Палі чакаюць школьнікаў

- 10:38Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Актуальныя пытанні ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу абмеркавалі кіраўнікі ўстаноў у ГДАУ.

На пляцоўцы Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта прайшоў  семінар для кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра “Мадэль эфектыўнага ўзаемадзеяння ГДАУ з установамі агульнай сярэдняй адукацыі Гродна”. Мэтай сустрэчы ў новым фармаце, калі на прафарыентацыйнае мерапрыемства запрашаюцца не вучні і нават не іх настаўнікі, а кіраўнікі школ і гімназій, было імкненне УВА азнаёміць дырэктараў школ з матэрыяльна-тэхнічнай базай універсітэта, прадэманстраваць яго магчымасці, каб ужо яны паўплывалі на матывацыю навучэнцаў да атрымання адукацыі аграрнага профілю.

— Выбралі такі фармат, каб паказаць кіраўнікам устаноў адукацыі, куды могуць пайсці іх выпускнікі, што ўяўляе сабой аграрны ўніверсітэт, а яны ўжо на бацькоўскіх сходах, на ўроках могуць расказаць бацькам і навучэнцам пра магчымасці ўніверсітэта, — паведаміў начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык. — Спадзяюся, што такое супрацоўніцтва дапаможа павялічыць сетку аграрных класаў у нашых школах і колькасць абітурыентаў, якія выберуць аграрны профіль. Цяпер  ужо кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі павінны арганізаваць экскурсіі вучняў, каб яны ў рамках прафарыентацыйных мерапрыемстваў, шостага школьнага дня маглі пабываць у аграным універсітэце і ў гаспадарках. Плануем вясной разам з ГДАУ арганізаваць выезды школьнікаў на палі, доследныя ўчасткі, дзе яны разам са студэнтамі змогуць высадзіць пэўныя сельскагаспадарчыя культуры, затым даглядаць іх і атрымаць ураджай.

Супрацоўніцтва Гродзенскага гарадскога аддзела адукацыі і аграрнага ўніверсітэта пачалося яшчэ восенню, калі была арганізавана пасадка садоў надзеі ў 15 установах адукацыі.  

— Сёння як ніколі аграрны сектар мае патрэбу ў кадрах, — падкрэсліў рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс. — Сельскай гаспадарцы патрэбны маладыя, кваліфікаваныя спецыялісты, якія інавацыйна мысляць, распрацоўваюць новыя тэхналогіі. І такія кадры можа рыхтаваць наш універсітэт. Але, на жаль, з кожным годам цікавасць моладзі да сельскай гаспадаркі падае, як і конкурс на запатрабаваныя аграрныя спецыяльнасці. Існуючая праблема можа быць вырашана толькі агульнымі намаганнямі. Таму Міністэрства адукацыі і Міністэрства сельскай гаспадаркі ініцыіравалі адкрыццё ў школах аграрных класаў і падрыхтоўку моладзі да паступлення ў аграрныя УВА. У падрыхтоўцы кадраў павінны быць зацікаўлены і самі гаспадаркі. А семінар з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі дапаможа прыцягнуць гарадскіх школьнікаў у аграрныя класы, паказаць ім магчымасці нашага ўніверсітэта і ўмовы, якія створаны для працы і адпачынку ў гаспадарках рэгіёна.

Удзельнікі семінара пабывалі ў вытворчым кааператыве імя В.І.Крэмко. Шляхі далейшага супрацоўніцтва абмеркавалі падчас круглага стала.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.