Цэнтралізаванае тэсціраванне ў Беларусі працягваецца. Па шэрагу прадметаў абітурыенты ўжо атрымалі вынікі. У навучэнкі сярэдняй школы № 14 Баранавіч Кацярыны Рэвінскай запаветныя 100 балаў адразу па двух прадметах: беларускай мове і матэматыцы. Разам са сваімі настаўнікамі дзяўчына падзялілася сакрэтамі паспяховай здачы ЦТ.
Кацярына вучылася ў профільным фізіка-матэматычным класе і скончыла школу з атэстатам у 100 балаў і залатым медалём.
— Гэта наша зорачка. Шчасціць тым настаўнікам, каму трапляюць такія дзеці, — адзначае класны кіраўнік дзяўчыны настаўніца матэматыкі Святлана Лявонцьеўна Пошва. — Каця змагла развіць здольнасці, закладзеныя прыродай. Яна аднолькава таленавітая па ўсіх прадметах. І да таго ж вельмі працавітая, старанная, ёй усё цікава. Гэта той варыянт, калі дзіця вучыцца не для кагосьці — таты, мамы, настаўніка, не дзеля адзнакі, а дзеля цікавасці. Не таму, што так трэба, а таму, што сам працэс прыносіць задавальненне.
— Такога працавітага, упартага ў дасягненні мэт чалавека яшчэ трэба пашукаць, — гаворыць настаўніца беларускай мовы Алена Лявонаўна Стахейка. — Калі Кацярына была меншай, яна сказала такую фразу: люблю вучыцца. Гэта чалавек, які сапраўды любіць вучыцца і атрымлівае ад гэтага асалоду, які здольны аналізаваць свае памылкі і выпраўляць іх. Яна немнагаслоўная, не любіць гаварыць і ўсё даказвае справай.
Пачынаючы з 5 класа дзяўчына далучылася да алімпіяднага руху, займала прызавыя месцы. Так, у 5 і 6 класах прымала ўдзел у алімпіядах па беларускай мове, матэматыцы і фізіцы, у 9-м — па інфарматыцы, матэматыцы і фізіцы, у 10 класе — па фізіцы і матэматыцы. А вось у 11 класе Кацярына вырашыла ўвесь час прысвяціць вучобе — і вынік не прымусіў сябе чакаць!
— Вынік 100 балаў па беларускай мове быў для мяне нечаканым. Я не магла паверыць сваім вачам, калі ўбачыла яго, — дзеліцца ўражаннямі Кацярына. — Рашэнне здаваць ЦТ менавіта па беларускай мове прыняла ў мінулым годзе. У 11 класе гэты прадмет у нас выкладала Алена Лявонаўна Стахейка, вельмі моцны настаўнік. Яе вучні паспяхова здавалі ЦТ, прымалі ўдзел у алімпіядах. Я была ўпэўнена, што настаўніца добра падрыхтуе мяне без рэпетытараў. На факультатыўных занятках мы вучылі правілы, паўтаралі матэрыял, выконвалі практыкаванні, апошнія два месяцы прарэшвалі тэсты мінулых гадоў. Займалася спачатку 2—3 гадзіны на тыдзень, а апошні месяц беларускай мове ўдзяляла ўвагу кожны дзень.
Двойчы Кацярына спрабавала свае сілы і ў рэпетыцыйным тэсціраванні. Набрала спачатку 70, а потым 84 балы. Дзяўчына лічыць, што не трэба засмучацца, калі бал на РТ не такі высокі, як бы хацелася, вынік трэба ўспрымаць як дадатковую матывацыю, стымул для далейшай работы.
Як прызналася дзяўчына, самым складаным падчас тэсціравання на беларускай мове было справіцца з хваляваннем, засяродзіцца.
— Настройвала сябе, што ўсё будзе добра, усё атрымаецца. Па некаторых заданнях, у прыватнасці па марфалогіі, была крышачку няўпэўнена, аднак пасля зразумела, што і з імі справілася, — расказвае Кацярына. — А вось на тэсціраванні па матэматыцы была больш упэўненай. Нездарма ж з 5 класа сур’ёзна займалася царыцай навук. Вучылася ў профільным класе, наведвала факультатыўныя заняткі, самастойна рашала заданні са шматлікіх зборнікаў. Калі ўзнікалі цяжкасці, звярталася за кансультацыяй да настаўніцы. Былі, праўда, на ЦТ дзве задачы, над якімі прыйшлося крыху падумаць, але пастаралася — і ўсё атрымалася на найвышэйшым узроўні.
