Талент з працавітасцю

- 11:03Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У гімназіі № 61 Мінска працуюць цудоўныя педагогі, і хочацца, каб пра іх даведалася як мага больш людзей.

Справе навучання і выхавання вучняў прысвяцілі ўсё сваё жыццё настаўніцы фізікі Алена Альфонсаўна Бараноўская і Вольга Мікалаеўна Бужынская. У іх ёсць усё, што ўласціва сапраўднаму педагогу: талент, эрудыцыя, майстэрства, харызма і невычарпальная энергія. Штогод пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў каманды навучэнцаў гімназіі становяцца фіналістамі і пераможцамі Рэспубліканскага турніру юных фізікаў. На працягу апошніх чатырох гадоў ім няма роўных ва ўменні вырашаць складаныя даследчыя і навуковыя праблемы, адстойваць сваё рашэнне ў навуковых дыскусіях. У чым сакрэт поспеху? Усё проста — камандны дух, цяга да ведаў і трывалыя прадметныя веды.

Алена Альфонсаўна і Вольга Мікалаеўна з’яўляюцца ідэйнымі натхняльнікамі клуба “Квант” для аматараў фізікі, які цяпер з’яўляецца адукацыйным брэндам гімназіі. Мэта дзейнасці клуба — павышэнне цікавасці да вучэбнага прадмета “Фізіка”, фарміраванне ўстойлівай матывацыі да вывучэння прадмета праз практычную і эксперыментальную дзейнасць. Клуб аб’ядноўвае вучняў 7 і 10 класаў.

Вольга Мікалаеўна Бужынская, настаўніца фізікі і астраноміі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, працуе ў гімназіі № 61 з 2000 го­да. Тут яна вырасла ад маладога спецыяліста да бясспрэчнага аўтарытэту ў сваёй галіне. Усе, хто знаёмы з Вольгай Мікалаеўнай, прызнаюць яе неардынарнасць. Яна віртуозна валодае ўсім, што сёння прынята ўкладваць у паняцце “прафесіянал”: педагагічным тактам, сучаснымі метадамі і прыёмамі навучання, уменнем ствараць на занятках атмасферу поспеху і захапіць прадметам. Акрамя гэтага, яна эрудзіраваная і валодае тонкім пачуццём гумару, што робіць яе цікавым суразмоўнікам.

Галоўным вынікам педагагічнай дзейнасці настаўніцы стала якасная падрыхтоўка навучэнцаў гімназіі да Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізіка”. Выхаванцы Вольгі Мікалаеўны неаднаразова станавіліся прызёрамі другога і трэцяга этапаў рэспубліканскай алімпіяды, а таксама пераможцамі алімпіяд Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. У 2021/2022 навучальным годзе дзве каманды педагога ўзнагароджаны дыпломамі ІІ ступені ХХХ Рэспубліканскага турніру юных фізікаў.

В.М.Бужынская ахвотна дзеліцца сваім вопытам з калегамі ў гімназіі і ў Маскоўскім раёне. Таксама яна неаднаразова прысутнічала ў журы алімпіяд, конкурсаў даследчых работ па фізіцы.

Вольга Мікалаеўна не шкадуе фізічных і душэўных сіл, аддаючы іх сваёй любімай справе, але пры гэтым яна застаецца чароўнай жанчынай і цудоўнай маці. За добрасумленную працу Вольга Мікалаеўна ў 2021 годзе ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

Алена Альфонсаўна Бараноўская, настаўніца фізікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, у гімназіі з 2002 года. Педагога вызначаюць цудоўныя душэўныя якасці: любоў да сваёй прафесіі, сумленнасць, прынцыповасць. Яе энергія і аптымізм — гэта своеасаблівы імпульс для калег. Яна заўсёды на пад’ёме, на вышыні.

“Алена Альфонсаўна — строгая, але справядлівая, яна з лёгкасцю можа абудзіць цікавасць да пазнання новага і нязведанага”, — так гавораць пра яе вучні. За 37 гадоў педагагічнай дзейнасці яна выпусціла не адно пакаленне добрых і таленавітых вучняў. Яе выхаванцы вызначаюцца асаблівай цікаўнасцю, ахвотна займаюцца праектнай і даследчай дзейнасцю, займаюць прызавыя месцы на гарадскіх, рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях.

Алена Альфонсаўна з захапленнем выкладае свой прадмет. Педагог вядзе вялікую работу з вучнямі з высокай матывацыяй: рыхтуе іх да алімпіяд па фізіцы, да інтэлектуальных конкурсаў. У 2022 годзе па выніках Рэспубліканскага турніру фізікаў дзве каманды вучняў Алены Альфонсаўны сталі прызёрамі.

За прафесійнае майстэрства Алена Альфонсаўна ў 2019 годзе ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

Старажытная мудрасць гаворыць: “Вялікі той настаўнік, які выконвае справу, чаму вучыць, валодае ўсімі сакрэтамі сваёй прафесіі, таму што добрасумленна і паспяхова праходзіць усе яе ступені”. Мы ўдзячны педагогам за адданасць сваёй справе да глыбіні душы, любоў да дзяцей, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу калегам!

Вольга СХОДКІНА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 61.