Выстава з аднайменнай назвай прайшла ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Мерапрыемства арганізавана ў рамках XXII Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Сям’я і сацыялізацыя падрастаючага пакалення”. Яе ўдзельнікамі былі студэнты і навучэнцы, выкладчыкі ўніверсітэта і настаўнікі школ, святары.
— Не выпадкова арганізатарам выставы ва ўніверсітэце стаў педагагічны факультэт. Менавіта педагогі разумеюць, што галоўнымі настаўнікамі з’яўляюцца бацькі, і тое, што будзе закладзена ў сям’і, — патрыятызм, любоў да сваіх родных і да краіны, застанецца з чалавекам назаўсёды. Сама назва “Сямейны музей у чамадане” адлюстроўвае тое, што мы бяром з сабой у дарогу жыцця. Гэта чамадан, у якім знаходзіцца гісторыя тваёй сям’і, памяць, якую захоўваюць нашчадкі і беражліва перадаюць з пакалення ў пакаленне. Я ўдзячна ўстановам сярэдняй адукацыі за цесную сувязь з універсітэтам, — сказала падчас адкрыцця выставы рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Спакон веку павялося: беларуская сям’я будуецца на павазе, шанаванні старэйшых, сямейных звычаях і традыцыях. Наш народ любіць утульнасць, паважае блізкіх і родных людзей. У кожнай хаце расказваюць дзецям і ўнукам сямейныя гісторыі, успамінаюць шчаслівыя імгненні. Некалі самыя каштоўныя рэчы, сярод якіх фотаздымкі,
пісьмы ад родных, у тым ліку і з фронту, хавалі ў куфры, а затым у чамадане. Апошнюю рэч і выбралі арганізатары выставы, каб падкрэсліць значнасць сямейных рэліквій.
“Сямейны музей у чамадане” — гэта ўнікальная прастора. У кожнай сям’і ёсць фатаграфіі, карціны, узнагароды, дакументы, рэліквіі, старадаўнія рэчы. У такіх знакавых рэчах захавана сямейная памяць, гісторыя часам не аднаго пакалення. І такія гісторыі дапамагаюць моладзі пазнаць мінулае нашага народа, лепш зразумець сучасныя падзеі.
Сваімі гісторыямі падзяліліся навучэнцы і іх бацькі, настаўнікі сярэдніх школ № 19 і № 20 Гродна, а таксама выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. З гордасцю расказвалі ўдзельнікі выставы пра сваіх родных, якія прайшлі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцу сярэдняй школы № 19 Раману Сегалу ёсць кім ганарыцца. Сям’і яго дзядулі Юрыя Вітольдавіча Карэйвы за выратаванне ў гады вайны яўрэйскага хлопчыка ў 2001 годзе прысуджана званне Праведніка народаў свету. Прадзед Рамана Іван Фёдаравіч Іўжэнка быў старшым лейтэнантам, ваенным лётчыкам і загінуў у першыя дні вайны, абараняючы Гродна. Яшчэ адзін прадзед юнака Навум Маркавіч Сегал пры вызваленні Прагі накіраваў свой ахоплены полымем танк на фашысцкі эшалон з гаручым, атрымаў раненне і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Некалі самыя каштоўныя рэчы, сярод якіх фотаздымкі, пісьмы ад родных, у тым ліку і з фронту, хавалі ў куфры, а затым у чамадане.
— Я хачу расказаць пра яшчэ аднаго героя маёй сям’і — Віктара Уладзіміравіча Кляніцкага, — паведаміў Раман. — У далёкім 1944 годзе, калі яму было 17 гадоў, як і мне зараз, ён пайшоў у ваенкамат, але застаў пусты будынак з таблічкай на дзвярах “Усе пайшлі на фронт”. Тады ён накіраваўся ў партызанскі атрад “Іскра” брыгады “Разгром”, дзе і змагаўся з ворагам. Мне давялося пачуць шмат гісторый пра яго подзвігі. У 1944 годзе майму дзядулю і маёру Карагодзіну было даручана зняць з падбітага танка гармату і даставіць яе ў атрад. Гэтае няпростае заданне яны выканалі. Затым партызаны ўстанавілі гармату на самаробны лафет ад сеялкі, за што яна атрымала назву “гармата-сеялка”. Яна не мела затвора, і, каб выстраліць, партызанам прыходзілася біць малатком па ўдарніку. У цяперашні час гармата-сеялка знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У сям’і Гарэлік таксама захоўваюць памяць пра подзвігі родных, ведае пра іх і самае маладое пакаленне. Мікіта Гарэлік, навучэнец сярэдняй школы № 19, расказаў пра сваіх прадзедаў партызан Якава Мікалаевіча Гарэліка і Васіля Іванавіча Бародку.
— Дзядуля Якаў пасля вызвалення родных мясцін быў залічаны ў рэгулярную армію і дайшоў да Берліна, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Дзядуля Вася атрымаў раненне і пасля шпіталя застаўся ў Лідзе, дзе працягваў змагацца з бандытамі і былымі паліцаямі. Ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны і медалём “За баявыя заслугі”. А мая прабабуля Леакадзія Баляславаўна Комар выгадавала сем дачок і сына, а цяпер радуецца 15 унукам і 11 праўнукам, узнагароджана ордэнам “Мацярынская слава”, — расказаў Мікіта
Гарэлік.
Навучэнка сярэдняй школы № 20 Вікторыя Купчэўская, паказваючы вышываныя ручнікі сваёй бабулі, расказала, што ёй не давялося ўбачыць бабуліны кросны: “Калі я бяру ў рукі вышытую яе рукамі кашулю, уяўляю, як бабуля, калі была майго ўзросту, брала ў рукі ніткі і іголку і вышывала. Захавалася няшмат рэчаў з таго часу, толькі вышываныя сурвэткі, ручнікі, але кожны з іх зроблены рукамі блізкага і дарагога мне чалавека”.
Ганчарны посуд беражліва захоўваюць у сям’і Тодрык.
— Я прадстаўляю нашы сямейныя рэліквіі, зробленыя рукамі майго прадзядулі ганчара Івана Лісоўскага, — расказаў вучань сярэдняй школы № 20 Антон Тодрык. — Мой прадзед быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіўся ў палоне, а вярнуўшыся на радзіму, стаў займацца сваёй любімай справай. Пасля вайны не хапала посуду, і ён рабіў розныя гліняныя рэчы. Я ганаруся тым, што мой прадзед быў вельмі добрым ганчаром, яго вырабы зналі не толькі на радзіме. Яго запрашалі на ВДНГ у Маскву, шмат яго вырабаў знаходзіцца ў музеях
Беларусі.
Прадстаўнікі кожнай сям’і з натхненнем расказвалі пра сваіх продкаў і іх дасягненні, а таксама дэманстравалі дарагія сэрцу рэчы, якія захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне як самае вялікае багацце. Прыемна было назіраць, як школьнікі ганарацца сваімі роднымі, захоўваюць памяць пра іх.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.