Кацярына вельмі ўдзячна сваім настаўнікам Алене Лявонаўне Стахейка і Святлане Лявонцьеўне Пошва, якія заўсёды і ва ўсім падтрымлівалі і верылі ў тое, што яна атрымае “соткі”. Спадзяецца Каця і на высокі бал цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы. Дзяўчына пакуль дакладна не вызначылася, куды будзе паступаць, аднак, магчыма, спыніць свой выбар на фізіка-матэматычным факультэце БДУ, бо ёй падабаецца праграмаванне і з гэтай справай яна хоча звязаць сваё жыццё.
— Каб напісаць ЦТ на сто балаў, простае зубрэнне матэрыялу не дапаможа, трэба любіць прадмет. І, безумоўна, шмат працаваць, — пераканана дзяўчына.
Не нашкодзь!
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Стахейка ўжо 37 гадоў працуе ў школе, паспяхова рыхтуе вучняў да рэспубліканскай алімпіяды і цэнтралізаванага тэсціравання. Галоўны прынцып работы педагога — “не нашкодзь!”. Лепш дзесьці не даціснуць, чым пераціснуць і сарваць разьбу, — лічыць Алена Лявонаўна.
— Калі бярэш вучняў з 5 класа, то потым бачыш і вынікі. Мэтанакіраваная дзейнасць дае плён, — расказвае пра сістэму работы настаўніца. — Так здарылася, што летась я пачала працаваць з адзінаццацікласнікамі: гадзіна ўрока і дзве гадзіны факультатыўных заняткаў, індывідуальныя кансультацыі. Добрая база была закладзена папярэднім настаўнікам, што немалаважна. Падрыхтоўка да здачы ЦТ заўсёды пачынаецца з тэарэтычнага матэрыялу. Памылка многіх настаўнікаў заключаецца ў тым, што яны пачынаюць дыктаваць тэорыю, а вучні пішуць доўгія канспекты. Гэта ўжо старажытнасць. Зараз адкрыў інтэрнэт, знайшоў патрэбныя даведнікі, прачытаў што трэба і вывучыў. Другім этапам з’яўляецца выкананне тэстаў па вывучанай тэорыі. Мною складзены і выдадзены зборнік тэстаў па тэорыі беларускай мовы, які выкарыстоўваю на занятках. Я імкнулася фармуляваць тэарэтычны матэрыял так, каб нават дзіця, якое лянуецца, магло праштудзіраваць усе патрэбныя раздзелы, вывучыць матэрыял па адказах. Самастойна дзеці выконвалі тэсты, абмяркоўвалі пасля гэтага свае памылкі. Вельмі важна навучыць дзіця аналізаваць тое, у чым яно памылілася. Навучэнцы павінны бачыць і разумець свае памылкі, умець выпраўляць іх. Па кожным раздзеле мы вылічвалі працэнт выканання задання. Потым ідзе трэці этап — практычная адпрацоўка матэрыялу. Гэта робіцца з дапамогай зборнікаў, сярод якіх найбольш эфектыўныя — В.М.Сіўковіч “Беларуская мова: практыкум для старшакласнікаў і абітурыентаў”; Л.А.Гіруцкая, А.П.Сахончык “Беларуская мова: заданні, практыкаванні, тэсты (дапаможнiк для падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання i экзамену)”. Наступны этап — выкананне тэстаў ЦТ мінулых гадоў. Набіццё рукі на тэстах лепш пачынаць пасля навагодніх свят. Звычайна 10 клас — паўтарэнне тэорыі, паўгода 11 класа — практыкум, а потым — выкананне тэставых заданняў. Сёлета ў чэрвені яшчэ былі заняткі, на якіх звярталася ўвага на заданні трэцяга этапу рэпетыцыйнага тэсціравання. Мы прагаворвалі ўголас усе самыя важныя моманты.
Парады ад баранавіцкіх настаўнікаў:
1. Вучыць прадмету з 5 класа. Прычым галоўнымі матыватарамі і натхняльнікамі павінны стаць педагогі і бацькі.
2. Павышаная ўвага тэарэтычнаму матэрыялу, бо без тэорыі практыка не будзе паспяховай.
