Баравікоўцы ў Мінску

- 13:13Выхаванне, Выхаваўчая работа

Апошні дзень работы аздараўленчага лагера “ЭКАстыль” Баравікоўскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна запомніўся паездкай у Мінск.

Экскурсія стала магчымай дзяку­ючы садзейнічанню дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігара Паўлавіча Таўтына і падтрымцы генеральнага дырэктара ААТ “Светла­горскХімвалакно” Васіля Васільевіча Касцюкевіча. Яшчэ напярэдадні Дня Перамогі ва ўстанове прайшоў урок памяці “Нам гэты мір завешчана берагчы”. Пачэсным госцем тады стаў Ігар Паўлавіч Таўтын. Ён падзяліўся “старонкамі памяці” сваёй сям’і ў летапісе Вялікай Айчыннай і прапанаваў дзецям прыехаць на яго непасрэднае месца работы. 

Прайшло паўтара месяца падрыхтоўкі. І вось нам пашчасціла наведаць Палату прадстаўнікоў. Там мы пабывалі ў кабінеце дэпутата. Здавалася б, звычайны кабінет, але… адзін з тэлефонаў — з дадатковай ступенню абароны. Цікава. Нам далі агульную інфармацыю аб складзе палаты, крытэрыях кандыдатаў для выбрання ў дэпутаты, азнаёмілі з гісторыяй і прынцыпамі работы, асноўнымі кампетэнцыямі дэпутатаў, некаторымі тонкасцямі заканатворчасці. У Авальнай зале кожны на хвілінку стаў больш дарослым. Мы ўбачылі, дзе праходзяць пасяджэнні, нам расказа­лі, як ажыццяўляецца пераклад, калі Авальную залу наведваюць прадстаўнікі замежных дэлегацый. Уразіла пяцітонная люстра, натхніла фота з дэпутатам.

Потым нас запрасілі ў Прэзідэнцкую бібліятэку — адну з найбуйнейшых навуковых спецыялізаваных бібліятэк краіны. Не лішнім будзе адзна­чыць, што супрацоўнічаем мы не першы год, а вось прыехаць удалося ўпершыню. У структуры бібліятэкі 13 аддзелаў. Мы наведалі аддзел старадрукаваных і рэдкіх выданняў— асаблівую гордасць біб­ліятэкі, убачылі першыя варыянты Канстытуцыі БССР і першыя пашпарты, дакрануліся да выданняў, якім больш за 200 гадоў. У чытальнай зале нам расказалі гісторыю стварэння бібліятэкі, аднаўлення помніка У.І.Леніну перад будынкам, паведамілі пра значнасць і ўнікальнасць фондаў, што знаходзяцца ў бібліятэцы.

У гэты дзень мы наведалі навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах, Курган Славы і Лінію Сталіна. Чарговы раз паглыбіліся ў гісторыю нашай краіны, усведамляючы, што па­мяць— гэта адказ на пытанне, хто мы і што мы значым…

Іна ГОШКА, 
дырэктар Баравікоўскай сярэдняй школы
Светлагорскага раёна.
Фота аўтара.