Сярод аднадумцаў

- 13:34Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

У беларуска-­расійскім патрыятычным праекце “Цягнік Памяці” ўдзельнічаюць 14 школьнікаў ад Брэстчыны. 

На рахунку кожнага з іх высокія дасягненні ў вучобе, навукова-даследчай і грамадскай дзейнасці.

Адзінаццацікласнік Яўген Бурда з Маларыцкай раённай гімназіі — неаднара­зовы прызёр абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, шматгадовы член гімназічнай каманды “Што? Дзе? Калі?”.

— Я заўсёды вельмі сур’ёзна рыхтуюся да інтэлектуальных спаборніцтваў,  — гаворыць юнак. — Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ірына Іванаўна Сацюк займаецца са мной дадаткова. У алімпіядным руху ўдзельнічаю найперш для таго, каб праверыць веды па гісторыі і падштурх­нуць сябе да яе далейшага ўдумлівага вывучэння.

І.І.Сацюк звярнула ўвагу на здольнага хлопца яшчэ ў 5 класе. Сярод аднакласнікаў ён вылучаўся ўседлівасцю і вялікай дапытлівасцю. 

— Да ўрокаў Яўген заўсёды рыхтуецца грунтоўна, — адзначае настаўніца. — Яго адказы вызначаюцца глыбінёй, паўнатой і канкрэтнасцю. Для гэтага вучань абавязкова чытае дадатковы матэрыял у энцыклапедыях, даведачных выданнях і інтэрнэце.

Юнак захапіўся гісторыяй у 5-гадовым узросце. Спачатку, не ўмеючы чытаць, проста разглядаў малюнкі ў кнігах гістарычнай тэматыкі. Гэта захапіла. Паступова чытанне стала штодзённай звычкай.

— Асаблівую цікавасць выклікаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, сярэдневякоўя, — расказвае Яўген. — Любы гістарычны перыяд прыцягальны і пазнавальны. З задавальненнем чытаю матэрыялы пра вядомых людзей мінулага, якія паўплывалі на ход сусветнай гісторыі. Сёння цікаўлюся падзеямі ХIХ—ХХ стагоддзяў, у тым ліку савецкага часу. Планую звязаць прафесійны лёс з гісторыяй.

Вялікая Айчынная вайна пакінула крывавы след у гісторыі кожнай сям’і. Нягле­дзячы на тое, што прайшло 77 гадоў пасля яе заканчэння, памяць пра трагічныя па­дзеі жыве да сённяшняга часу.

Вялікая Айчынная вайна закранула і сям’ю Яўгена. Два яго прадзеды ваявалі з фашыстамі. Р.А.Курдзюк стаў партызанам у 15-гадовым узро­сце, змагаўся з ворагам да 1944 года ў складзе партызанскай брыгады імя А.К.Флягантава, затым быў прызваны ў Чырвоную Армію. Паблізу Ратна быў цяжка паранены. Баявы шлях прадзеда адзначаны медалямі.

Другі прадзед І.К.Бурда ў сакавіку 1941 года быў прызваны ў 33-гадовым узросце на трохмесячныя ваенныя зборы, якія праводзіліся на базе Брэсцкай крэпасці. У чэрвені 1941 года ён прапаў без вестак. Яўген імкнецца даведацца, як склаўся яго ваенны лёс і дзе пахаваны пра­дзед.

— Удзельнічаць у патрыя­тычным праекце “Цягнік Памяці” — вялікі гонар, — лі­чыць юнак. — Упэўнены, што падчас цікавага падарожжа набуду новыя веды пра па­дзеі Вялікай Айчыннай вайны, пашыру кругагляд. Гэта вельмі важна: без ведання свайго мінулага нельга стаць паўнавартасным грамадзянінам і патрыётам. А яшчэ “Цягнік Памяці” — гэта выдатная магчымасць наладзіць зносіны з равеснікамі з Расіі, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, атрымаць незабыўныя ўражанні на ўсё жыццё. 

30 чэрвеня Яўгену споўніцца 16 гадоў. Упершыню свой дзень нараджэння ён сустрэне не ў сям’і, а ў дарозе — сярод аднадумцаў. Гэты дзень абавязкова будзе яркім, багатым на ўражанні.

Мікалай  НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі. 
Фота аўтара.