3. Вучыць школьнікаў аналізаваць свае памылкі і выпраўляць іх.
4. Павышаць чытацкую дасведчанасць вучняў. Часта заданні ЦТ падаюцца складанымі менавіта таму, што іх умова проста незразумела многім вучням.
5. Карыстацца вучэбнай і навукова-метадычнай літаратурай.
6. Сачыць за тэндэнцыямі. Педагог павінен адсочваць сучасныя тэндэнцыі ў фарміраванні заданняў ЦТ і рыхтаваць да іх навучэнцаў.
Па-рознаму дзецям даецца вучэбны матэрыял. Аднак, па меркаванні настаўніцы, асаблівае значэнне пры падрыхтоўцы да ЦТ трэба ўдзяляць марфеміцы і спосабам словаўтварэння, а таксама фразеалогіі, арфаэпіі, акцэнтаваць увагу на слоўнікавых словах. А яшчэ: не загружаць дзяцей лішнім — настаўнікі павінны самі дакладна ведаць заданні, якія даюцца на тэсціраванні. І тады поспех сапраўды будзе.
Рашаць, рашаць і яшчэ раз рашаць!
Святлана Пошва ў педагогіцы таксама больш за 30 гадоў. Выкладала ў Кацярыны матэматыку з 5 класа, праводзіла ўрокі ў профільным фізіка-матэматычным класе, дзе на прадмет адводзілася шэсць гадзін у тыдзень, факультатыўныя заняткі. 100-бальны вынік не стаў для настаўніцы нечаканасцю, бо дзяўчына мэтанакіравана ішла да яго. На рэпетыцыйным тэсціраванні яна атрымала 98 балаў.
— Самае галоўнае ў падрыхтоўцы — глыбокая прапрацоўка той ці іншай тэмы. Другое, вельмі важна звязаць вывучаныя тэмы, паказаць іх не абасоблена, а ў сістэме, бо тэставыя заданні адрозніваюцца ад астатніх тым, што ў адным заданні веды правяраюцца адразу па некалькіх тэмах. Для візуальнага ўспрымання і лепшага засваення вучнямі матэрыялу прымяняю розныя табліцы, схемы, алгарытмы, якія складаю сама. Трэцяе — адпрацоўваць тэхніку тэсціравання. Я прыхільніца таго, што вучні хутка праглядаюць усе заданні ад першага да апошняга і робяць тыя, у якіх дакладна ўпэўнены. Бывае часам, што дзеці возьмуцца за задачу больш складаную, а яна не атрымліваецца, і ў іх узнікае стрэсавая сітуацыя. Варта адкласці гэтую задачу, а праз некаторы час вярнуцца да яе. Прычым не трэба шукаць памылку ў папярэднім варыянце рашэння, трэба пачынаць рашаць наноў. Карысна таксама паўтарыць перад тэсціраваннем важныя формулы па геаметрыі, трыганаметрыі. Праблема нашых вучняў у тым, што яны вельмі няўважліва чытаюць заданні. Пры падрыхтоўцы педагогу важна памятаць, што самае цяжкае для вучняў — гэта стэрэаметрыя. Ім складана мысліць абстрактна, і прасторавыя ўяўленні часта пакідаюць жадаць лепшага. А таму на гэта трэба звяртаць павышаную ўвагу.
Асноўныя дапаможнікі, якія настаўніца выкарыстоўвае пры падрыхтоўцы дзяцей: Г.Мамантава “Матэматыка. Падрыхтоўка да ЦТ”; В.Верамянюк, В.Кажушка “Практыкум па матэматыцы. Тэсты 100 балаў”; А.Азараў “Матэматыка. Дапаможнік для падрыхтоўкі да ЦТ”; С.Барвянок, Т.Бахціна “Матэматыка ЦТ. 60 урокаў” і інш. А яшчэ Святлана Лявонцьеўна аддае перавагу старым правераным часам падручнікам для 8—11 класаў К.Ананчанкі, якія разлічаны на вывучэнне матэматыкі на паглыбленым узроўні.
Як адзначае С.Л.Пошва, формула паспяховасці: рашаць, рашаць і яшчэ раз рашаць. Як бачым, падрыхтоўку да ЦТ можна параўнаць са спортам, калі пастаянна трэніравацца — вынік абавязкова будзе.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.





