Рэгіянальны этап рэспубліканскага фестывалю працоўных талентаў работнікаў сферы адукацыі адбыўся ў Магілёве.

Творчы агляд быў прысвечаны 100-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а яго ўдзельнікамі сталі звыш 160 педагогаў з усіх куткоў вобласці.
— Каб яны маглі паказаць сябе, мы рэгулярна праводзім адпаведныя конкурсы, фестывалі. Прадастаўляем настаўнікам пляцоўкі для прэзентацыі сваіх здольнасцей, — паведаміў старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза Анатоль Чумакоў.
Фестываль “Новыя імёны” праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку таленавітых работнікаў выбіралі ў раёнах, а ўжо лепшыя з іх пасля выступалі на абласным узроўні. У спаборніцтве ўдзельнікі прадстаўлялі вакальныя, харэаграфічныя, інструментальныя нумары, а таксама выступленні ў арыгінальным жанры. Акрамя таго, была арганізавана выстава вырабаў “Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.
— У нашай навучальнай установе дзейнічаюць дзве творчыя групы па інтарэсах. Адна аб’ядноўвае настаўнікаў, якія займаюцца кветкаводствам, другая — захопленых рукадзеллем. На фестываль мы прадставілі вязаныя цацкі і амігурумі, батлеечных лялек, жывапіс. Акрамя мяне, над вырабамі экспазіцыі працавалі таксама настаўніцы пачатковых класаў Ірына Церашонак і Наталля Мартынава, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алеся Лугаўцова, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Магілёва Лілія Грамыка.

— Творчасць вельмі аб’ядноўвае. Менавіта дзякуючы агульнаму захапленню музыкай узнік наш калектыў. У вольны час іграем, спяваем песні, у асноўным на беларускай мове, — адзначыў удзельнік вакальна-інструментальнага ансамбля “Дзесьці” (на здымку) настаўнік працоўнага навучання гімназіі № 1 Бабруйска Аляксей Шунько.
Абласны фестываль атрымаўся яркім і цікавым. Выступленні ўдзельнікаў зрывалі апладысменты як ад гледачоў, так і ад журы. І гэтае прызнанне іх творчасці для канкурсантаў было важнейшым за перамогу. Па выніках дыпломамі будуць адзначаны тройкі лідараў у кожнай намінацыі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.





