумоўна, гэта магчымасць займацца навукай, правядзеннем навуковых даследаванняў і затым укараненнем іх вынікаў у практыку і вучэбны працэс. Да гэтага на кафедры неўралогіі я займалася распрацоўкай сацыяльна значнай тэмы аптымізацыі метадаў лячэння і другаснай прафілактыкі мазгавога інсульта. Спадзяюся, што мае даследаванні стануць карыснымі для ўніверсітэта і краіны.

У Гродзенскім медыцынскім універсітэце выпуск гэтага года самы маленькі за апошнія гады. На лячэбным факультэце 295 выпускнікоў, на педыятрычным — каля 70, на медыка-дыягнастычным — 38 і на медыка-псіхалагічным — каля 40. У Гродне застануцца каля 10 чалавек, увогуле ў Гродзенскай вобласці — каля 110 чалавек. Першае працоўнае месца прапанавана і тром магістрантам.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.