Экалагічнае выхаванне — адзін з прыярытэтных напрамкаў работы педагогаў ясляўсада № 4 Ляхавіч, бо навакольны свет не толькі пашырае веды дзяцей, але і вучыць іх беражлівым адносінам да прыродных багаццяў.
Вельмі важна, каб дашкольнікі самі бачылі, як і для чаго поўзаюць мурашы, куды знікае лужына, якія насякомыя хаваюцца пад карой дрэў, як расце агародніна. Гэта куды цікавей, чым аповеды педагогаў! Таму ў нашай установе створана экалагічная сцежка, дзе малышы праводзяць невялікія даследаванні і знаходзяць адказы на пэўныя пытанні.
У якасці аб’ектаў выбраны розныя віды раслін, дрэў, насякомых, траў і птушак. Кожны з іх мае назву і таблічку. Ідучы па сцежцы разам з яе гаспадыняй Беласнежкай, дзеці з вялікай цікавасцю назіраюць за змяненнямі прыродных аб’ектаў у розныя поры года, знаёмяцца з імі ў натуральных умовах. Так, на “Лугавінцы з насякомымі” малышы з дапамогай лупы вывучаюць жукоў, матылёў, кветкі…
У зоне “Мурашнік сярод бяроз” выхаванцы назіраюць, як маленькія працаўнікі ўзводзяць вялізны дом з сухіх галінак, саломінак, ігліцы… Знікненне мурашоў з надыходам халадоў не застаецца незаўважаным. Я не даю гатовага адказу, а паступова падводжу да яго пытаннямі: “Якая зараз пара года?”, “Як вы апрануты?”, “Ці ёсць, па-вашаму, у мурашоў такая ж цёплая куртачка, як у вас?”, “Што яны будуць рабіць, каб сагрэцца?”. Такім чынам дзеці самі адказваюць на свае пытанні.
У зоне “Куточак лесу” растуць бярозы, клёны, асіны, бэз, елкі, рабіны, яблыні… Расказваю выхаванцам, што дрэвы дапамагаюць ачышчаць паветра і з’яўляюцца выдатным аб’ектам для назірання за карой, лісцем, размяшчэннем галінак, пладамі…
Бацькі зрабілі кармушкі для птушак, якія мы развесілі на дрэвах. Дзеці ўважліва назіраюць за крылатымі сябрамі і кормяць іх. Уздоўж усёй экалагічнай сцежкі развешаны шпакоўні рознай канструкцыі.
Ёсць на сцежцы лекавыя расліны, невялікі вадаём, агарод і кветнік. Дзеці з педагогамі высаджваюць агародніну, зеляніну і кветкі, даглядаюць іх, а потым з радасцю ласуюцца смачнай радыскай і карыснай морквай ці любуюцца прыгожымі кветкамі.
На сцежцы ўсталявана метэаралагічная пляцоўка, дзе малышы даведваюцца пра напрамак ветру, вымяраюць колькасць ападкаў, назіраюць за ходам сонечнага гадзінніка, адзначаюць надвор’е.
Падчас прагулак дашкольнікі гуляюць з прыродным матэрыялам (пяском, галінкамі, лісцем, жалудамі, шышкамі), удзельнічаюць у квест-гульні “Адзін, два, тры — да дрэва бяжы!”, дыдактычных і пазнавальных гульнях “Дзе расце?”, “Адгадай па апісанні”, “Чацвёрты лішні” і “Магазін кветак”, адгадваюць загадкі пра жывёл…
Экалагічная сцежка добра падыходзіць не толькі для вывучэння прыроды, гульняў і працоўнай дзейнасці, але і для аздараўлення. Дзеці змалку ведаюць: прыроду любіць — багатым быць.
Алена ЛАЎРЭНАВА,
выхавальніца ясляў-сада № 4 Ляхавіч.